“Дзень Святога Патрыка” Ганны Севярынец я пачаў чытаць на другі дзень пасля аперацыі – так склалася. Маю доказ сваім словам у выглядзе фотафакту, але не будзем выпрабоўваць эстэтычную трываласць чытачоў, верце на слова. Дык вось, нетаропкае чытанне абудзіла такую колькасць пачуццяў і адчуванняў, што блукаючае па ўсім целе рэха ўчарашняга пякучага болю к вечару змізарнела. Такім чынам, адзначым першы – тэрапеўтычны – эфект ад чытання кнігі Ганны Севярынец.
Ганна Севярынец – гэта не Садоўскі з першым беларускім творам пра зомбі, не Горват з яго дзённікам, якіх толькі і разглядаюць як пераможцаў прэміі імя Максіма Багдановіча, пры гэтым у каментарах шмат дзе гучыць: “Не чытаў, але – Горват!” (тут міжволі згадаеш: “Не чітал, но осуждаю” і сумна пасміхнешся: мы хіба ў нечым змяніліся?).
“Дзень Святога Патрыка” не складзе канкурэнцыю двум мінулагоднім “бестселерам” – кніга выйшла ў пачатку гэтага года. А шкада… Бо у шэрагу незвычайнага, неардынарнага і – што найбольш – спрэчнага дадалося б.
Кніга незвычайная – таму што вызначыць жанр напісанага я не змог. Хоць і заяўлена, што гэта раман, але сюжэту як такога тут амаль не існуе, герояў усяго тры, і пры гэтым дакладных вобразаў не створана: ні знешнасці, ні характару ў развіцці, адно выпеставаны комплекс ахвяры галоўнай гераіні і набыты прагматызм галоўнага героя.
Да таго ж аўтарскія эсэ, знарок набраныя іншым шрыфтам да апошняй старонкі, быццам бы і не ўпісваліся сюжэтна, не былі абумоўлены псіхалагічна. Яны жылі асобным жыццём, і закрадвалася крамольная думка: іх бы яшчэ столькі і паўстолькі ды асобнай кнігай – і была б сапраўдная песня. Але і тут, шчыра кажучы, для мяне яны былі музыкай, якая супакойвала і лекавала. Шчырая датклівасць радкоў эсэ, іх кранальнасць, пададзеныя майстэрскай, зусім не мовай пачаткоўца, філасофская глыбіня і жаноцкая шчырасць, што абяззбройвае, былі сапраўднай крынічкай чыстай, халоднай і смачнай вады, да якой прыпадаў пасля… Пасля бяздумнай, эгаістычнай, далёка не разумнай, закамплексаванай няшчаснай жанчыны і яе апантанай любові да трупаў – пасля непасрэдна падзей кнігі і яе галоўнай гераіні – эксперта па захаванні беларускай мовы. Я сказаў “да апошняй старонкі”, бо менавіта там пазлы складваюцца, і эсэ раптоўна з падсвядомага гучання выбухаюць набатам, хоць прамоўленыя яны паўсюдна амаль што шэптам.
Неардынарнага таму, што да гэтага часу ніхто так не спрабаваў праз не нонфікшн паказаць беларускую літаратуру і яе асобаў. Калі мяне паправяць: ці не ўвесь тэкст якраз і ёсць дакументалістыка, жывыя гісторыі некалі жывых пісьменнікаў, я запярэчу. Аўтар не ставіла мэтай данесці да чытача менавіта гэтую дакументалістыку, для гэтага яна скрупулёзна і грунтоўна працуе над іншымі сваімі творамі, і адна праца хутка пабачыць свет. Раман скарыстоўвае пэўныя адшуканыя факты, канечне, але тут яны зусім дзеля іншай мэты.
Спрэчная таму, што давялося раней пачуць: гэта кніга пра любоў аўтаркі да беларускай літаратуры. Пачытаў у каментах, пачуў і іншае: галоўная гераіня ёсць сама Ганна Севярынец з яе апантанай любоўю і гарачым сэрцам…
Ой, не, сябры мае.
