Беларускі мастак-авангардыст распавядае пра сваю маладосць, супрацьстаянне сацрэалізму ў 1980-х, камерцыялізацыі цяпер і ўласнае разуменне мастацтва.
Валянцін Нудноў. Фота – Сяргея Ждановіча
Незалежна ад марфалагічнага аналізу слова, у «інфармацыі» Валянцін Нудноў выдзяляе «форму» і настойвае на яе прыярытэце. Пачаўшы ў канцы 1980-х з экспрэсіі і абстракцыі, застаецца ім верны, упэўнена сыходзіць ад штампаў, лічачы іх мноства прафанацыяй.
Пачатак: наша мастацтва назвалі «нетрадыцыйным»
У 1987 годзе «Форме» дапамог з'явіцца на свет НВА «Цэнтр» -- тут група мастакоў была зарэгістраваная, сама арганізацыя мела нават галерэю, а пазней -- сваю калекцыю. Яе дырэктарам быў чалавек на прозвішча Шаплыка (Валерый Іванавіч. -- рэд.), і жаданне дапамагчы, магчымасці НВА былі неабходнымі: напрыклад, пры транспартоўцы работ за мяжу, дый ва ўсіх арганізацыйных і тэхнічных пытаннях. Упершыню «Форма» паказала сябе на дзвюх выставах неафіцыйнага мастацтва ў Кохтла Ярве і Нарве (Эстонія, 1987, 1988.). Я далучыўся да «Формы» крыху пазней -- на выставах у Акадэмгарадку ў горадзе Троіцк (РФ), у Зале Саюза мастакоў, у галерэях «На солянке» і «На Каширском шоссе» (Масква, РФ). Да маскоўскіх праектаў праявілі цікавасць калекцыянеры, потым былі яшчэ выставы ў Францыі і шмат іншых. А ў Беларусі першай выставай, дзе «Форма» ўдзельнічала, была двухдзённая «Панарама» ў знесеным цяпер будынку на Нямізе -- у ёй тады выставіліся Аляксей Жданаў, Артур Клінаў, Ігар Кашкурэвіч, Віталь Ражкоў (Бісмарк). Неўзабаве адкрылася яшчэ адна выстава -- «Скарбы беларускага авангарду» на праспекце Машэрава, у зале БелНДТІ (1989). Там можна было бачыць і Цэслера з Войчанкам, і Андрэя Шелюту. У 1990 годзе прайшлі маштабныя сумесныя выставы «Формы» і французскіх мастакоў: у Мінску, Маскве і ў горадзе Нім у Францыі. Да выстаў быў надрукаваны каталог. Цяпер гэта ўсё стала легендай. Як, зрэшты, і пазнейшыя імпрэзы, напрыклад у галерэі «6-я лінія» (1992--1998). З сучасных я назваў бы рэтраспектыўную «Сума Сумарум» (2014).
Калі я далучыўся да «Формы», у 1987--1988 гадах, быў такі склад групы: Баброў, Бялоў, Забаўчык, Лапо, Лапша, Пятроў, Хацкевіч, Ярмілаў. Натхняльнікам і стваральнікам групы, безумоўна, быў Валерый Мартынчык (Марцін).
Валянцін Нудноў.Хвалі і манекены. Алей. 2017.
Супрацьпастаўлялі сябе сацрэалізму і камерцыі
Мастакоў «Формы» вылучала імкненне да эксперыменту. Не толькі мы, але і Аляксей Жданаў, Артур Клінаў, Ігар Кашкурэвіч, Людміла Русава, Віталь Ражкоў сталі апанентамі сацрэалізму -- агульнапрынятага, дамінуючага.
А акрамя яго нічога, вядома, не было. Усё астатняе прыйшло пазней, толькі пасля перабудовы. Было мала інфармацыі, акрамя класікаў, за савецкім часам мы ведалі толькі кананізаваных ідэалогіяй аўтараў: Пікаса, Ван Гога. Штосьці чулі пра сучаснае мастацтва, але ўрыўкамі, кавалкамі. У «Дружбе» і ў некалькіх букіністычных крамах можна было, калі пашанцуе, убачыць ці купіць -- за вельмі немалыя грошы -- альбомы Юкера, Міро, Роткі.
