На цырымоніі ўручэння ўзнагарод Ultra-Music Awards — 2011, якая прайшла ў мінскім клубе Re:Public 11 сакавіка, “Праектам года” паводле версіі рэдакцыі сайта стала “Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2”.
Атрымаўшы статуэтку, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка перадаў віншаванні ўсім удзельнікам праекту, расказаў пра складанасці, што ўзнікалі на шляху яго ажыццяўлення кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і парталам “Тузін Гітоў”, і адзначыў:
“Я перадусім хацеў бы сказаць, што гэта перамога ўсяго калектыву. Я ганаруся гэтым праектам, да якога далучыўся. Складана было не толькі ў перакладах, але яшчэ і ў перамовах. Калі мы патэлефанавалі Аляксандру Рыбаку і сказалі, што трэба праспяваць па-беларуску, ён адразу ж згадзіўся. Але калі даслалі яму тэкст, ён сказаў: “Я забыў беларускую мову”. Мы папрасілі ягоную маму, каб яна яго навучыла яшчэ раз, як гаварыць па-беларуску. І, дарэчы, атрымалася ў Аляксандра вельмі файная песня. Дзякуй Алёне Свірыдавай за тое, што зрабіла песню вельмі яркай. Канечне, вельмі ўдзячны таксама Алегу Скрыпку з “Вопляў Відаплясава” — ён выдатна прэзентаваў “Краіну мрій”. Шчыры дзякуй, “Тузін”! Шчыры дзякуй, “Будзьма! Перазагрузка-2″! Гэты прыз для мяне і для вас!”
“Вы нават не ўяўляеце, колькі сіл і энергіі мы патрацілі на падрыхтоўку гэтага мерапрыемства. Па-першае, мы ўзнагароджваем пераможцаў галасавання ў намінацыях “Найлепшы беларускі альбом”, “Найлепшая беларуская песня”, “Найлепшы замежны альбом”, “Кліп года” і “Канцэрт года ў Беларусі”. А таксама ўручаем сёння сем рэдакцыйных узнагарод музыкам, якія, на нашую думку, самыя-самыя. Але гэтых самых-самых летась было вельмі шмат”, — падкрэсліў галоўны рэдактар партала ultra-music.com Вячаслаў Радзівонаў.
У пяцігадзінным марафоне ўзялі ўдзел шэсць гуртоў — пераможцаў Ultra-Music Awards 2011. Першымі падняліся на сцэну пераможцы ў намінацыі “Адкрыццё года” — гурт The Stampletons. Выдатна завялі публіку наступныя намінанты ў катэгорыі “Дэбют года” — Monkey Bite.
“За ўклад у развіццё беларускай музыкі” ўзнагароду атрымала этна-трыа “Троіца”. Спадар Кірчук праспяваў некалькі кампазіцый з “Зімачкі” і абрадавыя песні, якія прыносяць, як лічылі нашы продкі, шчасце і дапамагаюць яго захаваць.
Затым на сцэне апынуўся “цэлы цэнтнер жывога року” ў асобе Аляксандра Памідорава і яго гурта Pomidor/Off, якія перамаглі з альбомам “Патас / Папса / Прапаганда” ў намінацыі “Найлепшае (рок-)выкананне”. “Цікава неяк атрымалася — не ігралі, але выйгралі”, — здзівіўся Аляксандр Памідораў і пачаў выступ са старэнькага.
А пераможцы ў намінацыі “Найлепшая беларуская песня” за песню пра цяжкае жыццё кампутарнага “бота” — гурт IQ48 — зразумела, не маглі не выканаць “Аўтабан”. Слоган “IQ48 — здаровыя лосі” доўга яшчэ не заціхаў ў зале.
Прызёрам у намінацыі “Найлепшы беларускі альбом” паводле версіі сайта стаў гурт “Петля Пристрастия” за сваю завадную “Гипнопедию”. “Выдатна выглядаеце для людзей, якія ўжо мусілі стаміцца!” – павітаў публіку лідар гурта Ілля Чарапко.
“Дзякуй, што нас падтрымліваеце і ходзіце на канцэрты. Мы, музыкі, жывем і ўсё гэта робім дзеля вас!” — неаднаразова гучала са сцэны.
Аднак не ўсе лаўрэаты, з розных, не залежных ад арганізатараў прычынаў, змаглі ў гэты дзень прысутнічаць на мерапрыемстве. Так, статуэткі дасталіся: за “Найлепшы замежны альбом” — “I’m With You” Red Hot Chili Peppers, за “Найлепшую замежную песню” — “Rolling in the Deep” Adele, за “Найлепшы беларускі альбом” — “Весёлые картинки” “Ляпісу Трубяцкому”. Яшчэ адзін гурт, што адсутнічаў на ўзнагароджанні, — Litesound — атрымаў статуэтку за “Найлепшы беларускі кліп” “See You in Vegas”.
Харызматычныя вядоўцы імпрэзы Рыгор Пятровіч Белка і Валера Осіпчык цягам усяго мерапрыемства не стамляліся весяліць і разыгрываць публіку: то бралі на сябе ролю бюро сацыяльнай падтрымкі (хто страціў партманэ?), то адпускалі жарты пра гурты, якія ў гэты час рыхтаваліся да выступу, нават прапанавалі прысутным падпісацца за наданне песні Аляксандра Саладухі “Здравствуй, чужая милая” статусу нацыянальнага гімна і правялі акцыю па зборы сродкаў на новую песню для Аляксандра (падпісалася аж 16 чалавек!). На жаль, сродкаў было сабрана недастаткова нават для праезду ў аўтобусе экспрэс-маршруту (1870 рублёў).
У канцы вечара на сцэну паднялася каманда сайта Ultra-Music, без якой не было б гэтага мерапрыемства. “У наступным годзе будзе круцей!” — абяцаюць арганізатары.
СПІС ПЕРАМОЖЦАЎ
Пераможцы па выніках галасавання наведвальнікаў сайта:
«Лепшы замежны альбом» – Red Hot Chili Peppers «I’m With You»
«Лепшая замежная песня» – Adele «Rolling in the Deep»
«Лепшы беларускі альбом» – Ляпис Трубецкой «Весёлые картинки»
«Лепшая беларуская песня» – Не прислоняться the band «Осторожно»
«Лепшы беларускі кліп» – Litesound “See You in Vegas»
«Канцэрт года ў Беларусі» – Канцэрт 30 Seconds to Mars у Мінску
Узнагароды рэдакцыі сайта:
«Адкрыццё года» – The Stampletons
«Дэбют году» – Monkey Bite
«За ўклад у развіццё беларускай музыкі» – Этна-трыо «Троіца»
«Праект года» – «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2 »
«Лепшае (рок-) выкананне» – Pomidor/Off «Патас/Попс/Прапаганда»
«Лепшая беларуская песня» – IQ48 «Аўтабан»
«Лепшы беларускі альбом» – Петля Пристрастия «Гипнопедия»
Зарына Кандрацьева
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч