Валянціна Гарцуева: «Паспрабуем з Купалаўцамі зрабіць у Варшаве тэатр»

Мы сустракаемся ля ўваходу ў Teatr Polski w Warszawie. Менавіта тут апошнія два месяцы актрыса Валянціна Гарцуева разам з Вольнымі купалаўцамі рыхтавала прэм’еру. «Рамантыка» па Міцкевічу стала падзеяй, вяртаннем, ажыятажам. Зачапіла за жывое і разварушыла фантомны боль: «Дзяцінства край! Спазнаўшы смак выгнання, ён дораг нам, як першае каханне».


asabisty archiu 1.jpg
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

І на імгненне падалося, што не было аніякага 2020-га. Што вось жа яны — любімыя Манаеў, Белахвосцік, Гарбуз. І рэжысёр Мікалай Пінігін. І паўнюткія балконы. І авацыі. І што ўсё, як раней.

Але мы сустракаемся ля ўваходу ў Тэатр Польскі.

«Я б не сказала, што ён крэпка адрозніваецца ад іншых», — распавядае Валянціна пра супрацу з найстарэйшым тэатрам Варшавы.

— Канешне, усё зроблена больш для людзей. Але гэта я бачу не толькі ў тэатры, а і ў метро, аўтобусах, крамах, кавярнях.

asabisty archiu.JPG
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

— Больш для людзей?

— Усё пачынаецца з дробязей. Усе вітаюцца, усе цябе чакаюць. Вельмі ўтульныя пакоі для рэпетыцый. У кожным стаіць кава, гарбата, нейкія слодычы. І гэта нават не гасціннасць — проста ў людзей такія адносіны, такая культура жыцця. Мне вельмі б хацелася пабудаваць штосьці падобнае ў Беларусі. Мы маем для гэтага абсалютна ўсё — людзей разумных, адукаваных, ветлівых. І маем страшны досвед сутыкнення дабра са злом.

— Тыя, хто не чытаў балады і рамансы Міцкевіча, маглі спакусіцца на назву спектакля: «Рамантыка». А светлым ды лірычным там нават не пахне. Хорар! Містыка! Сувязь з тым светам!

Ramantyka repetycja_Karolina_Jozwiak.jpg
Фота: Karolina Jozwiak

— Там ёсць і кроў, і помста, і здрада. Але ёсць і каханне. І любоў да радзімы. І вера. Самае галоўнае. У нас ёсць сілы не спыняцца, пакуль у нас ёсць вера. Для мяне наш спектакль пра гэта.

«Чатыры поры году ў валізках»

Гэты тэатральны сезон для Валянціны Гарцуевай — пятнаццаты. Апошнія два гады зорка новага пакалення купалаўцаў працуе з калегамі ў эміграцыі. Даволі працяглы час жыла ў Кіеве. У Польшчу пераехала за некалькі дзён да вайны, 13 лютага.

— Толькі зараз пачынаю шукаць кватэру. Да гэтага штосьці здымаць было проста нерацыянальна, бо сёння робім спектакль у Любліне, заўтра едзем на гастролі ў Беласток, з Беластока ў Варшаву. Зараз я разумею, што вельмі хачу адчуць, што такое дом. Што ёсць куды прыйсці.

— Дзе спыняліся дагэтуль?

— Па гатэлях, жылі ў Доме творцаў. Розныя тэатральныя рэзідэнцыі маюць розныя ўмовы. Гэта было шмат пакояў, кватэр.

asabisty archiu 3.JPG
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

— Якія правілы жыцця на валізках?

— Каб штосьці купіць, трэба штосьці выкінуць на сметнік. Рэчы набываць амаль перастала. У мяне толькі дзве валізкі і больш я не магу сабе дазволіць. Нават зараз, каб мне пераехаць, трэба два заходы. Я прыехала сюды зімой, потым надвор’е пачало мяняцца. Зараз восень, хутка зноў маразы, і рэчаў усё больш. Усе поры году ў гэтых валізках.

— З імі толькі на тэатральныя праекты? Раней вас часта можна было ўбачыць на экране.

— Пасля Кіева стала складана. Там у мяне было тры кінапраекты, і калі запрасілі здымацца ў расійскім серыяле... Мне прасцей сказаць «не». Бо тады я не буду разумець, навошта я ўвогуле ўсё гэта рабіла. Навошта сыходзіла з Купалаўскага, навошта ўсё кінула. Ну, значыцца, не будзе ў мяне кінакар’еры.

— Але гэта яшчэ і ганарары... А колькі, дарэчы, зарабляюць вашыя польскія калегі? Не цікавіліся?

— Так выглядае, што на свае заробкі яны могуць жыць. Мне здаецца, калі ў іх ёсць дзеці, то напэўна ж гэта не праблема. Людзі тут больш-менш уладкаваныя. У нас жа, каб пракарміць дзіця, трэба здымацца ў серыялах, рэкламах ды бегаць па халтурах.

— Я правільна разумею, спыняецеся ў Варшаве?

— Мы паспрабуем з Купалаўцамі зрабіць тут тэатр. Ёсць надзея, што ўсё зменіцца. Каб гэтай надзеі не было, я б не сядзела ў Польшчы. І Купалаўцаў бы не было.

«Пятнаццаць разоў упала, на шаснаццаты атрымалася»

Ramantyka_Karolina_Jozwiak.jpg
Фота: Karolina Jozwiak

— Валянціна, у спектаклі быў момант, калі вы губляеце прытомнасць, з размаху падаеце на сцэну. Вельмі эфектна!

