Упершыню на беларускай мове – біяграфія Юзафа Пілсудскага! – 23 мая

21.05.2018 Афіша

Па-беларуску выйшла кніга пра жыццё і дзейнасць галоўнага героя адроджанай у ХХ ст. Польшчы.

– Якіх палітычных поглядаў ён прытрымліваўся?

– Да якой належаў нацыянальнасці?

– Як яму ўяўлялася рэанімаваная Польшча?

– Чаму атрымалася не так, як задумваў Пілсудскі?

– Што падштурхнула яго да перавароту 1926 года?

– Пілсудскі – Беларусь: якім быў вопыт стасункаў?

Гэтыя і многія іншыя пытанні турбавалі аўтара – вядомага ў Польшчы гісторыка, прафесара Уладзімежа Сулею.

Pilsudski-prezentacja-23.05.2018-AFISZ

У Польшчы яго біяграфічны твор вытрымаў два выданні, кніга перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў. Даследаванне прафесара абапіраецца на шырокую базу разнастайных дакументальных крыніц – ад сведчанняў сучаснікаў і самога Пілсудскага да архіўных матэрыялаў і навуковых распрацовак вучоных. Аўтару ўдалося стварыць грунтоўнае і дакладнае апісанне фігуры Пілсудскага як простага, сціплага чалавека і вядучага палітычнага дзеяча эпохі.

Кніга Уладзімежа Сулеі «Юзаф Пілсудскі» выйшла з друку літаральна на днях у выдавецтве «Янушкевіч» пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Пераклад Яўгена Салейчука.

Усіх ахвочых запрашаем на прэзентацыю кнігі. У ёй прымуць удзел аўтар Уладзімеж Сулея, беларускія гісторыкі, выдавец Андрэй Янушкевіч. Мадэратарам сустрэчы выступіць Анатоль Трафімчык.

Прэзентацыя адбудзецца 23 мая а 18-й гадзіне ў канферэнцыйнай залі гатэля «Манастырскі» (Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6).

Паводле прэс-рэлізу