«Няма народу — няма праблемы», або Народазамяшчэньне беларусаў

Усе ведаюць выслоўе «Няма чалавека — няма праблемы»? А што, калі гэтае выслоўе крыху перафразаваць? «Няма народу — няма праблемы». Глупства? Трызьненьне? Ну што ж, давайце тады разам з Валерам Руселікам у яго рубрыцы «Прыдарожны пыл» прыгледзімся да працэсу, які літаральна на нашых вачах адбываецца сёньня ў Беларусі.

3.jpgВалера Руселік — за 3 тысячы кілямэтраў ад бацькоўскае хаты пасярод бяскрайніх абшараў вымушанае эміграцыі. Фота з архіву аўтара

Самая вялікая праблема ў Беларусі (як для Лукашэнкі, гэтак і для Крамля) адна — беларусы. То жыць добра і годна хочам, то расейцамі быць не сьпяшаемся — такі ўжо ж мы з вамі «народзец», што паробіш...

Ну а прынцып «няма чалавека — няма праблемы» тыя, хто дагэтуль сваім кумірам называе Сталіна, засвоілі цудоўна. Таму і разьвязаньне «беларускага пытаньня» ідзе адпаведным шляхам.

1.jpgПаводле аднае з найбольш распаўсюджаных вэрсіяў, вядомы выраз «Нет человека — нет проблемы», які прыпісваецца Сталіну, упершыню зьявіўся на старонках раману «Дети Арбата» Анатоля Рыбакова, апублікаванага ў 1987 годзе. Фота: au.ru

Нас, беларусаў, усё менш. Па-першае, дэмаграфія. Колькі дакладна сёньня засталося жыхароў Беларусі, наўрад ці хтосьці ведае. Афіцыйна — каля дзевяці мільёнаў чалавек. Неафіцыйна называюцца лічбы і ў восем мільёнаў, і нават менш. Называюцца ў тым ліку і цалкам сабе дзяржаўнымі інстытуцыямі, дарэчы. Гэтак, яшчэ ў 2024 годзе Камітэт дзяржкантролю ў сваёй службовай дакумэнтацыі фіксаваў лічбу ў менш як 8,8 мільёнаў жыхароў краіны.

У кожным выпадку, за часы лукашызму нашая краіна ўжо страціла больш за мільён чалавек. Пры гэтым штогод, нават паводле афіцыйных лічбаў, усьцяж зьнікае насельніцтва цэлага райцэнтру. То-бок за год — мінус Слонім альбо Ваўкавыск. Агулам за апошнія 30 гадоў з мапы Беларусі зьніклі 1694 населеныя пункты.

Лічы, кожны тыдзень лукашызму — мінус адна вёска. Пры гэтым многія з тых паселішчаў, якія яшчэ засталіся, існуюць адно на паперы, а насамрэч — таксама паператвараліся ў бязьлюдныя вёскі-прывіды. Без усялякіх войнаў і эпідэміяў. Дакладней — толькі з адной вайной: супраць усяго беларускага. І адной эмідэміяй — эпідэміяй лукашызму.

2.jpgЗакінутая беларуская вёска. Фота: euroradio.fm

Пры гэтым афіцыйная статыстыка (9 056 080 жыхароў Беларусі на пачатак 2026 года) уключае ў сябе і тых, хто ў выніку палітычных рэпрэсіяў цягам апошніх гадоў зьехаў з краіны. Гэтак, паводле падлікаў ААН, яшчэ ў 2024-м колькасьць беларускіх мігрантаў складала амаль 800 тысяч чалавек.

То-бок з тэлеэкранаў яны пагардліва называюць нас «беглымі», але пры гэтым працягваюць прыхарошваць намі сваю рэчаіснасьць.

Дадае блытаніны ў лічбах і трагізму сытуацыі і адваротны працэс. Хто сёньня скажа, колькі з тых афіцыйных дзевяці мільёнаў, разам з улічанымі зьехалымі беларусамі, складаюць панаехалыя ватнікі з балтыйскіх краін і Ўкраіны? А таксама з Расеі, адкуль у «чистую братскую Белоруссию с доступными Coca Cola, Zara и незаблокированными соцсетями» папросту табунамі пруцца пацыенты з дыягназам «а что случилось».

Ненуачо, «кругом славяне, чисто, всё по-русски — считай, настоящая Россия, у которой получилось».

