Не так даўно ўпершыню за 45-гадовую гісторыю Гомельская дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога ў яго сценах быў абаронены дыпломны праект па-беларуску. Яго аўтар – Андрэй Грабянчук – скончыў навучанне па спецыяльнасці “Прамысловая электроніка”. Kli4nik.info пабываў на абароне дыплома.
Ужо па дарозе да патрэбнага кабінета кінуліся ў вочы беларускамоўныя надпісы ў калідоры: рознага кшталту шыльдачкі, электронны бягучы радок. Як вядома, для тэхнічнага ўніверсітэта – не толькі гомельскага, а, бадай, любога ў Беларусі – гэта нонсэнс. Да ўсяго гэтага спрычыніўся Юрый Крышнёў – загадчык кафедры “Прамысловавя электроніка” Менавіта Юрый Віктаравіч і быў навуковым кіраўніком Андрэя Грабянчука.
У сваім дыпломным праекце Андрэй распрацаваў сістэму кіравання газавай блокавай гарэлкі для катлаагрэгата. Студэнт выступіў перад камісіяй, тлумачучы прынцып работы сістэмы з дапамогай загадзя падрыхтаваных схем і табліц, а потым прадэманстраваў работу аўтаматыкі катла на рэальнай праграмна-апаратнай мадэлі. Цудаў ад камісіі чакаць не давялося: пытанні задаваліся на расейскай мове, але іх было няшмат. Пазней усе яе ўдзельнікі пацвердзілі адзнаку рэцэнзента, ацаніўшы праект у 10 балаў.
Андрэй Грабянчук працуе слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў у ААТ “Рэчыцкі метызны завод”, і распрацаваную сістэму плануе ў будучым укараніць у вытворчасць. Яна будзе, на думку студэнта, мець значныя перавагі перад старымі сістэмамі:
– Акрамя тэхнічнай, тут ёсць і эканамічная карысць. Па-першае, гэтая сістэма больш надзейная. Па-другое, будуць меншымі выдаткі на электраэнэргію. Менш патрэбна прыцягваць увагу аператара пры рабоце катла. Гэта сучасная сістэма, у адрозненне ад той, якая зараз існуе, з сучаснымі вымяральнікамі і датчыкамі.
Ва ўніверсітэцкіх сценах сутыкнуліся два аднадумцы – выкладчык і студэнт – і стварылі прэцэдэнт, які прывабіў увагу журналістаў і грамадскасці. Ці дачакаемся мы ўрэшце рэшт часу, калі такія падзеі стануць штодзённымі і перастануць быць інфармацыйнай нагодай?
Аб асаблівасцях працы над дыпломным праектам па-беларуску нам распавялі Андрэй Грабянчук і яго навуковы кіраўнік ЮрыйКрышнёў.
– Ні па эканоміцы, ні па тэхніцы такіх выпадкаў у нашым універсітэце не было, – кажа загадчык кафедры. – Мы з Андрэем прайшлі шлях цалкам па-беларуску. Усе дакументы, нават водгукі і рэцэнзіі ў нас па-беларуску. Заўсёды прыемна слухаць абарону, калі ўсё зроблена ад душы, калі бачна, што чалавек уклаў шмат высілкаў, падрыхтаваў стэнд, усё зрабіў самастойна і на высокім узроўні. За некаторы час на кафедры мы падрыхтавалі людзей. Калі паседжанні кафедры, аб’явы, дакументазварот па-беларуску, гэта ўжо не з’яўляецца сенсацыяй. Канешне, бывае, калі пачынаю падчас абмеркаванняў нейкіх навуковых момантаў залазіць далёка ў законы Біа– Савара– Лапласа, пачынаецца напружанне.
– Былі прабелы з перакладам тэрмінаў, – прызнаецца Андрэй Грабянчук, –але разам з Юрыем Віктаравічам мы ўсё вырашалі. Калі ўжо напісаў дыплом, то ўзнікла думка, што трэба было нешта раней спрабаваць пісаць па-беларуску, быў бы вопыт. Канешне, Юры Віктаравіч мяне накіраваў да напсіання па-беларуску, пааябцаў, што мы справімся і ўсё будзе добра. Без яго я напісаў бы па-руску. Сам бы я хацеў напісаць на беларускай мове, але без яго дапамогі ў мяне наўрад ці атрымалася.
А як абстаяць справы з роднай мовай у іншай тэхнічнай ВНУ Гомеля – Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту? Былы яго студэнт і старшыня абласнога ТБМ Яўген Якавенка сцвярджае, што таксама быў у свой час першапраходцам, абараняючы дымлом па-беларуску:
– З 4-га курса пачаў пісаць усе работы – канспекты, кантрольныя ды курсавыя – па-беларуску, у тым ліку і дыплом. Перашкодай мова не стала, у пэўных выпадках нават дапамагала. Так, напрыклад, быў выпадак, калі маю курсавую нават не чыталі (я гэта зразумеў, калі сам потым там знайшоў пэўныя недарэчнасці, да якіх маглі быць пытанні), але прынялі. З тэрміналогіяй праблем не было ніякіх. Ёсць электронныя перакладчыкі, слоўнікі, большасць тэрмінаў перакладаюцца, некаторыя ледзь не сам выдумляў па аналогіі з чымсьці, напрыклад, “засцерагальнік” або “вечка колавага рэдуктара”. У мяне быў малады кіраўнік дыплома Мікалай Аляксандравіч Аляшкевіч, які вельмі станоўча паставіўся да маёй мовы, задаваў цікавыя пытанні, што значыць тое ці іншае слова. Я думаю, што быў першы студэнт у БелДУТе, які абарняўся па-беларуску, інакш я пра гэта дакладана б ведаў. А зараз выходзіць, што, відаць, і першы “тэхнар” у Гомелі, які абарняў дыплом на першай дзяржаўнай мове. Вельмі прыемна, што зараз Андрэй пераняў эстафету і даказаў, што немагчымага тут няма анічога.
Тэгі: Гомель, Гомельшчына