Па-першае, у такім разе кніга выглядала б такой простай, як сачыненне не самага паспяховага вучня на тэму “Як я правёў лета”, а Ганна, хоць мае першую кнігу, але валодае, акрамя ўсімі заўважанай любові, выключным розумам, здольнасцю да глыбокага аналізу падзей і тэндэнцый. Ганна Севярынец – не сарамлівая цнатлівая дзяўчынка з першым сваім прызнаннем. Кніга, безумоўна, мае сваю мэту, і гэта мэта – зусім не дэманстрацыя адданасці роднай літаратуры.
Па-другое, зусім іншыя стылістычна, глыбокія эсэ, вылучаныя шрыфтам, пададзеныя менавіта ад імя аўтара, у такім выпадку былі б зусім недарэчнымі. Севярынец, бясспрэчна, хацела і змагла ад самага пачатку адасобіць сябе ад сваёй гераіні настолькі, каб чытач не шукаў у Марыне Дамейка яе саму – Ганну.
Па-трэцяе, аўтар зрабіла б сваю Марыну ну хоць крышку больш выразнай, хоць колькі б у яе нейкіх выпукласцей дадалося (ды хоць бы памер грудзей!), калі б яна ёй па-сапраўднаму сімпатызавала, калі б хацела зрабіць станоўчай гераіняй, а мэту і працу яе – выключна ўдзячнай, правільнай, патрэбнай…
Так атрымалася, што, перадаючы сваёй гераіне амаль цалкам свае ж пачуцці да выбітных асоб нашай літаратуры (а пра тое кожны, хто зазірне ў фэйсбук Ганны Севярынец, упэўніцца), аўтар тым не менш стварыла свайго антыпода і стварыла наўмысна. Камусьці такая мая выснова падасца амаль вар’яцкай, але давесці гэта нескладана. Паглядзім разам больш пільна на Марыну Дамейка, на яе сцісла пададзеную гісторыю жыцця, на вытокі яе пачуццяў, на яе любоў і яе каханне…
Завязка кнігі не можа быць не цікавай: беларуская мова прызнаецца мёртвай, галоўны эксперт Марына Дамейка (ах, як тут празрыста чытаецца Дубоўка!) павінная па сваім асабістым выбары запоўніць спецсхоў (такія выключныя правы ёй дадзеныя) кнігамі – беларускай літаратурай за ўвесь час яе існавання. Так бы мовіць, закансерваваць на вечнае захаванне. Канечне, месца абмежаванае, значыць, ставім толькі самае-самае і пры гэтым самых-самых. Да прыкладу, хто такі Новік-Пяюн для Дамейка? Стары дзядок, нешта там крэмзаў… На падлогу яго, хоць і шкада крышку… Ды скідванне наўпрост гэтай кнігі на падлогу тут не проста насцярожвае, а крычыць аб цынізме і, скажу адразу, аб пустадомстве Марыны.
Уся дзея ў рамане займае колькі там дзён, цела рамана – згадкі пра тых пісьменнікаў, якіх Марына бачыць на сваіх паліцах. Адразу заўважу, што гісторыі гэтыя шмат у чым пераклікаюцца з запісамі Ганны Севярынец у фэйсбуку, сваё шчырае захапленне тымі людзьмі аўтар цалкам перадае сваёй гераіні. Тут многія і знайшлі падставу лічыць самога аўтара прататыпам гераіні.
Паспрабуем збольшага акрэсліць сэнс дзейнасці Ганны Севярынец у літаратуразнаўстве. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што яна імкнецца данесці да сённяшняга чытача забытыя, а больш – закрытыя старонкі гісторыі беларускай літаратуры праз яе асобаў. З другога боку, яна ўсімі фібрамі душы намагаецца ачалавечыць сённяшніх класікаў. Не будзем тут спрачацца, ці правільна яна робіць (наконт апошняга), бо і думкі супраць сябе яна выказвае ў кнізе, пры гэтым думкі нічым грунтоўна не абвергнутыя. Асоба пісьменніка важная для Ганны Севярынец, але не выключная.