— Акцёрская прафесія складаецца не толькі з таленту, як думаюць многія. Гэта практыка, рэпетыцыі, вывучэнне сябе, свайго цела, сваёй душы, свайго сэрца. Ну што, упала пятнаццаць разоў, на шаснаццаты атрымалася, а на дваццацты ўжо нічога не баліць! Хаця раней упасці было лягчэй (смяецца).

— А калі сур’ёзна? Як трымаеце такую выдатную фізічную форму?

— Слухайце, мы так шмат пераязджаем і гэта забірае столькі сіл. Натуральная фізуха! Адныя толькі касцюмы пагрузіць.

— Незалежны статус трупы нейкім чынам паўплываў на стасункі паміж акцёрамі і рэжысёрам падчас рэпетыцый?

— Мы ведаем, што такое субардынацыя. Акцёрская прафесія вельмі залежная. І ад рэжысёра мы залежым. Але. Рэжысёраў цяпер мы можаць абіраць. Мы можам абіраць матэрыял. Ужо як незалежныя купалаўцы, мы хочам казаць пра тое, што нам баліць. Але на рэпетыцыях па-ранейшаму падпарадкоўваемся рэжысёрам.

— Купалаўскі быў рэпертуарным тэатрам. Гэта ж іншае мысленне, другая псіхалогія творчага жыцця.

— І раптам адбываецца ўдар. Але гэта таксама карысна, ведаеце? Ніхто не быў гатовы, але мне цікава. 

Я не ведаю, што будзе заўтра, і гэта дае мне сілы ісці, шукаць, дамагацца. Мне здаецца, гэтых пошукаў у рэпертуарным тэатры ў мяне не было. Я ведала, як прыблізна пройдзе маё творчае жыццё. А тут ты мусіш упірацца.

— У вас паўсюль аншлагі, як у старыя добрыя. Нават на музычным фестывалі ў Сопаце былі з гастролямі.

— Нарэшце атрымалася ўбачыць мора. Я так яго прагну і так даўно. Яно дае мне сілы і спакой, якога ў нашым жыцці няма ўжо апошнія некалькі гадоў. Выдаўся адзін цудоўны дзень, калі не было ветру, мы гулялі, дыхалі, проста слухалі яго.

asabisty archiu 10.jpeg
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

«Калі б не Купалаўцы — даўно б паехала да мужа»

— Валянціна, а наколькі вы самі рамантычная асоба? Ну раз ужо мы сустракаемся пасля прэм’еры «Рамантыкі».

asabisty archiu 6.jpeg
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

— Уся рамантычнасць ува мне вельмі глыбока і апошнім часам не вельмі атрымліваецца дзяліцца сваімі пачуццямі. Не ведаю чаму. Гэта як я перастала хадзіць у тэатр пасля ўсяго. Пасля 2020 года я бачыла хіба тры спектаклі. Штосьці зачынілся ўнутры. Напэўна, я рамантычны чалавек, але сёння не атрымліваецца казаць пра гэта шчыра. Ой, не хачу з вамі такога зануднага фіналу!

— Тады пра асабістае? Дзе зараз ваш муж?

— У Германіі, у Эльспе. Ён быў гатовы нават прыехаць, але ў яго пачалася праца. Калі б не Купалаўцы, я б ужо даўно паехала да яго.

— Як калісьці ён паехаў за вамі ў Беларусь?

asabisty archiu 9.jpeg
Фота: асабісты архіў Валянціны Гарцуевай

— Схадзіў у Купалаўскі тэатр на спектакль «Чайка» і ўбачыў, як гэта ўсё важна для мяне. І прыняў вось такое рашэнне. Хаця тады ў яго было вельмі шмат прапаноў. Жан-Марк разумеў, што многае можа супасці. Хто б ведаў, што праз 3 гады мы адтуль паедзем.

— 8 і 9 кастрычніка былі эксклюзіўныя паказы «Рамантыкі». Спектакль застаўся ў афішы, але яго будуць граць ужо польскія артысты. Пойдзеце глядзець?

— Абавязкова! Зразумела, што застанецца сцэнаграфія, малюнак сцэн, рэжысура Пінігіна, але гэта абсалютна іншыя акцёры, іншы калектыў. Упэўнена, што гэта будзе цудоўны спектакль. Хай трошкі пройдзе часу з прэм’еры і сходзім.

— Не спяшаецеся на першы паказ?! Гледачы дарма імкнуцца на прэм’еры?

— Праз два-тры месяцы акцёры могуць паказаць лепшы ўзровень. Для мяне прэм’ера гэта заўсёды больш пра стрэс, чым асалоду. Неабходны час: каб спектакль усталяваўся, збіўся, зрабіўся. Так што я люблю запрашаць людзей пазней.

— Ці ёсць спектакль, за які б многае зараз аддалі, каб сыграць у ім яшчэ раз? У нейкіх жа невядомых нам сусветах яшчэ жывуць вобразы, створаныя вамі ў Тэатры імя Янкі Купалы.

Ramantyka_repetycja Karolina_Jozwiak 1.jpg
Фота: Karolina Jozwiak

— Нават думала пра гэта пасля прэм’еры. Вельмі часта на сцэне мне падавалася, што я ў Купалаўскім. Ці то дэжавю, ці то флэшбэкі: на секунду, на імгненне. І ведаеце, гэта было такім прывабным... Гэта была такое шчасце... Але я не хачу падманваць сябе. Мараў вярнуцца кудысьці і да чагосьці ў мяне ўжо даўно няма. Усё неяк сплыло і мы будзем ісці далей.


 
Паліна Часноўская, budzma.org