26 лістапада, у дзень, калі Уладзіміру Сямёнавічу споўнілася б 85, у мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» сабраліся яго сваякі і сябры, калегі і знаёмыя, чытачы і прыхільнікі творчасці. Арганізавалі вечарыну ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і кампанія «Будзьма беларусамі!»
На вечарыне, якую вёў Старшыня ГА “СБП”, празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч, быў прэзентаваны новы, 78-ы нумар часопіса з унікальнай публікацыяй дзённіка Уладзіміра Караткевіча, выдадзенай дзякуючы пляменніцы класіка — Алене Сінькевіч.
Спадарыня Алена ўзяла ўдзел у імпрэзе і выступіла з расповедам пра Уладзіміра Сямёнавіча, пра працэс падрыхтоўкі рукапісу да друку, пра ўражанні ад яго прачытання і ўвогуле пра асобу Караткевіча.
Цягам вечара гучалі ўспаміны сяброў пісьменніка, вершы, прысвечаныя яму, а таксама песні на ягоныя тэксты. Гучаў голас самога Уладзіміра Сямёнавіча, запісаны Сяргеем Панізнікам і выдадзены на дыску ў межах праекта “Галасы”.
Уладзімір Караткевіч, справа ўверсе: разам з Рыгорам Барадуліным. Здымкі з архіваў Рыгора Барадуліна і Сяргея Панізніка
Выступае Барыс Пятровіч
Алена Сінькевіч
Былі паказаныя фотаздымкі з архіву Рыгора Барадуліна, які блізка сябраваў з Караткевічам. Яны, нашыя класікі, на гэтых супольных фота — маладыя, адкрытыя, усмешлівыя, а часам па-філасофску задумлівыя — якраз такія, як пра іх гавораць блізкія і сябры.
Злева: Сяргей Панізнік і Людміла Паўлікава-Хейдарава
Гурт “Нельга Забыць” з песнямі на вершы Уладзіміра Караткевіча
Уверсе: Усевалад Сцебурака, ніжэй: Барыс Пятровіч, Леанід Дранько-Майсюк
Гісторыя сяброўства ў аўтографах: Уладзімір Караткевіч — Сяргею Законнікаву
Уверсе: прамаўляе Сяргей Законнікаў, унізе: спявае Анатоль Івашчанка
Уладзімір Арлоў
Злева направа: Уладзімір Някляеў, Анатоль Верабей; Алесь Камоцкі
Асобна было адзначана пра выданне Поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча (як расказаў даследчык, кіраўнік гэтага праекта Анатоль Верабей, на дадзены момант ёсць ужо 10 тамоў з меркаваных 25-ці).
Гервасій Выліваха. Аўтар: Генік Лойка
Скульптар Генік Лойка прадэманстраваў макет фантана для горада Рагачова, галоўны герой якога — Гервасій Выліваха з Караткевічаўскай “Ладдзі Роспачы”.
На завяршэнне вечарыны кожны ахвотны змог атрымаць новы нумар “Дзеяслова”.
Тэкст, фота і аўдыя: Віка Трэнас, для lit-bel.org