А вось для Марыны Дамейка любая кніга пачынаецца з аўтара – пра гэта яна кажа наўпрост. Тады і толькі тады пачынаецца яе знаёмства з творчасцю, калі аўтар робіцца цікавым для яе, калі яна захапляецца ім. А які ж аўтар цікавы для гераіні? Паспрабуем метад дэдукцыі) Цікавыя людзі і выбітныя творцы, якім месца на вякі ў спецсхове: Багушэвіч, Багдановіч, Дубоўка, Дудар, Быкаў, Караткевіч, Анатоль Сыс, Міхась Стральцоў… Гэтыя прозвішчы сустракаюцца ну вельмі часта. Чаму менавіта яны? Што іх аб’ядноўвае?
Лёсы. Драматычныя, трагічныя. Гісторыі іх жыццяў, іх каханняў.
Чым далей па старонках, тым больш раскрываецца сапраўдная кропка прыцягнення Марыны Дамейка да літаратараў: выяўлены ёй трагізм у жыцці і творчасці пэўных асоб і захаваныя імі праз самыя розныя, часам – нечалавечыя выпрабаванні турмой і катаваннямі, годнасць, гонар, чалавечнасць.
(Тое, што сярод мужчын раптам трапляецца жанчына, не павінна нас надта стрымліваць у паслядоўнасці думкі – гэта не больш як фон для Дамейка, і зноў жа – маем трагічны лёс Ларысы Геніюш. Згадваючы пра паэтку, гераіня быццам бы прымервае на сябе яе жыццё, амаль што зайздросціць…)
Такім чынам, momentum maximum для Марыны Дамейка – не магутны інтэлект, не выключны талент, не выбітныя творы, а асоба аўтара і колькасць болю. Яна бачыць пісьменніка толькі як моцнага духам мужчыну, што прайшоў праз выпрабаванні і не зламаўся.
Для мяне асабіста такое стаўленне досыць звыродлівае. І не толькі таму, што ў спісе “галоўнага эксперта” сярод вартых вечнага захавання не згадваюцца (ці згадваюцца з пытаннямі) імёны хоць бы Івана Мележа, Чыгрынава, Шамякіна, Капыловіча і яшчэ многіх дзясяткаў, адны з якіх выраслі ў трывалыя дубы, нехта застаўся на ўзроўні падлеску, нехта зваліўся сухастоінай і стаў прахам – але ўсе разам яны стваралі адзіны беларускі літаратурны лес, а лес, як вядома, – экалагічная самарэгуляваная сістэма. І калі там пачынаюць “чыстку”, дык застаецца бязлікі сумны парк з асфальтаванымі дарожкамі каб дагадзіць гаспадарам.
