«Калі людзі ў бядзе, калі ідзе вайна, то не паўстае ніякіх пытанняў пра дапамогу». Беларусы Батумі ўжо месяц дапамагаюць збіраць гуманітарную дапамогу ва Украіну

Прайшоў роўна месяц, як войскі Расіі пачалі ўварванне ва Украіну. У першыя дні вайны ў розных гарадах Еўропы людзі арганізавалі штабы і валанцёрскія кропкі для збору гуманітарнай дапамогі Украінцам. Адна з валанцёрскіх кропак працуе ў грузінскай сталіцы Аджарыі Батумі. Тут жыве шмат беларусаў, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, былі вымушаны пакінуць Беларусь. Budzma.org паразмаўляла з беларусамі, якія дапамагаюць збіраць гуманітарную дапамогу для Украіны ў Батумі.


Акцыя салідарнасці.jpg
Акцыя салідарнасці з Украінай у Батумі. Фота аўтара

«Гэта вайна ўсяго цывілізаванага свету з ардой»

Аляксей прыехаў у Батумі з Мінска. Ён жыве тут са сваёй жонкай ужо некалькі месяцаў. Яны дапамагаюць валанцёрам купляючы медыкаменты, загружаючы альбо разгружаючы гуманітарныя грузы.

«Мы купляем, што патрэбна для гуманітаркі, што ёсць у валанцёрскіх спісах. Дапамагаю з разгрузкай, пагрузкай, а таксама ходзім на акцыі. Дапамагаем чым можам. Не ўсё можам дастаць на тым месцы, дзе знаходзімся [у Батумі — заўв. Budzma.org]. Патрэбна багата чаго, і медыкаменты, і амуніцыя, не толькі салдатам, але і людзям, якія вымушаны хавацца ад бамбёжак і абстрэлаў. Патрэбна літаральна ўсё. І цёплыя рэчы, і кансервы, і медыкаменты», — распавёў Аляксей.

Аляксей лічыць, што вайна якую пачаў Пуцін і наша ў тым ліку. «Гэта вайна ўсяго цывілізаванага свету з ардой. І Украіна не павінна прайграць. Мы ўсе верым, што яна пераможа, і тут ў тыле мы павінны рабіць усё для гэтай перамогі».

Адэсская тэрабарона ад беларусаў Батумі.jpg
Дапамога тэрабароне Адэсы ад беларусаў Батумі. Крыніца: Тэлеграм-канал валанцёраў Батумі.

«Калі людзі ў бядзе, калі ідзе вайна, то не паўстае ніякіх пытанняў пра дапамогу»

Андрэй жыве ў Батумі з лета 2021 года. Ён дапамагаў Украіне яшчэ ў 2014 годзе, калі жыў у Беларусі. Ён з сябрамі збіраў рэчы, грошы на аўтамабілі і медыкаменты. Такую дапамогу накіроўвалі украінскім вайскоўцам, а таксам людзям, якія былі вымушаны з’ехаць з Данбаса.

Адэсская тэрабарона ад беларусаў Батумі 2.jpg
Скрынкі з дапамогай жыхарам Украіны і ВСУ ад штаба валантораў у Батумі. Крыніца: Тэлеграм-канал валантораў Батумі.

«У мяне родныя жывуць каля Данецка ў Канстанцінаўцы, гэта прыгарад Данецка. Калі людзі ў бядзе, калі ідзе вайна, то не паўстае ніякіх пытанняў пра дапамогу. Цягаю рэчы, разгружаю рэчы, а таксама сартую іх».

Акрамя гэтага, Андрэй распаўсюджвае ўкраінскую сімволіку. «Кашулькі, налепкі, якія распавядаюць пра накірунак рускага карабля. Я зусім не ведаю, што значыцца не дапамагаць. У такіх умовах, валанцёрства — чым магу, тым дапамагаю», — кажа Андрэй.

Як толькі пачалася вайна, Андрэй аддаў сваю аптэчку з усімі лекамі, што ў яго былі. «Прынёс цэлую скрынку з беларускімі і замежнымі лекамі. Яе рассарціравалі, адправілі ва Украіну. Аддаў свой паўэрбанк, бо салдатам спатрэбіцца. Дапамагаю кампанаваць скрынкі для тэрабараоны, накаленнікі і налакотнікі. Я ведаю, дзе тут у Грузіі можна іх набыць. Ці ў якія крамы звярнуцца альбо накіраваць людзей па ліхтарыкі, боты і берцы».

На пачатку сакавіка Андрэй зладзіў дабрачынны аўкцыён у кавярні, якую адкрылі беларусы ў Батумі. На частку заробленых грошай набыў лекі і ежу. Пасля чаго перадаў ў штаб дапамогі.

Дапамога Украінцам 5.jpg

Дапамога Украінцам 3.jpg

Дапамога Украінцам 4.jpg
Дапамога тэрабароне Адэсы ад беларусаў Батумі. Крыніца: Тэлеграм-канал валанцёраў Батумі.

«Заўсёды трэба разлічваць свае сілы»

«Трэба разлічваць свае сілы, бо ёсць моманты, калі жаданне згасае ў людзей. Першыя два тыдні ўсе былі на імпэце дапамогі. Зараз ужо такі перыяд, што ў шмат у каго імпэт згасае і патрэбна псіхалагічная дапамога. Тут трэба, каб людзі самі разлічвалі свае сілы. Каб не наступала выгаранне. Раней я хадзіў штодзённа дапамагаць, зараз хаджу праз дзень», — сказаў Андрэй.

Дапамога Украінцам.jpg

Дапамога Украінцам 2.jpg
Скрынкі з дапамогай жыхарам Украіны і ВСУ ад штаба валанцёраў у Батумі. Крыніца: Тэлеграм-канал валанцёраў Батумі.

Акрамя дапамогі медыкаментамі, рэчамі і ежай. У Грузіі можна здаць кроў. Перад гэтым трэба зарэгістравацца на сайце don.moh.gov.ge ці патэлефанаваць па нумару «гарачай» лініі 1505.

А.Ш. budzma.org