Пікіраваліся з рэалізмам мы жорстка, але не так, як цяпер. Цяпер мастакам супрацьстаіць іншы напрамак -- камерцыйны, і ён асноўны. У нас жа была рэдкая цяпер якасць -- нежаданне ўключацца ва ўсеагульную камерцыялізацыю. І цяперашняе маё выкладанне -- якраз для таго, каб не ўдзельнічаць у татальным зараблянні грошаў. Менавіта гэты запал часам дазваляе чалавеку здзяйсняць «абароты» не толькі на 180, а і на 360 і 720 градусаў.
Мастак можа і павінен мяняцца ў працэсе развіцця. Гэта рабілі тыя ж Пікаса і Міро. Аднак змены адбываюцца як «значныя перыяды ў творчасці», з напрацоўкай якасці. Наіўна меркаваць з'яўленне такой якасці за адзін «абарот»: я ў гэта не веру, адразу бачная кан'юнктура.
У той час шанавалася яркая індывідуальнасць
Мы захоплена шукалі новае, спрабавалі ўсё самі. Натуральным чынам адно вынікала з іншага, развівалася -- і гэтае адчуванне «маё -- не маё» нават у аб'яднанні было ў кожнага аўтара. Кожны мэтанакіравана ішоў сваім шляхам, кожны працаваў аўтаномна. Хоць у чымсьці група была адзіным цэлым. У выніку ў «Форме» апынуліся абсалютна розныя аўтары: аб'ядналіся мастакі не аднаго пэўнага напрамку, а людзі, блізкія па духу, па творчых памкненняў, ладзе жыцця. Збліжаў асяродак існавання: кнігі, спектаклі, фільмы і іх рэжысёры, музыка, кола камунікацыі. Захапленні і мэты гэтых людзей былі далёкія ад абывацельскіх.
Прычым, калі потым многія раз'ехаліся, у розных краінах гэтыя індывідуальнасці таксама заставаліся незвычайнымі, нечаканымі. У прыклад можна прывесці Генадзя Хацкевіча, мастака трагічнага лёсу, які некаторы час жыў у Францыі. Здавалася б, там свабода формы, самавыяўлення досыць шырокая. А ён не прыжыўся, магчыма, перашкодзіла нежаданне ўпісвацца ў нейкія рамкі.
Усё гэта вельмі індывідуальна. Падчас паездкі «Формы» ў Францыю нам не ўдалося сустрэцца з Барысам Заборавым, а з мастаком Паўлоўскім мы пагутарылі. Ён пакінуў уражанне добрага, спагадлівага і тонкага чалавека. На той момант, пражыўшы ў Францыі 10 гадоў, ён не змог паўнавартасна ўпісацца ў культурнае асяроддзе краіны, але выклікала павагу мужнасць гэтага мастака, які не шукаў кампрамісаў.
Таму складана звязаць сацыяльныя, культурныя асаблівасці грамадскага жыцця -- у розных краінах -- з мастацтвам, такім, як мы яго разумелі.
Пасля вучобы мы праламілі сітуацыю
У 1984 годзе я скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Маімі педагогамі былі Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, Анатоль Бараноўскі, Іван Стасевіч, Віктар Нямцоў.
Адукацыя, з пункту гледжання прафесійных навыкаў, была цалкам прыстойнай. Аднак пасля заканчэння гэтай установы паўстала пытанне пра тое, што з гэтымі навыкамі рабіць. Бо сама па сабе гэта яшчэ не гарантыя творчай заможнасці. Гісторыя ведае шмат «бліскучых малявальшчыкаў», якія так і не сталі мастакамі.
З Андрэем Бяловым мы нават паспелі зрабіць адзін вялікі дзяржзаказ, што захаваўся да гэтага часу, -- высокую, на пяць паверхаў, мазаіку з абстрактнымі вітражамі ў будынку Мінгарвыканкама. Але ўжо пачыналася перабудова, новы час.
Трэба было зразумець, навошта табе ўсё гэта патрэбна. І для гэтага асабліва важнае асяроддзе, у якім існуе чалавек, -- асяроддзе пражывання. З кім ён камунікуе, куды сыходзіць яго час -- адсюль вынікае і мастацтва, і мастацтва жыцця. Мне пашанцавала ў тым, што я трапіў, а дакладней, свядома апынуўся ў тым духоўным асяроддзі, якое раскрыла перада мной іншыя гарызонты, дазволіла ўжыць веды і ўменні арганічна, натуральным чынам.