Звыродлівасць пераканання Марыны Дамейкі ў ацэнцы творчасці яшчэ і ў тым, што на ўсіх пісьменнікаў, прабачце, трагедый не хопіць. Бо жывуць яны ва ўсе часы – і ў часы рэпрэсій, і ў часы адліг, і ў часы “развітога сацыялізму”. І патрабаваць ад усіх абавязковай драматычнасці ў жыцці – дурасць. Тым не менш Марына Дамейка абагаўляе Максіма Багдановіча, але адмаўляе ў праве на пачэснае месца Максіму Танку. Яна не бачыць унёску гэтага паэта ў развіццё беларускай літаратуры, бо… жыццё Танка не адметнае ні ў плане інтымных жарсцяў, ні ў плане грамадскім. Карацей, “непрыгожае жыццё”. Вось у Караткевіча – уга якое зыркае, столькі жанчын вакол яго, такія каханні (ага, не адно!), гэткая асоба велічная, такія гісторыі розныя з цікавосткамі… Ці вось хмурны Быкаў з яго загадкавым трагізмам, супрацьстаяннем уладзе…
Увогуле, для гераіні той самы савецкі перыяд у літаратуры не ўяўляе цікавасці і вялікай значнасці, бо яна лічыць, што пісалі тады, за рэдкімі выключэннямі, адно здраднікі ды падхалімы з даносчыкамі. Гады без герояў… Адсюль вынікае, што і цяперашні час, сучасная беларуская літаратура – абсалютна пустыя на здабыткі. Няма асоб! Хіба што згадваецца Казько, Арлоў, Бахарэвіч,… І ў гэткім ракурсе погляду на ролю выбітнага паэта найноўшай гісторыі ў Марыны Дамейка прэтэндуе Стась Карпаў – вядомы арыгінальны і актыўны блогер, рэвалюцыянер па духу і ладзе жыцця…
Марына Дамейка любіць сваіх герояў – любіць шчыра і апантана. Але гэтае пачуццё нельга пакласці ў аснову для вызначэння якасных і значных літаратурных твораў, якія маюць права на вечнае захаванне. У Дамейка як галоўнага эксперта бібліятэкары пытаюць пра асноўныя крытэрыі адбору, а яна… а яна не можа вызначыць такія крытэрыі! І таму паступае па-жаночы проста: складае спісы аўтараў. “Каго люблю, таго хачу”.
З аднаго боку, у асобе Марыны Дамейка мы бачым сапраўды абазнанага эксперта, дасведчанага, з энцыклапедычнымі ведамі, прасякнутага любоўю да літаратуры. А з другога боку – гэта капрызлівая, адзінокая, нешчаслівая жанчына, чалавек “сабе на ўме”, які слухае толькі свае пачуцці.
Герой кнігі, каханак Дамейка, заўважае ёй, што яна любіць не літаратуру і пісьменнікаў, а свае пачуцці, сваё стаўленне да іх. У гэтым парадаксальным на першы погляд “прысудзе” жорсткая праўда: Дамейка – эгаістычная, халодная цётка.
Ганна Севярынец не заглыбляецца ў асабістае жыццё Марыны, але і таго, што ёсць, дастаткова, каб зразумець: Марына пазбаўленая шчасця кахаць. Яе сувязь з мужчынам выкліканая толькі унутраным запатрабаваннем сэксу і адчуваннем няўтульнасці без самца. Яна нідзе і ніколі не разглядала свае адносіны як здольныя на нейкі працяг. Сям’я, дзеці? О не, то не для Дамейкі, яна не хоча дзяцей!
І вось тут, некалькі сказамі, Ганна Севярынец малюе партрэт гераіні, у якім выяўляюцца ўсе падземныя карані, што харчуюць яе сённяшнюю экзальтаваную псіхіку.
Па-першае, дзяўчына пазбаўленая была любові ў самым дзяцінстве: адносіны з маці не склаліся.
Па-другое, бацька сышоў з сям’і, калі Марына была малой.
Вось вам альфа і амега цяперашняга выбару Марыны Дамейка: яна, якая расла без бацькоўскага клопату і мужчынскай любові, прагна шукае тых, хто ў яе уяўленні – сапраўдны мужчына, клапатлівы, шчыры, мужны і далей па спісе… І найперш сапраўдны мужчынскі пачатак для яе праяўляецца ў жорсткіх выпрабаваннях, у катаваннях. Таму найпершы яе зварот – да мужчын-рэпрасаваных пісьменнікаў.
Галоўная прычына нырцавання Марыны ў часы рэпрэсій – рэальнае жыццё вакол яе самой не дае падстаў адшукаць сярод равеснікаў ці старэйшых падобных герояў. Прэснае, сумнае жыццё…
І вось цяпер усе пазлы неардынарнага і незвычайнага рамана Ганны Севярынец складваюцца разам. Выявіўшы для сябе Марыны Дамейку, як жорсткую, эгаістычную і няздольную на жывыя пачуцці да жывых жанчыну, зусім іншымі вачыма мы глядзім на аўтарскія эсэ. Цяпер яны граюць ролю чароўнага люстра, у якім жыццю і пачуццям гераіні процістаўляюцца сапраўднае жыццё і сапраўдныя пачуцці, яшчэ больш падкрэсліваючы антыподнасць самога аўтара і яе гераіні.
