«Значыць, мы робім усё слушна», — Герасіменя пра распачатую крымінальную справу

«Калі нас адзначылі, значыць, мы на добрай дарозе і робім усё слушна», — так Аляксандра Герасіменя пракамэнтавала Свабодзе навіну пра крымінальную справу супраць яе і Аляксандра Апейкіна.


Сьледчы камітэт паведаміў, што заведзеная крымінальная справы ў дачыненьні да вядомай плыўчыхі, кіраўніцы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара фонду, заснавальніка гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандра Апейкіна.

000.jpg000.jpg

Сьледчы камітэт абвінаваціў іх у распаўсюджваньні хлусьлівых зьвестак

•  пра хаду і вынікі выбарчай кампаніі,
• пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сфэрах жыцьця грамадзтва,
• а таксама ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Менавіта Герасіменю і Апейкіна Сьледчы камітэт лічыць адказнымі за

• перанос зь Беларусі буйных спартовых мерапрыемстваў,
• іміджавую і фінансавую шкоду,
• падрыў прэстыжу краіны на міжнароднай і палітычнай арэне,
• дыскрэдытацыю кіраўніцтва спартовай галіны і дзяржавы.

Справу завялі паводле ч. 3 арт. 361 — заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту. Максымальнае пакараньне — 5 гадоў зьняволеньня.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандар Апейкін знаходзяцца па-за межамі Беларусі.