«Усё вярнулася туды, адкуль мы «выцягнулі» фэст»: экс-дырэктар «Лістапада» — аб новай пастанове ў дачыненні да мінскага кінафоруму

Абноўлены аргкамітэт фестывалю з удзелам намесніка віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, міністра культуры Анатоля Маркевіча, гендырэктара «Студыі «Ваенфільм» Ігара Угольнікава і іншых чыноўнікаў, духоўна-маральныя каштоўнасці ў крытэрыях адбору фільмаў, падключэнне рэгіёнаў — Савет Міністраў апублікаваў новую пастанову Аб Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». Па просьбе Reform.news дакумент, які апісвае новы парадак правядзення кінафоруму, пракаментавала экс-дырэктар «Лістапада», экс-кіраўніца кампаніі «Арт-Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская. (З 2010 па 2020 год каманда Анжалікі рабіла кінафестываль, дамогшыся яго сапраўднага міжнароднага прызнання). «Усё вярнулася туды, адкуль мы «выцягнулі» фэст», — падсумавала яна змены ў фестывальнай палітыцы.


Anžalika Krašeŭskaja
Фота: сацсеткі Анжалікі Крашэўскай

— Важна адзначыць, што пастановы Аб «Лістападзе» мяняюцца кожны год, — удакладняе арт-мэнэджэрка. — Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры, так што, як толькі адбываюцца змены ў кадравым складзе ў гэтых і іншых ведамствах, ва Урадзе, адпаведныя змены ўносяцца ў склад аргкамітэта кінаагляду. Цяпер відавочна, што пад зацверджаны аргкамітэт выбудоўваецца і фестываль. На прыкладзе дакумента ў цэлым становіцца зразумела, куды рухаецца «Лістапад».

— Як бы вы пракаментавалі прысутнасць у аргкамітэце Ігара Угольнікава?

— СНД у палітыцы фестывалю прысутнічала заўсёды — «Лістапад» пачынаўся як фестываль кіно СНД і Балтыі. І расейскія чыноўнікі заўсёды спрабавалі лабіраваць свае інтарэсы на «Лістападзе». Іншая справа, што за той час, калі мы рабілі форум, нам удалося адысці ад гэтага курса на Расію, стрымаць уплыў расійскага боку, і зрабіць фестываль па-сапраўднаму міжнародным, еўрапейскім. Нагадаю, што мінскі форум быў акрэдытаваны ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF, у склад якой увахлдзяць такія фестывалі як Берлінале, Венецыянскі, Варшаўскі і іншыя кінаагляды. Цяпер «Лістапад» выключаны з FIAPF, адпаведна ўсё вяртаецца назад і ўплыў расійскіх дзеячаў становіцца больш прыкметным. Сёлета ў аргкамітэце заяўлены першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў, з’явіўся ў складзе таксама гендырэктар «Ваенфільма» Ігар Угольнікаў — усё гэта доказ змены курса «Лістапада».

Яшчэ можна заўважыць, што ў пастанове прапісаны ўдзел у працы кінаагляду аблвыканкамаў — гэта значыць ухіл з’явіўся яшчэ і на рэгіёны.

«Listapad-2021»
«Лістапад-2021». Фота: listapad.org

— Тое, што аргкамітэт цяпер кантралюе кожны рух выканаўцы — той арганізацыі, што робіць фестываль, — такая практыка існавала і раней? Нагадаю, што цяпер дырэкцыяй «Лістапада» з’яўляецца кінастудыя «Беларусьфільм».

— Увесь час была сітуацыя, калі мы працуем, працуем, а потым нам тыкаюць пальцам: гэта — хачу, а гэта — не хачу. Усё гэта было, так. Але зараз кантроль узмацніўся — бачна, што фестываль адаптуецца пад новых арганізатараў і іх уяўленне, якім мусіць быць «Лістапад».

У гэтым кантэксце нагадаю, што дырэкцыя «Лістапада» заўсёды выбіралася праз працэдуру тэндэру — «працэдуру дзяржаўнай закупкі тавараў (работ, паслуг)». Міністэрства культуры штогод прызначала тэндэр на правядзенне фестывалю і вызначала з варыянтаў тую арганізацыю, якая на іх погляд найлепшым чынам справіцца з задачай правядзення мерапрыемства. Мы заўсёды казалі, што гэта заганная практыка, якая ў разы ўскладняе правядзенне міжнароднай падзеі. Правесці фестываль — гэта не купіць мяшок з вуглём, але нас не слухалі. Яшчэ былі патрабаванні Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF, каб дырэкцыя кінафестывалю была пастаянна дзейнай. Гэта не арганізаваць «Навагоднюю ялінку».

У пастанове я не ўбачыла, што «Беларусьфільм» з’яўляецца дзейнай дырэкцыяй «Лістапада» — так што іх статус застаецца падвешаным: сёння яны дырэкцыя, а заўтра — невядома.

У дакуменце таксама не сказана, няма такой інфармацыі, што Аляксандр Яфрэмаў — старшыня «Лістапада».

— Трэба адзначыць, што ў праграму фестывалю, зыходзячы з пастановы, вярнулі Нацыянальны конкурс і конкурс Нацыянальных кінашкол. Прапісаны і крытэрыі адбору фільмаў для ўдзелу ў конкурсных паказах. У прыватнасці, там ёсць пункт — «увасабленне ў фільме традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцяў, гуманістычных эстэтычных ідэалаў». Ён быў раней?

— Мне складана адказаць са стоадсоткавай дакладнасцю. Але на пачатку нашай працы на фестывалі гэты пункт быў. Потым, калі «Лістапад» атрымаў міжнародны статус, магчыма, былі ўнесены змяненні ў крытэрыі адбору з аргументацыяй, што ёсць жа прыз Прэзідэнта з падобнай фармулёўкай. Цяпер гэты пункт вяртаецца ў новым кантэксце. У цэлым усё вяртаецца да таго, адкуль мы «выцягнулі» фэст. Мабыць, мы былі «выпадковай і залётнай камандай», на жаль.

Padčas pres-kanfierencyi ŭ 2024 hodzie byli prademanstravany eskizy pryza ministra kuĺtury maladym kiniematahrafistam
Падчас прэс-канферэнцыі ў 2024 годзе былі прадэманстраваны эскізы прыза міністра культуры маладым кінематаграфістам. Фота: тэлеграм-канал РВУ «Культура і мастацтва»

ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» сёлета пройдзе з 1 па 8 лістапада ў сталіцы Беларусі. Лозунг мерапрыемства — «Кіно са знакам якасці».