Час задаць пытанне: навошта ламаліся коп’і? Дзеля чаго было ствараць такую гераіню, гэтак рызыкоўна перадаваць ёй свае веды і частку сваёй любові, каб нехта паспешна атаясаміў Марыну з Ганнай?
А давайце азірнёмся. І вось на што звернем увагу.
Маем перад сабой абазнанага ў нечым чалавека. Разумнага вельмі. Эрудыта. Дададзім яму яшчэ званне прафесара. Можам пасаду пад мяккае месца падсунуць. І вось, няхай наш чалавек – найвялікшы аўтарытэт у літаратуры 20-30 гадоў мінулага стагоддзя, як наша гераіня. Кожнае яго слова ў сваім выступе падмацаванае фактамі і дакументамі. Ён – выдатны логік, аналітык, умее рабіць высновы. Запросім яго на якую сустрэчу і… зададзім пытанне адносна стану сучаснай літаратуры.
Калі ў яго хопіць сціпласці і выхаванасці, ён адмовіцца адказваць на пытанне, вінавата ўсміхнецца і скажа: “Прабачце, я не займаюся сучаснасцю…”
А калі не адмовіцца?
Калі не адмовіцца, дык сказанае ім станецца для нас аўтарытэтным меркаваннем. Якое нікім не будзе пастаўленае пад сумнеў. Бо ж вучоны чалавек!
Менавіта так атрымліваецца ў нас на самых розных узроўнях, у самых розных галінах. Здольнасці ў адной вобласці быццам даюць права судзіць са свайго гледзішча працэсы, з якімі наш аўтарытэт зусім не знаёмы. І мы цалкам пагаджаемся з такім станам рэчаў! Больш за тое: мы патрабуем (так, менавіта патрабуем) самых розных уменняў ад вядомых людзей, якія проста не абавязаныя іх мець. Да прыкладу – Святлана Алексіевіч. Колькі крытычных стрэлаў ляціць у яе бок пасля яе публічных выступленняў, інтэрв’ю… Яе абвінавачваюць ў слабых аналітычных здольнасцях, у няпэўным выказванні думак адносна знешняй і унутранай палітыкі краіны, у неарыгінальнасці…
А чаму нобелеўскі лаўрэат па літаратуры павінен быць красамоўным аратарам? Чаму павінен валодаць здольнасцямі і ўменнямі палітолага, аналітыка, эканаміста і публіцыста? Чаму пісьменнік, атрымаўшы найвышэйшую літаратурную прэмію, павінен раптоўна стаць харызматычнай асобай, трыбунам?
Страшна тое, што прызнаючы пэўныя і бясспрэчныя заслугі і веды чалавека ў адным кірунку, мы не можам (і часцей не хочам) адмовіць яму ў рацыі, калі ён пачынае абмяркоўваць далёкую ад сябе плынь, у якой і ног не замачыў.
І гэта зусім не жарты. Менавіта так і атрымліваецца ў той галіне, дзе нельга вагамі і метрам вызначыць патэнцыйную вартасць створанага – у літаратуры. Сёння, “дзякуючы” сеціву існуе рэальная пагроза размывання крытэрыяў сапраўднасці. Марына Дамейка ў Ганны Севярынец якраз і ёсць прыклад падобнага: дасведчанасць у адной вобласці і шчырыя пачуцці сталі падставай для прымання рашэнняў адносна усёй літаратурнай дзейнасці цэлага народа. Дамейка – яшчэ не самая вялікая пагроза, бо за ёй стаяць хоць бы якія веды. Але ж цяпер у крытыкі і суддзі ахвотна запісваюцца ўсе, каго не папытаюць. Больш-менш істотная вядомасць у сеціве (іншым разам – з-за рознага кшталту скандалаў) дае цягам часу падставы адным спытаць, а другім браць на сябе адказнасць гучна выносіць прысуды. Мы з вамі дайшлі да таго, што меркаванне нейкага асобнага спартсмена (няхай і сто разоў заслужанага) адносна сучаснай літаратуры лічым важнейшым за думку вядомага літаратурнага крытыка.
