У гурта Vapna выйшаў беларуска-літоўскі сінгл

Беларускі індзі-гурт Vapna выпускае двухмоўны сінгл 1000 Krain / Nusivylimas — летуценную песню пра любоў, расчараванне і свабоду, якую кожн_ая зразумее па-свойму, што па-беларуску, што па-літоўску. Песня адразу была напісана на літоўскай мове, версія на звыклай гурту беларускай з’явілася ўжо пазней.

Vapna

«Новы альбом сачыняўся збольшага ў Літве — кажа фронтмэн гурта Андрэй Вазьянаў. — І паколькі я размаўляю па-літоўску вольна і часта, песня на гэтай мове нарадзілася тэхнічна лёгка, хоць і не так лёгка эмацыйна. Яна з’явілася з амаль што крыўды на абставіны — на адчуванне, што не можаш быць дома, не можаш адчуць сябе дома, і напамінаў аб гэтым шмат. Але з часам яна ператварылася ў песню-прыняцце, у гісторыю даравання і ўсведамлення жыцця як бясконцага падарожжа, якое не заўсёды ідзе паводле плана. Для кагосьці яна стане песней-мастом, для кагосьці песняй-пажаданнем добрага шляху, а камусьці дапаможа пераадолець страты і расстанні, якіх мы шмат».

1000 Krain / Nusivylimas — гэта першы сінгл з новага альбома гурта Vapna, які выйдзе напрыканцы вясны на лэйбле Radio Plato і будзе называцца «Амаль».

Слухаць на ўсіх пляцоўках.