У нас была «6-я лінія»: тут збіраліся людзі, якія хацелі праламіць сітуацыю, і спяваў тады нікому не вядомы «Ляпіс Трубяцкой». Мы слухалі Сяргея Курохіна, адным з нас быў мастак і паэт Аляксей Жданаў. Вельмі таленавіты чалавек, самы бескампрамісны, ён літаральна жыў гэтым. Многае тады выплюхнулася на эмацыйным узроўні -- часам гэта блытаюць з рэвалюцыйным рухам, але гэта не так. Проста ў людзей ёсць патрэба да развіцця, непрыманне аднолькавасці. Кагосьці гэта адштурхоўвала і палохала, аднак больш разумныя і больш прыстойныя, дарэчы, мастакі не адмаўлялі, а імкнуліся выкарыстаць і таксама прасоўваць сваё.
А многія ішлі ад вучобы да рамяства: з пэўнымі навыкамі, па шаблонных кампазіцыях можна было пісаць пейзажы, а вынік быў цікавы толькі ў грашовым эквіваленце. Гэты вынік ставіўся ў аснову, і калі былі там макулінкі творчасці, то толькі як прыемны бонус. Немагчыма або практычна немагчыма сумясціць гэтыя дзве пазіцыі. Але вы хоць будзьце шчырымі ў дыялогу з самім сабой. Вось мне дагэтуль цікава працаваць і жыць, няма гэтай усёпаглынальнай смагі заробку.
Памятаю ў 1980-я паказ фільма «Сталкер» Таркоўскага: у кінатэатры «Кастрычнік» праз 20-30 хвілін людзі сыходзілі з залы суцэльным патокам. Цяпер яны не дазволілі б сабе сыходзіць такім абразлівым для мастака чынам. Яго кінамова была складанай і незразумелай, а значыць, чужой. Для разумення патрабаваўся іншы ўзровень успрымання культуры, узровень, якому не вучылі.
Валянцін Нудноў. Масты Ліёна. Алей. 2016.
Думкі ў майстэрні: складаныя прасторава-сэнсавыя структуры і чысціня прачытання
Калі гаворка ідзе пра жывапіс, важна, каб карціна пераконвала творча. Я і цяпер працую з эскізамі, кожны раз спрабую колер, святло, тонавыя плямы, фактуры. Мне не цікава тыражаваць тое, што ўжо было раней.
У аснове -- уражанні ад нейкіх падзей, сітуацый. Напрыклад, «Масты Ліёна» або «Марскі пейзаж з адлюстраваннем паловы сабакі»: у іх ёсць сюжэтны падтэкст, але я выказваю ўсё ў колеры, у формах, абстрактна. Напэўна, гэта экспрэсіянізм -- эмоцыі нараджаюцца ў душы, у часе. І гэта вельмі складаны працэс: пачынаючы працу, я іду крок за крокам і не ведаю выніку. У «Працэсе» (2019) ёсць трывожны механічны рух канвеера, а сабака спіць, і значыць, усё спакойна -- у гэтым крыецца супярэчнасць, на ёй будуецца абсурднасць і страшная звыкласць сітуацыі. Але гэта ўсяго толькі апісанне, літаратура. А ў «Хвалях і манекенах» толькі двое могуць абняць адно аднаго і ўтрымацца, астатніх, бедных, носіць па хвалях. І гэта таксама «літаратура», а мне цікава, што працы складаюцца з асобных частак, і можна зрабіць іх аўтаномнымі, як фармальныя кампазіцыі («Гарызантальнае прастора».
Цікава напісаць так, каб фрагменты ўспрымаліся вертыкальна і гарызантальна. Я шукаю адценні шэрага, развіццё дробных і буйных формаў, рытм і пульсацыю, нарастаючы рух і згасанне. Працую, пакуль не прыходжу да ўнутранага пераканання: знайшоў тое, што трэба. Кампазіцыя і мова дыктуюць вялікія фарматы -- ад 3 х 1,5 м. Таму пішу падоўгу, і з працамі шкада расставацца.
Упэўнены, што стварэнне мастацкай работы мала паддаецца логіцы і разліку. Тут усё неадназначна, эфемерна і супрацьстаіць стандартызацыі. Хутчэй, гэты працэс падобны да хімічнай рэакцыі, складнікі якой нам невядомыя. Я інтуітыўна, вобмацкам спрабую знайсці тое ўнутранае становішча, калі «замыкаецца ланцуг», «усё зрастаецца» і адбываецца шчаўчок нарэшце пракручанага механізму.
Творчы працэс абавязкова павінен падмацоўвацца шчырасцю пазіцыі і формы яе выказвання. Інакш проста незразумелая мэта рабіць працу. Менавіта пошук формы выказвання -- найбольш цяжкі і жаданы момант. Я -- максімаліст у творчасці: яе вынік заўсёды відавочны, ён альбо ёсць -- альбо няма. Думкі ці эмоцыі аўтара могуць быць спрэчнымі, але пры пераканаўчасці формы яны маюць права на існаванне, больш за тое -- набываюць заслужаную значнасць.
Для мяне такой формай служаць складаныя прасторава-сэнсавыя структуры. Я лічу, што разважанні і пачуцці не павінны быць выказаныя прымітыўна проста. Ды, разам з тым, пры складанай структуры самога твора вельмі важныя простасць і чысціня яго прачытання. Важна, каб яго сэнсавы складнік не пераважаў над формай. Праз назву работы я пазначаю ўласную інтэрпрэтацыю, свайго роду падтэкст, але магчымыя варыяцыі. Таму што, калі задума апранутая ў абстрактную форму каляровых плям, рытмаў, проціпастаўленняў і супярэчнасцяў, слова можа і перашкодзіць. Сваёй калянасцю і адназначнасцю яно не тлумачыць, а вядзе ўбок ад натуральнага прачытання працы. Слова стварае межы, акрэсленыя сэнсам, за якія цяжка і часам немагчыма вырвацца.
Усё хараство выкладання ў тым, што нельга растлумачыць
Заняткі «чыстым мастацтвам» у сітуацыі многіх мастакоў -- рэч маларэальная. Мне таксама даводзіцца займацца тым, што прыносіць гарантаваны заробак. Выкладанне ў дзіцячай мастацкай школе стала маёй абаронай ад неабходнасці «ламаць сябе». Я не хачу ісці на дзеянні, процілеглыя майму ўнутранаму ўкладу.
Працаваць з дзецьмі цікава, але цяжка і адказна. Творчы працэс -- з'ява асабліва індывідуальная, тут складана даваць рэкамендацыі і сцвярджаць штосьці адназначна.
Хараство сітуацыі менавіта ў тым, што «нельга патлумачыць». Думаю, і «навучыць», па вялікім рахунку, таксама нельга. Хутчэй, можна весці размову аб прыёмах, тэхналогіях і нейкіх агульных, імглістых законах, якія дзейнічаюць у пэўных кірунках мастацтва. Хоць увесь сэнс творчага працэсу павінен адмаўляць любыя законы.
Я спрабую, у меру сваіх магчымасцяў, навучыць дзяцей нейкім базавым навыкам у малюнку, жывапісе, кампазіцыі. Раскрываю перад імі магчымасці розных матэрыялаў, але галоўнае -- стараюся прышчапіць культуру ўспрымання мастацтва як яркай праявы вышэйшага духоўнага жыцця чалавека, паважлівае і трапяткое стаўленне да вынікаў творчых пошукаў.
Працую з 10--15-гадовымі, з малодшымі даводзіцца выкладвацца больш. Часам бачу высокую ступень таленту, бачу заціснутасць ці разняволенасць. А пасля мастацкай школы дзіця ідзе сваім шляхам, важна, у які бок яно будзе рухацца.
Дзіўна, калі мастак вядзе лад жыцця буржуа
Развіваючыся, мастак мусіць мяняцца, прычым некалькі разоў за жыццё. Прыклады мы бачым у геніяльных мастакоў, якім было дадзена доўгае жыццё. Такім быў Пікаса, але і да розных узроўняў таленту гэта адносіцца. Хоць Набокаў казаў, што ёсць толькі адна ступень ацэнкі ў мастацтве: першая, яна ж -- адзіная, а астатняе -- аматарства. Дапусцім, можна працаваць для сябе, для душы, ды як толькі вы спрабуеце фармаваць нейкія працэсы, гэта прадугледжвае пэўную адказнасць. Не прыгажосць -- пакіньце яе для размоў на лаўцы! -- а пераканаўчасць, вастрыню погляду, непаўторнасць. Паводле яго слоў, тое, што не прэтэндуе застацца ў гісторыі, ёсць хобі і яго трэба сустракаць «апладысментамі». Але як толькі анансуецца «велічыня дасягнення», павінна з'явіцца і адказнасць, і гатоўнасць атрымаць непрадузятую крытыку.