То-бок паралельна з уласна фізычным зьнікненьнем беларусаў у Беларусі актыўна адбываецца працэс замяшчэньня іх (нас!) небеларусамі. Беларускім палітвязьням, выкінутым з краіны, анулёўваюць пашпарты, зьехалых прымушаюць абяцаць ніколі не вяртацца на радзіму, мільён беларусаў у замежжы пазбавілі магчымасьці зрабіць нацыянальны дакумэнт у беларускай (?) амбасадзе — затое направа-налева раздаюць віды на жыхарства і пашпарты панаехалым «ваням».

Народазамяшчэньне.

3.jpgАдна з тыповых публікацыяў у Threads, прысьвечаных пераезду з Расеі ў Беларусь

Падобным чынам, зрэшты, расейцы дзейнічаюць і на іншых акупаваных землях. Па прыклады можна далёка не хадзіць. Крым, у якім у 2014-м жыло каля двох мільёнаў чалавек. За часы акупацыі сваю радзіму вымушана пакінулі, паводле розных падлікаў, да некалькіх соцень тысяч мясцовых жыхароў — пераважна крымскіх татараў і ўкраінцаў. Пры гэтым выціскаць іх з паўвыспы захопнікі працягваюць і сёньня. Паралельна з Расеі сюды перасяліліся каля мільёна чалавек.

Адначасова са зьменай этнічнага складу насельніцтва Крыму адбываецца і яго ўзмоцненая расеізацыя. Нават папросту выкананьне ўкраінскае песьні тымі, каго крамлёўцы пераконваюць у іх расейскасьці, можа пагражаць штрафам альбо нават арыштам.

Нічога не нагадвае?

Ну а калі «вопросик решён», можна ж які заўгодна рэфэрэндум зладзіць, праўда? І ня толькі ў Крыме, дарэчы. Вы ж у курсе, што расейцы маюць права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах у Беларусі? Колькі там часу засталося да таго, як «жители» якога-небудзь сельсавету альбо нават і райцэнтру «попросятся в родную гавань»?

Пяць, чатыры, тры, два...

4.jpgРасейскі сьцяг на будынку Берасьцейскага аблвыканкаму. Фота: belsat.eu

Узгадваю, як яшчэ ў 2019-м у нас у Горадні пры працаўладкаваньні афіцыянтаў кавярні аддавалі перавагу тым, хто валодаў замежнымі (акрамя расейскай) мовамі, у мэню часьцяком можна было пабачыць польскую і ангельскую. Турыстаў з Эўразьвязу было столькі, што іх фізычна не было куды засяляць — таму як грыбы пасьля дажджу зьяўляліся новыя гостэлы. Гэтаксама як ліхаманкава шукалі, дзе прыпаркаваць гэткую колькасьць турыстычных аўтобусаў.

Пры гэтым, цалкам натуральна ажывала й мясцовая, беларуская культура: вулічныя фэсты, этнакрамы, графіці з нацыянальнымі героямі, адноўленыя камяніцы і гэтак далей.

Хацелася пахваліцца гасьцям сваім.

Ня тое, што цяпер — зноўку гэтае самапрыніжальнае падлізваньне й падлабуньваньне да панаехалых з усходу, новая хваля руйнаваньняў гістарычнае забудовы, пабедабесіе й навязваньне да абразьлівасьці чужога.

Зрэшты, гэтак жа ж па ўсёй краіне, праўда? Чаго вартая, здавалася б, гэткая дробная й недарэчная, але надта ж красамоўная акцыя  сеткі кавярняў «Готфікс», якія да афіцыйнага Года беларускай жанчыны выпусьцілі лімітаваную сэрыю кубачкаў з выявамі вядомых у сьвеце жанчын. Аднак, хоць «этот проект — не только о них. Он — о вас. О каждой белорусской женщине», месца для партрэту хаця б аднае беларускі на тых кубачках не знайшлося. Нібы нам і няма кім ганарыцца, праўда?

Атрымліваецца, праект — для вас, але — бяз вас. Ну бо вас ужо народазамясьцілі.

5.jpgВалера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022). Фота з архіву аўтара

Ну добра, дык а што ж рабіць?

Адказ на гэтае адвечнае беларускае пытаньне — таксама адвечны. 

Калі нас, беларусаў, намагаюцца зьнішчыць — і фізычна, і духоўна, то першае, што нам трэба рабіць — уласна быць беларусамі. Нічога новага. Размаўляць па-беларуску, вывучаць беларускую гісторыю і культуру, падтрымліваць беларушчыну ўва ўсіх яе праявах.Трымацца свайго. Тут і цяпер.

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

                                                                                                                                 

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць