Вакацыі Баніфацыя: як выглядае сучасны “піянерскі” летнік. Частка чацвертая – Урачыстае расстанне, сумнае вяртанне

fota-13

Свята дзіцячай улады над выхавальнікамі – дзень самакіравання – кідала промні непадробнай весялосці ды разнастайнасці ў размераную педагагічнасць летнікавага жыцця. Выхавальнікі мусілі стаць дадатковым атрадам ды пакорліва прыняць усю непахіснасць агульналетнікавага раскладу. Дзіцячая шалёнасць, аскепкі якой засталіся ў педагагічна адукаваных сэрцах выхавальнікаў, трымцелі ў ліпеньскім паветры, нібы званы штучнай радасці.

Некалькі асабліва дэмагагічных ды змрочных выхавальнікаў адмаўлялі агульную весялосць. Да аскезы ўласных пакояў іх прыціскала адсутнасць гумару ды цяжкая, як помнік Макаранку, сур’ёзнасць.

Самы дарослы атрад ладзіў сваю першую за змену планёрку. Падчас яе нарадзіліся аднадзённыя выхавальнікі, часова адарваныя ад дзяцінства педагагічным абавязкам.

Самай ганаровай паўставала пасада выхавальнікаў над ўчарашнімі настаўнікамі. На гэтай пасадзе ўзгадваліся ўсе патаемныя крыўды. Дзеці адпраўлялі выхавальнікаў на зарадку, кідалі іх ў абдымкі шматлікіх конкурсаў ды спаборніцтваў.
Фінальны акорд змены – канцэрт ад педагогаў – мусіў стаць мудрагелістай мяшанкай талентаў, гумару, крэатыўнасці, разбаўленай меладраматычнасцю блізкага растання.

Апошні раз за тры тыдні драўляныя муры ангарападобнага клубу збіралі змяшаную масоўку дзіцячых пачуццяў.

fota-23

Фінальны канцэрт

У ноч перад канцэртам, натхнёны песнямі начных конікаў, педагагічна-крэатыўны аддзел сонна пісаў сцэнар будучага свята. Між яго сказамі асцярожна схаваліся жартоўна абыграныя падзеі летнікавай эпапеі ды аголены смутак хуткага развітання.

fota-33

Фінальны канцэрт

Апошнюю песню дзеці сустракалі святлом запальнічак ды паветранымі шарыкамі. Спалохана маўчала пажарная сігналізацыя.

Дзень ад’езду пачынаўся да ўзыходу сонца. Сустракаць світанак мусілі выправіцца найстарэйшыя дзеці.

Нявыспана і бездапаможна я будзіў некалькіх хлопчыкаў і трох дзяўчынак з майго атраду, якія прагнулі таямнічай сустрэчы з сонцам і развітальнага вогнішча.

fota-43

Світанак

Дарога праз лясны паўзмрок скончылася пошукам прамоклых дроваў ды маленькім вогнішчам. Трывожна і няўмела спявала гітара.

Дзень патанаў у валізкавым настроі ды мітусні.

fota-51

Чаканне аўтобусаў

Здавалася бялізна, пакаваліся рэчы. Выхавальнікам выдавалі дзівосную ў сваёй трагічнасці зарплату. У летнікавым паветры луналі ўсеагульнае чаканне і калектыўны сум. Утульныя аўтобусы падвялі апошнюю рысу адпачынку. Падарожжа скончылася сустрэчай з бацькамі ды развітальнымі абдымкамі. На драматычнасць вяртання грозна глядзелі вокны гарвыканкаму. Выцірала слёзы заўжды вясёлая дзяўчынка з першага атраду, яе павучала маці:

– Як прыедзеш з летніку, заўжды слёзы. Усё, больш не паедзеш.

Багаты на эмацыйныя фарбы дзіцячы натоўп разам з бацькамі хутка размеркаваўся па машынах, аўтобусах ды метро. Апошняе рэха дзіцячых галасоў знікла ў гарадскім паветры. Засталіся трое выкладчыкаў, якія накіраваліся ў адчыненую браму цывілізацыі – найбліжэйшую кавярню.