Упершыню за 12 гадоў этна-трыа “Троіца” завітала ў Магілёў

19.09.2011 Музыка

“Упершыню за 12 гадоў этна-трыа “Троіца” завітала ў Магілёў”, — вымавіў гуру беларускага фолку Іван Кірчук, распачаўшы выступ “Троіцы” 15 верасня ва ўтульным магілёўскім драмтэатры.

Канцэрт быў выбітным і класічным адначасова: доўжыўся класічныя паўтары гадзіны з двума бісамі. Зала “пад жырандолю” была поўная класічным “траецкім” гледачом: прыгожыя разумныя твары, розны ўзрост, розныя жыццёвыя заняткі, але агульная неабыякавасць да беларускасці і сапраўднага мастацтва. Дарэчы, паштоўкі “Будзьма беларусамі!”, што былі шчодра раскладзеныя па ўсім тэатры, разышліся па руках імгненна, і можна было пачуць ад тых, што прыйшлі апошнімі: “Вой, а дзе такія ёсць яшчэ?”

Як высветлілася, гэты канцэрт трыа – не шараговы выступ, а канцэрт-прэзентацыя апошняга сёлетняга альбома “Зімачка”, арганізаваны ПАН-студыяй пры ўдзеле грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. ПАН-студыя разлічвае правезці гэтую праграму па ўсіх буйных гарадах Беларусі. Першы, магілёўскі, канцэрт туру дае вялікую надзею на поспех праекту. Прыгажуня Наталля, галоўны адміністратар тэатра, аўтарытэтна супакоіла: “Не сумнявайцеся, людзі згаладаліся па сапраўдным, сваім, ды такім прыгожым. Я чула гэты альбом на дыску, але жывы выступ – гэта і моц, і слёзы, і радасць. Непараўнальна і неапісальна! Людзі пойдуць”.

Пасля канцэрту ў фае тэатра шаноўнага Івана Іванавіча абступілі колькі дзясяткаў узрушаных гледачоў на абвешчаную аўтограф-сесію. У хвасце гэтай чаргі чакала маладая пара: дзяўчына сядзела на лаве, а побач, трымаючы яе за руку, сам сабе танчыў чарнявы хлапец. Дзяўчына цягнула яго на лаву, прыгаворваючы: “Ну ўжо супакойся, пасядзі са мною…” Хлапец на колькі секундаў прысеў, потым зноў падскочыў са словамі: “Не магу сядзець! Мяне прэ! Так прэ!” Элегантная жанчына сталага веку, відавочная тэатральная заўсёдніца, усміхнулася хлопцу і шэптам прамовіла: “Мяне таксама!”

Ну што дадаць? Сачыце за рэкламай!

Тэгі: