“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Валянцін Стэфановіч, праваабаронца.
— Быць беларусам — што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
— Калі казаць у агульным сэнсе, то тыя людзі, якія з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, адпаведна з’яўляюцца і беларусамі. Калі паглядзець на гэтае пытанне больш вузка, то быць беларусам — гэта значыць усведамляць сябе беларусам незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, месца пражывання і нараджэння.
Я па жыцці беларускамоўны чалавек, і мая сям’я таксама. Я гэта раблю не дзеля таго, каб паказаць, які я патрыёт, а таму, што мне гэта падабаецца. Вось гэта для мяне асабіста і азначае быць беларусам.
— Якія ўнікальныя рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?
— Я заўсёды крытычна стаўлюся да такіх агульнастатыстычных рэчаў, як нацыянальны характар альбо ментальнасць. Цяжка сказаць, але ўсё залежыць ад канкрэтных людзей. Можна заўсёды сустрэць абвяржэнне любога нацыянальнага стэрэатыпу.
Мне здаецца, што мова магла б быць чыннікам, які адрознівае нас ад іншых людзей.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
— Несумнеўна, Грунвальдская бітва, бо мы мусім ганарыцца тым, што нашыя прашчуры разам з іншымі народамі атрымалі перамогу над ворагам, які шмат гадоў пагражаў нашай зямлі.
Мне таксама падаецца, што важная дата — гэта 25 сакавіка 1918. Нягледзячы на тое, што абвяшчэнне БНР выклікае шмат спрэчак, гэта быў першы асэнсаваны крок, які стаў падмуркам беларускай незалежнай дзяржавы. Таксама трэба ведаць аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыі ў жніўні 1991-га, таму што гэта ўжо пачатак новай гісторыі, пачатак новай дзяржавы. Трэба памятаць і пра перамогу народа падчас Другой сусветнай вайны.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
— На жаль, аб’ектыўныя працэсы ўрбанізацыі і індустрыялізацыі, якія мы не можам спыніць, прыводзяць да разбурэння традыцыйнага грамадства. Таму шмат традыцый мінулага зніклі разам з тымі вясковымі бабулямі, якія ахоўвалі іх. Мне падаецца, што еўрапейская традыцыя суіснавання на адной тэрыторыі людзей розных канфесіяў — каштоўнасць, якую варта захоўваць. Таксама трэба не забываць пра мову.
— Беларус без ведання мовы — беларус?
— Мяркую, што так. Мы ж не можам сказаць, што тыя 70 працэнтаў беларусаў, якія размаўляюць па-руску, ніякія не беларусы. Яны такія ж беларусы, як і мы. Проста так склалася, што на сённяшні момант большасць беларусаў па-беларуску не гаворыць.
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
— У нас ёсць асобы, якімі можна ганарыцца. Напрыклад, Васіль Быкаў. Можна таксама ганарыцца тым, што на нашай зямлі нарадзіліся такія выбітныя дзеячы, як Адам Міцкевіч і Тадэвуш Касцюшка.
— Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?
— У класічным варыянце гэта мова, супольнае гістарычнае мінулае, прыналежнасць да агульнай тэрыторыі і дзяржавы. Але ў шырокім сэнсе мы нічым не адрозніваемся ад іншых. У нас дзве рукі, дзве нагі і адна галава.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
— З цягам часу Беларусь будзе еўрапейскай краінай, а таксама эканамічным лідарам у сваім рэгіёне. Іншых варыянтаў развіцця ў нас няма. Пасля змены палітычнага рэжыму, я думаю, працэс трансфармацыі будзе праходзіць досыць хутка.