Як можа быць, што мастак вядзе жыццё паспяховага буржуа або чыноўніка, а ў творчасці спрабуе выглядаць зусім інакш?! Пры гэтым ён як бы падымаецца на нейкі духоўны ўзровень і нават асвойвае пэўныя прыёмы; ці хоча быць яркай зоркай эпатажу, як Далі ці Уорхал! Падмануць гэта можа толькі абывацеля. Найчасцей, калі ёсць унутраны пошук, адбываецца надлом, і чалавек сыходзіць у дэпрэсію ці самаразбурэнне -- п'янства, наркотыкі. Такія прыклады, да няшчасця, таксама ёсць, прычым у вельмі таленавітых людзей. Гэта велізарная трагедыя.
Па-свойму шчаслівы прыклад -- вядомы цяпер беларускі мастак Ізраіль Басаў. Так, ён не быў прызнаны пры жыцці. Але, жывучы ў той сістэме, змог стаць магутнай індывідуальнасцю па-за ідэалогій, са сваёй формай перадачы думак і пачуццяў. І ён пакінуў свой след.
Валянцін Нудноў. Бэз у вазе. Алей. 2009.
Мастацтва не вырашае ніякіх сацыяльных праблем
І яно не павінна абслугоўваць сацыяльны або ідэалагічны заказ. Яго задача -- зрабіць жыццё чалавека асэнсаваным і ад гэтага больш лёгкім і шчаслівым. Бо разуменне сэнсу творчасці, а тым больш праца ў мастацтве, і ёсць вышэйшая праява розуму чалавека.
Шмат хто так і не зразумеў, што мастакі-авангардысты 80-х--90-х гадоў мінулага стагоддзя «любілі Радзіму» не менш за іншых. Проста сама прырода творчасці несувымерна вышэйшая, і яе мэты ляжаць зусім у іншай плоскасці. Гэтыя мэты -- па-за межамі і ідэалогіямі.
Хоць так, планету засмечваюць, і палітычныя праблемы ёсць ва ўсім свеце. Усё гэта можна расказаць у дзвюх фразах, і не трэба рабіць з іх прадмет мастацтва. Напэўна, канцэптуальныя мастакі выкарыстоўваюць іншую мову, гэта іх выбар, але хіба можна марнаваць на гэтую надзённасць творчае жыццё?
Ёсць нейкія грані агульныя, але форма выказвання павінна быць іншай, не просталінейнай, больш тонкай. Я б сказаў наадварот: калі ў мастацтве ёсць тлумачэнне праблемы, гэта будзе поўная супрацьлегласць мастацтву. У першую чаргу важная форма і тое, чым мастак дыхае. Гэта як духоўная ежа і духоўнае здароўе. Для гледача таксама: калі нават ён не разумее твор мастацтва, хай падыхае, пакратае, панюхае, у рэшце рэшт. І толькі потым пачытае анатацыю. Калі не «чапляе», няма жывога водгуку, а ёсць рэакцыя на тое, што цяпер называецца выклікамі часу, -- гэта дробнае асяроддзе, гэта прафанацыя мастацтва і нават «заказуха». Толькі ў савецкія часы ідэалогія і рэалізм былі сацыялістычнымі, а цяпер гэта нешта іншае, напрыклад трэнды. Вельмі мяне абураюць гэтыя «мастакі ў трэндзе»! Нельга заганяць у гэтыя гульні мастака! Эпатаж больш зразумелы, калі ён апраўданы мастацтвам. Але цікавасць з'яўляецца тады, калі чалавек уяўляе з сябе індывідуальнасць і калі ў яго ёсць уласная форма выказвання.
А свет усё ж добры
Цяпер, да 60-ці гадоў, я не стаў больш гнуткім. Мяне шмат што раздражняе, з многім не магу мірыцца, але цэласць і мужнасць у творчасці па-ранейшаму служаць для мяне вышэйшай адзнакай жыцця ў мастацтве.
Усё больш я пераконваюся: наш свет так уладкаваны, што трэба проста стаць яго часткай і дрэйфаваць. Як эмацыйны ў ацэнках і дзеяннях чалавек я бачу, што жаданне змагацца і даказваць выліваецца ў дарэмна выдаткаваныя час і сілы, скрадзеныя ў творчасці. Незалежна ад нашых намаганняў, усё ўладкуецца, і ўладкуецца мудра.
Любай Гаўрылюк, "Мастацтва" №1-2020
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!