Мінуў роўна год, як пайшоў з жыцця вядомы дзеяч беларускай культуры і навукі Адам Мальдзіс, які неверагодна многа зрабіў для вяртання беларусам іхняй спадчыны. Ён пачаў свае росшукі яшчэ за савецкім часам, шмат паездзіў па свеце, аб чым пакінуў багатыя ўспаміны. Прапануем кароткі агляд ягоных паездак па замежжы.
Маладыя гады Адама Мальдзіса прыпалі на цікавы час. Нарадзіўшыся ў 1932 годзе, ён заспеў адлігу, якая прыйшла разам са смерцю Сталіна ўвесну 1953 года. Ягоны намеснік Георгій Малянкоў, які, канечне ж, не быў ніякім лібералам, зрабіў першыя захады па рэфармаванні вялікай краіны: пачаў змяншацца культ асобы, была знята забарона на замежны друк, пашырыліся магчымасці выезду за мяжу.
Адам Мальдзіс скончыў журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ у 1956 годзе. Пасля чаго быў размеркаваны на працу ў газету «Сцяг Ільіча», дзе сярод іншага зацікавіўся замежнай літаратурай. Пазней, ужо ў пачатку 2010-х гадоў, ён сам прыгадваў:
«Працуючы ў раёнцы, выпісваў літаратурныя газеты — балгарскую, польскую, чэшскую і нямецкую. Чытаў іх — і патрохі авалодваў мовамі. Таму першай маёй публікацыяй у “Маладосці” быў пераклад апавядання Цыліі Лачавай “Сельскі анёл” — адзін з двух маіх перакладаў з балгарскай мовы. Памятаю, аднойчы мяне нават запрасілі ў пасольства на нейкі прыём. І потым, калі ездзіў у Балгарыю на З’езд славістаў, — гэта было ўжо падчас вучобы ў аспірантуры, мне было лёгка — я сапраўды ведаў мову».
Адам Мальдзіс быў сваім для палякаў і літоўцаў, таму цалкам лагічна пачаць наш агляд менавіта з Польшчы і Літвы. Тым больш, што яшчэ ў другой палове 50-х гадоў ён узяўся даследаваць біяграфіі асобаў, якія маюць значэнне і для суседзяў — Станіслава Манюшкі, Ігната Дамейкі, Міхаіла Клеафаса Агінскага, Мечыслава Карловіча ды многіх іншых.
Разважаючы аб сваім візіце ў Польшчу ў 1963 годзе, Адам Мальдзіс па гарачых слядах піша:
«Мне вельмі спадабалася тая тонкасць, з якой палякі спалучаюць павагу да ўсяго лепшага, створанага іншымі народамі, з ушанаваннем нацыянальных традыцый. У Народнай Польшчы ўмеюць зберагаць усё тое, што засталося ад мінулых стагоддзяў. З якой любоўю адбудаваны сярэднявяковыя камяніцы на рынку Старога Мяста ў Варшаве, адноўлены тыя сімвалічныя казлы, што ў поўдзень выходзяць на балкон Познанскай ратушы. Як прадумана размешчаны экспанаты на выстаўках “450-годдзе першай польскай друкаванай кнігі” і “1000-годдзе польскай дзяржавы”, якія мне пашчасціла наведаць у Варшаве».
Варшава ў 1963 годзе. Фота з Вікіпедыі
Здаецца, яго сапраўды вабіла не светлае камуністычнае заўтра, але светлае ўчора. Працуючы ў Віленскіх архівах у 1970-я гады, Адам Мальдзіс згадвае «Лісткі календара» Максіма Танка, якія пабачылі свет у канцы 60-х гадоў і карысталіся вялікай папулярнасцю ў чытачоў. Кнігу перакладалі на расейскую і польскую мовы.
У тых дзённікавых запісах ёсць згадка аб смерці Зыгмунта Нагродскага — жывой віленскай легенды, якая сімвалічна злучала між сабой розныя пакаленні беларускіх літаратараў. Бо Нагродскі сябраваў з Францішкам Багушэвічам і быў добра знаёмы з маладым Максімам Танкам, якому распавядаў пра сваю маладосць і кола знаёмстваў.
Камітэт адбудовы Віленскага ўніверсітэта, 1919. Зыгмунт Нагродскі стаіць крайні злева
Прыгадваючы танкавы «Лісткі календара», Мальдзіс пачынае шукаць згадкі аб ім у беларускай перыёдыцы міжваеннага часу:
«Зацікавіўшыся Нагродскім, я пачаў пераглядаць беларускую перыёдыку за 1937 год. Не можа быць, каб яна не адгукнулася на смерць гэтага дзеяча жалобным некралогам! Нарэшце ў другім нумары “Калосся” знайшлася невялікая нататка. У ёй паведамлялася, што Нагродскі памёр 25 сакавіка 1937 года. Усё жыццё ён цікавіўся беларускай паэзіяй і нават сам пісаў беларускія вершы».
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Зыгмунт Нагродскі належаў у свой час да руху «краёўцаў», якіх ніяк нельга заўважыць у сімпатыі да бальшавікоў ці савецкай ідэалогіі.
