«Рэжым, які баіцца музыкі, — слабы». Аўтары песні Lusterka з польскага Еўрабачання — пра падляшскую мову, хэйт і «экстрэмісцкі» статус

Сёлета на Еўрабачанне ад Польшчы паедзе папулярная спявачка Юстына Стэчкоўска, яна выйграла польскі адбор. Але галоўнай яго сенсацыяй сталі артысты з Падляшша Sw@da x Niczos, якія спявалі на падляшскай мове. Іх песня Lusterka доўгі час была на першым месцы ў чарце Viral-50 Poland у Spotify. Таксама трэк займаў высокія пазіцыі ва ўкраінскім і беларускім топе. У польскім фінале Еўрабачання яны занялі другое месца.

Sw@da i Niczos
Sw@da i Niczos, Фота: Instagram niczos_ і swadamusic

MOST пагаварыў з музыкам Sw@da (Віктарам Шчыгелам) пра тое, чаму такі вынік — гэта перамога, як Lusterka заахвоціла людзей размаўляць «по-своёму» і што ён думае пра свой «экстрэмісцкі» статус у Беларусі.

«Спадніцу вышывалі каля 50 чалавек»

Sw@da прыйшоў на размову адзін, без Niczos (Нікі Юрчук), якая сябе дрэнна адчувала пасля выматвальнага месяца падрыхтоўкі да фіналу адбору. Артыст кажа, што ўвесь гэты час яны працавалі нон-стоп і было добра, калі ўдавалася паспаць хаця б шэсць гадзін. Таму зараз музыканты стараюцца больш спаць, а, напрыклад, на выходных адпачывалі ў СПА.

— Няўжо падрыхтоўка да фіналу адбору была такой цяжкай?

— Так. Каб зрабіць такое шоу, трэба было вельмі шмат рэчаў з’яднаць паміж сабой. Гэта і візуальная частка, і музычная, і харэаграфія, і сцэнаграфія, і касцюмы. Гэта вельмі шмат працы, шмат артыстаў ва ўсім гэтым удзельнічае. Усё гэта патрабавала пастаяннай каардынацыі.

Напрыклад, у Nizcos была такая спадніца з падляшскімі ўзорамі. Яе вышывалі каля 50 чалавек.

— Наколькі ведаю, строі былі ад беларускай дызайнеркі?

— Так, гэта зрабіла Оля з «Праекта Этыка». Мы супрацоўнічалі з Оляй і раней. Яе вырабы можна пабачыць, напрыклад, у кліпах Huki Nočy, Uzory Vyšyvat’. Ну і наогул яна нам дапамагае, з Оляй працаваць супер. Вельмі добра, што на яе патрапілі, і вельмі радуемся.

— А астатнія людзі, якія з вамі працавалі, адкуль?

— Гэта былі артысты, якіх мы ведалі яшчэ перад адборам. Правераная людзі. За харэаграфію адказвала Эдыта Шахневіч. Яна працавала з намі, напрыклад, у праекце Bahato. Яна адказная за вялікую частку сцэнічнай харэаграфіі Sw@da x Nizcos.

За рэжысёрскую і візуальную частку адказваў Караль Мох. Ён рабіў нам, напрыклад, кліп Trava Murava, ды і астатнія: ён адказны за візуальную частку Sw@da x Nizcos.

Канешне, мы пазнаёміліся і з новымі артыстамі, якія нам дапамагалі. І гэта былі людзі і з Польшчы, і з Украіны, і з Беларусі.

«Пісалі ў прыватныя, што наша песня для іх важная»

— Што вы адчулі, калі аб’явілі другое месца?

— Былі вельмі добрыя пачуцці. Мы скідвалі сторыс, было бачна, што настрой у каманды вельмі добры. Мы вельмі задаволеныя тым, што там адбывалася.

Месяц таму мы былі невядомым гуртам. Але так сталася, што мы атрымалі ўсяго на 11 тыс. галасоў менш за пераможцу Юстыну Стэчкоўску. Таму вельмі дзякуем усім людзям, хто за нас прагаласаваў, — вы вельмі дапамаглі.

Канешне, калі мы падаваліся на конкурс, то не чакалі такога добрага выніку. Мы проста хацелі выкарыстаць гэтую платформу, каб папулярызаваць нашу музыку.

— Чаму трэк Lusterka стаў у Польшчы такім папулярным, вірусным?

