Вакцынацыя пры Covid-19. Якая стратэгія выйграшная?

Глабальнымі лідарамі па вакцынацыі ад Covid 19 з’яўляюцца Ізраіль і Арабскія Эміраты. Пасля іх ідзе шэраг краін, дзе на сотню жыхароў прывіты ад  30 да 45 чалавек. Сярод іх ЗША, Брытанія, Бахрэйн, Чылі і Сербія. 

covid-19-vaccine.jpg

Але гэтыя краіны ідуць дзвюма рознымі стратэгіямі. ЗША і бальшыня астатніх імкнуцца да таго, каб кожны, хто атрымаў першую вакцыну, атрымаў і другую праз некалькі тыдняў (акрамя вакцыны Johnson & Johnson, якая не патрабуе паўтору). Брытанія ж наадварот максімальна павялічвае колькасць людзей, якія атрымалі першы “укол” і адкладае другі на 3 месяцы. Не ўсе эксперты згодныя з такім падыходам. Да прыкладу др. Роберт Уочар з Каліфарнійскага ўніверсітэту напісаў, што адкладанне вакцынацыі на некалькі месяцаў зніжае эфектыўнасць паўторнай прышчэпкі. 

Але, тым не меней, у Брытаніі колькасць новых захворванняў знізілася на 90% у параўнанні з пікам на пачатку студзеня. Падзенне вельмі істотнае, калі паглядзець на іншыя краіны, якія ўзялі на ўзбраенне паўторную вакцынацыю. У ЗША новых захворванняў меней толькі на 70%. 

Дарэчы і смяротнасць у Брытаніі таксама знізілася. Такім чынам гэтая стратэгія прынесла імгненны вынік і скарачае шанцы для магчымага будучага ўсплёску. Чым меней людзей хварэе на каронавірус, тым менш людзей будзе заражацца. Гэта вельмі важна ва ўмовах, калі пачынае цыркуляваць больш заразны вірус. У свеце агульная колькасць людзей, што ім захварэла вырасла на 21% у лютым. 

Магчыма тым краінам, што ўжо ідуць пэўным шляхам і позна яго мяняць. Да прыкладу ў ЗША рабілі 800 000 прышчэпак у дзень у студзені, зараз робяць 2,5 млн штодзённа і плануюць павелічэнне  да 4 мільёнаў, прычым пашыраючы і колькасць месцаў, дзе можна атрымаць вакцыну. Але вось для краін, дзе вакцынацыя толькі пачынаецца, брытанскі вопыт можа быць вельмі каштоўным. Дарэчы, абапіраючыся на той жа вопыт Брытаніі можна сказаць, што і вакцыны дэманструюць сваю высокую эфектыўнасць. 

Паводле New York Times