Збіраючыся ў чарговую вандроўку ў 1980 годзе, Адам Мальдзіс піша такі пачатак да свайго травелогу, што хочацца ўсё кінуць ды самому пабываць у сталіцы суседняй дзяржавы:
«Жаданне паехаць у Латвію — не на дзень, не на два, а хаця б на пару тыдняў — нарадзілася ў мяне нешта з год пятнаццаць назад, калі я ўпершыню прачытаў “Казкі Янтарнай краіны” Уладзіміра Караткевіча. Неадольна захацелася самому палюбавацца пеўнікамі на стромкіх вежах старадаўняй Рыгі, пеністымі хвалямі суровай Балтыкі. Пабываць на магіле Райніса. Паглядзець славуты Латвійскі этнаграфічны музей пад адкрытым небам каля возера Юглас. Паслухаць арган у Домскім саборы. Пазнаёміцца з жыццём братняга народа».
Рыга, 1980
А ў кастрычніку 1982 года ён разам з цэлай дэлегацыяй беларускіх дзеячаў едзе на Дні беларускай літаратуры ў Польшчу. У той час у краіне генералам Войцэхам Ярузельскім было ўведзена вайсковае становішча. Адам Мальдзіс піша пра тую паездку:
«За Брэстам пачынаем пільна ўглядацца ў вокны, параўноўваем бачанае раней з цяперашнім. Ёсць прыемныя змены. Чыгунка з Брэста да Варшавы ўжо электрыфікавана. Паабапал — у Бялай Падлясцы, Седльцах, Мінску Мазавецкім — выраслі новыя заводы. Аднак некаторыя будоўлі не закончаны, закансерваваны. Па-ранейшаму на палях вузкія загоны-палоскі. І не ўсе з іх належна апрацаваны. Зразумела, што такі стан не спрыяе забеспячэнню насельніцтва харчовымі прадуктамі».
Зварот генерала Ярузельскага, у якім ён абвяшчае вайсковае становішча
А літаральна праз абзац даволі цікава распавядае аб месцы, дзе спынілася беларуская дэлегацыя:
«Пасялілі нас у атэлі “Еўрапейскі” — старамодным, але таму і выгодным. У рэстаране, дзе мы вячэраем, музыка гучыць прыглушана. І творы выконваюцца пераважна класічныя, сур’ёзныя — як і належыць у сур’ёзныя хвіліны, якія перажывае польскі народ».
Штодзённасць вайсковага становішча
У тым жа 1982 годзе Адам Мальдзіс наведвае і Лондан, дзе шукае беларускія каштоўнасці, якія пасля вайны былі вывезены немцамі і ў выніку аказаліся на чужыне. Яго дзённік пачынаецца з таго, што вылятаючы з Масквы на Туманны Альбіён, навуковец разважае на абстрактныя тэмы, якія галоўным чынам тычацца нашых скарбаў. Але нельга не ўразіцца ягонай абазнанасцю:
«Што я планаваў бы цяпер, калі б самалёт ляцеў не ў Лондан, а ў Парыж? Відаць, у першую чаргу пошукі беларускіх твораў, якія маглі быць вывезены эмігрантамі ў ХІХ стагоддзі. Напрыклад, Аляксандрам Рыпінскім, які чытаў у Парыжы першы ў свеце курс лекцый па беларусістыцы, а потым, у 1840 годзе, выдаў іх асобнай кнігай пад назвай “Беларусь”. Габрыэляй Скакоўскай, дачкой беларускага паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, якая ў 1865 годзе добраахвотна пайшла за ім у Сібір, а адтуль, пахаваўшы яго ў 1884 годзе ў Іркуцку, перабралася са сваім мужам, былым студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута (акалічнасць важная, калі ўлічыць спрэчкі пра аўтарства “Тараса на Парнасе”), у сталіцу Францыі. Добра было б пашукаць у парыжскіх бібліятэках творы В. Савіча-Заблоцкага, архіў беларуска-літоўска-польскай газеты “Грамадскі зговар”, а можа, і беларускія вершы Адама Міцкевіча, пра існаванне якіх мне гаварылі дасведчаныя асобы. У рэшце рэшт, чаму геніяльны польскі паэт не мог напісаць хаця б некалькі беларускіх твораў, скажам, у філамацкі перыяд?! Пісаў жа яго сябар Ян Чачот, які прывітаў яго вершам “Едзе міленькі Адам”! Міцкевіч мог тады адказаць нечым падобным …А што беларускую мову ён добра ведаў яшчэ з дзяцінства — пра тое сведчаць яго выказванні ў лекцыях, прачытаных у Парыжы, у Калеж дэ Франс».