У гераіні Ганны Севярынец няма прататыпаў, гэта, безумоўна, зборны вобраз. Пэўныя якасці, як я ўжо казаў, дасталіся Марыне Дамейка ад самога аўтара. Неаднаразова даводзілася чытаць у сацсетках і каментарах думкі, якія сталіся пуцяводнымі зоркамі для гераіні раману: адносна таго, напрыклад, што ў сучаснай літаратуры немагчыма хоць нешта адшукаць, яна ўся нецікавая, няздольная і etс. Сустракаліся і пераканаўчыя заявы адносна таго, што твор пачынаецца з аўтара: найперш абмяркоўваецца ягоная асоба і вывучаюцца нібыта яго здольнасці і ўмовы для напісання хоць нечага, і толькі пасля, калі знаходзіцца колькі доказаў на карысць аўтара, выносіцца вердыкт кшталту: “Ну, пачытаем, мо і здарыцца цуд…”
Такім чынам, вобраз Марыны Дамейка – гэта сённяшні агрэсіўны крытык-аматар, з мінімумам ведаў у абмежаванай вобласці, без здольнасці да аналітыкі, але які мае дастаткова вядомасці і нахабства, каб без усякага сумнення выносіць вырак па любым пытанні літаратуры. Ну, а магчымасці для гэтага сеціва дае добрыя…
Пры ўсёй павазе да аўтара, Ганны Севярынец, я не магу сказаць, што раман атрымаўся цалкам беззаганны. Да прыкладу, дастаткова скамечаны і не вельмі пераканаўчы фінал, які нагадвае вядомае: “Аўтару так надакучылі яго героі, што ён іх хуценька пазабіваў”.
Можна б было аўтару папрацаваць і над наступным: такая аперацыя, як адбор кніг на вечнае захаванне не магла абысціся без пасіўнага ці (і) актыўнага ўдзелу нашчадкаў ды і жывых аўтараў. Безумоўна, гэта магло б істотна змяніць сюжэт, што ў сваю чаргу б пагражала разрастанню рамана ці не ўдвая, але можна б было хаця б ускосна крануцца гэтай тэмы – прага нашых асобных аўтараў трапіць у вечнасць – тая яшчэ тэма.
Пры ўсёй апраўданасці плоска выпісанага вобраза галоўнай гераіні мне асабіста не хапіла эвалюцыйнасці. Ну, гэта чыста жыццёвае назіранне, але ж хіба гэта не так: любога чалавека ўлада мяняе. У дадзеным выпадку гераіне дадзена улада, лічы, багіні, яна кіруе тысячамі бібліятэкараў, адзінаўладна вырашае: чаму быць, чаму не быць. І гэта не магло не змяніць мілую жанчынку Марыну Дамейка праз самы кароткі час. Іншая справа, не было вялікай магчымасці паказаць яе эвалюцыю на некім, але ж мужчына побач ёсць – значыць, хай будзе люстрам)
І апошняе… Гэта рэдактару вымова. Прамільгнула ў тэксце: трэба гераіні перагледзець мільярды кніг. Не ведаю, ці ёсць столькі ў нас разам, чаму мільярды, калі яна складала спісы і рассылала… Але тут іншы момант, які прымусіў усміхнуцца: мільярд секунд (толькі секунд) – гэта тэрмін у 31 год! Мілыя жанчыны! Не перабольшвайце, мужчыны заўсёды насцярожваюцца з вялікіх лічбаў.
Зрэшты, як з усяго вялікага, ці то кахання, ці то поспеху, ці то занадта гучных заяў і неміласэрных вердыктаў…
Валеры Гапееў