Уступленне Барысава ў Еўрапейскую федэрацыю гарадоў гісторыі Напалеона абмеркавана ў Парыжы

Еўрапейская федэрацыя гарадоў гісторыі Напалеона ў бліжэйшы час перадасць беларускаму боку праект мемарандума аб уступленні Барысава ў названую арганізацыю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі.download (1)Гэта тэма была ў цэнтры ўвагі 17 лютага на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі з прэзідэнтам Еўрапейскай федэрацыі гарадоў гісторыі Напалеона Шарлем Напалеонам. Кіраўнік федэрацыі падзяліўся вынікамі паездкі ў студзені 2014 года ў Беларусь, у час якой адбыліся перагаворы з кіраўніцтвам Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама і Барысаўскага гарвыканкама па пытанні ўступлення Барысава ў Еўрапейскую федэрацыю гарадоў гісторыі Напалеона.

У ходзе перагавораў у пасольстве Беларусі ў Парыжы было адзначана, што ўступленне Барысава ў федэрацыю будзе садзейнічаць росту турыстычнай прывабнасці беларускага горада і месц, звязаных з гісторыяй вайны 1812 года, развіццю кантактаў у культурна-гістарычнай сферы з гарадамі – членамі федэрацыі.

Шарль Напалеон паведаміў аб падрыхтоўцы Еўрапейскай федэрацыяй гарадоў гісторыі Напалеона генеральнай канферэнцыі федэрацыі, якая адбудзецца ў 2014 годзе ў Іспаніі. У выпадку падпісання з боку Барысава мемарандума прадстаўнікі беларускага горада таксама будуць запрошаны да ўдзелу ў пасяджэнні.

Павел Латушка і Шарль Напалеон абмеркавалі таксама магчымасць правядзення ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі выстаўкі па праекце “Напалеон і Еўропа”, падрыхтаванай Еўрапейскай федэрацыяй гарадоў гісторыі Напалеона.

Еўрапейская федэрацыя гарадоў гісторыі Напалеона створана ў 2004 годзе. У яе склад уваходзіць больш за 60 гарадоў Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краін. Галоўнымі мэтамі федэрацыі з’яўляюцца аб’яднанне і развіццё супрацоўніцтва паміж гарадамі – удзельнікамі федэрацыі, развіццё турыстычных кантактаў, арганізацыя сумесных культурных праектаў, падтрымка супрацоўніцтва вучоных-гісторыкаў, навучальных устаноў і моладзі.

Аліна Грышкевіч, БЕЛТА 

Тэгі: , ,