Парыж, 1982
Па прылёце ў Лондан ён запісвае свае першыя ўражанні ад горада, па якіх бачна, што муляе вочы чалавеку з краіны Саветаў у капіталістычным мегаполісе:
«Па дарозе ў сваё жытло прыгледзеўся да вуліц. Многія атэлі і майстрэні названы імёнамі літаратурных персанажаў: Айвенга, Домбі і сын, Дон Жуан. Мноства ярка аформленых, але, як на нашы крытэрыі, малалюдных магазінаў. Крыклівая рэклама, якая дзейнічае на чалавека, нібы чырвонае палотнішча на быка ў час карыды, абяцае, што толькі тут ты знойдзеш “сваю ўдачу” і прытым “па смешна нізкай цане”, якая ў сапраўднасці часта аказваецца вельмі высокай. Некаторыя рэкламы робяць уражанне, адразу ўрэзваюцца ў падсвядомасць. Напрыклад: на вялізным шчыце прыгажуня трымае на выцягнутай далоні жабу ў кароне, побач стаіць пляшка “бенедыктыну”, а ўнізе — подпіс: “Вось тое самае, што ператварае жабу ў прынца!”. Пабачыўшы з дзясятак такіх шчытоў, пачынаеш сумнявацца: а можа, яно і сапраўды так?»
Лондан, 1982
Цягам свайго перабывання там ён спрабуе даследаваць жыццё горада, троху даведацца аб яго месцічах і зразумець іх:
«А яшчэ даведаўся, што жыхары брытанскай сталіцы ўцякаюць з яе. За апошнія дзесяць год насельніцтва Лондана скарацілася амаль на адну дзясятую частку, і сёння ў горадзе, калісьці адным з самых буйных у свеце, пражывае ўжо менш сямі мільёнаў чалавек. Прычыны міграцыі? Самыя розныя. Тут і беспрацоўе, і дарагоўля жыцця, і жаданне жыць на ўлонні прыроды, удалечыні ад гарадскога тлуму. Можа, і боязь той жа паводкі. І напэўна боязь, што ў выпадку, крый божа, атамнай вайны, у першую чаргу пацерпяць гарады».
Лондан, 1982
Старанна фіксуе Адам Мальдзіс і традыцыі, якія найперш звязаныя з даўніной. Запіс будзе цікавы аматарам фільма «V значыць Вендэта»:
«…Вечарам крыху спалохаўся, калі за акном раздаліся нечаканыя выбухі. Але тут жа мяне супакоілі: гэта школьнікі ўзрываюць розныя там штучкі, каб адзначыць гадавіну “Порахавай змовы” 1605 года. Жадаючы забіць караля Якава І, католікі падклалі тады пад будынак парламента некалькі бочак з порахам. Але змова была выкрыта, а яе кіраўнік, Гай Фокс, спалены на кастры. У памяць пра гэта сёння паляць на кастрах лялькі, ладзяць феерверкі, страляюць. І па традыцыі кожны раз, калі англійскі манарх збіраецца адкрываць сесію парламента ў Вестмінстэрскім палацы, яго падвалы дакладна аглядаюць, шукаючы той жа порах».
Лондан, 1982
У час знаходжання ў Лондане Адам Мальдзіс не толькі працуе з дакументамі, шукае рарытэты і каштоўную інфармацыю, але таксама наведвае цікавыя месцы і падзеі, сустракаецца з калегамі. Бываў ён і ў Скарынаўскай бібліятэцы, якой тады кіраваў айцец Аляксандр Надсан. Сярод іншага ёсць такі запіс:
«Вечарам меў мажлівасць пазнаёміцца з масіўным альбомам, пераплеценым у чырвоны аксаміт. У ім знаходзіцца каля трохсот фатаграфій, зробленых удзельнікамі этнаграфічнай экспедыцыі на Случчыну ў канцы 20-х гадоў. Дзякуючы гэтым здымкам захаваліся ўзоры народнага аддзення, дойлідства. Зафіксаваны творы мастацтва, рэчы хатняга ўжытку. Бясцэнны скарб для гісторыкаў культуры!».
Не выклікае сумневу, што гаворка ідзе пра вынікі экспедыцыі кафедры этнаграфіі Інстытута беларускай культуры, якая была арганізавана Вацлавам Ластоўскім улетку 1929 года.
Лондан, 1982
Акурат у той час па-новай разгарэлася супрацьстаянне паміж Ірландскай Рэспубліканскай Арміяй і аранжыстамі, якія падтрымліваліся брытанскімі ўладамі. З абодвух бакоў у зацятым супрацьстаянні паміж юніянісцкімі і рэспубліканскімі групоўкамі часцей за ўсё гінулі простыя людзі, аб чым таксама ёсць запіс у дзённіку Мальдзіса:
«…Вечарам, у апошніх паведамленнях, паказалі па тэлебачанні Паўночную Ірландыю, у якой вось ужо даўгія гады па сутнасці пануе рэжым ваеннай акупацыі. З-пад руін узарванага паба выцягвалі забітых і параненых. Усяго загінула 16 чалавек. А з 1967 года, як паведаміў дыктар, — звыш дзвюх тысяч… Крывавіць незагойная рана заходняга свету».
Брытанскія жаўнеры і ірландскія дэманстранты
Здаецца, куды б не трапіў гэты чалавек, паўсюдна адшукаў бы калі не выразны беларускі след, дык хоць бы нейкія сувязі таго месца з Беларуссю і апісаў бы свой там побыт такім чынам, што і праз 50 гадоў чыталася б цікава.
Л. Г., budzma.org