— Маем надзею, таму што гэта проста добрая песня. Але дакладна ў тым трохі дапамагло і тое, што спяваем на нетыповай для Польшчы мове — па-падляшску. І гэта было цікава і трохі нават спрэчна.

Але каб гэта была толькі мова, то гэтай папулярнасці хапіла б на адзін дзень. Таму спадзяёмся, што наша песня файная і людзі проста хочуць яе слухаць. Бо яна была віруснай не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, Украіне. Вельмі нас гэта радуе ўвесь гэты час.

— Што вы адчулі, калі Lusterka завірусілася?

— Мы былі вельмі здзіўленыя. Мы разлічвалі, што гэта прынясе нам папулярнасць, але не чакалі, што аж так, да такой ступені. Таму гэта было вельмі вялікай неспадзяванкай.

Цяпер маем шмат канцэртаў, маем тур. У гэтым годзе плануем выдаць міні-дыск. Гэта адкрыла нам розныя магчымасці, розныя дарогі. Пакуль мы адпачываем, але хутка зноў будзем брацца за працу.

— Ці пісалі вам нешта кранальная пра Lusterka?

— Пісалі, што наша песня эмацыйна зрушыла нешта важнае ўнутры і што чалавек слухае гэтую песню, калі думае пра нейкія істотныя рэчы ў сваім жыцці. Пісалі ў прыватныя, што наша песня для іх важная. І гэта супер, што яна для некага важная. Гэта файна.

— А беларусы пісалі?

— Мы бачылі шмат каментароў ад беларусаў і ўкраінцаў. Менш, чым ад палякаў, але дакладна гэта была вялікая колькасць каментароў. І навіны таксама бачылі. Гэта вельмі файна. Падтрымлівалі нас і ўкраінцы, і беларусы ў Польшчы.

— Я бачыў каментары ад палякаў, што песня не па-польску не можа прадстаўляць Польшчу на Еўрабачанні. Што вы пра гэта думаеце?

— Усе песні на адборы, за выключэннем нашай і Юстыны, былі па-англійску. Таму не разумею такой прэтэнзіі. Гэта хутчэй вынікае з такога пазнавальнага дысанансу і ігнаравання таго, што на Падляшшы так ёсць. Да таго ж правілы конкурсу дазваляюць спяваць на любой мове, нават прыдуманай.


Sw@da i Niczos
Sw@da i Niczos. Фота: Niczos/Facebook

«Нашы творы павінны яднаць, а не падзяляць»

— Усё ж такі, што гэта за мова? Бо пішуць рознае.

— Гэтая мова не з’яўляецца кадыфікаванай, як мова польская ці беларуская. Але гэта тая мова, на якой на Падляшшы спрадвеку, шмат гадоў, размаўляюць людзі — «по-своёму», «по-нашому».

І такой агульнай назвай для яе можа быць «падляшская мова». Гэта ўсходнеславянскі дыялект, гаворка. Як і беларуская ці ўкраінская, падляшская ўзялася з «рускай мовы» Вялікага княства Літоўскага. Той самы корань.

— Я чытаў меркаванні, што гэта беларуская мова, а ўкраінцы кажуць — што ўкраінская.

— Кожны можа казаць што захоча. Хтосьці з Марса можа нават сказаць, што гэта марсіянская мова. Для мяне гэта сапраўды не мае нейкага вялікага значэння. Мы называем гэтую мову падляшскай. Але мы вельмі радыя, што яе разумеюць і беларусы, і ўкраінцы.

Калі паедзеш на поўдзень Падляшша, то там людзі размаўляюць бліжэй да ўкраінскай мовы, а на поўначы, у аколіцах Сакулкі, хутчэй бліжэй да беларускай. Нашы творы павінны яднаць, а не падзяляць. Гэта другасная справа — такая гэта мова ці такая. Больш важныя рэчы — гэта спеў і танец.

Ніка часта падкрэслівае, што гэта мова «по-своёму», «по-нашому». Гэта не мусіць быць кадыфікавана. Гэта нешта, што цячэ, што не атрымаецца акрэсліць. І мне вельмі падабаецца гэткая мастацкая цякучасць.

— Ці дзякавалі вам папулярызатары падляшскай мовы, напрыклад Ян Максімюк?

— Шмат разоў. Шмат разоў дзякаваў у сацыяльных сетках. Бо ён 20 гадоў хацеў, каб пра гэтую мову дазналіся.

Ян Максімюк з’яўляецца хіба галоўным папулярызатарам падляшскай мовы. Ён належыць да таго пакалення, якое ў дзяцінстве размаўляла выключна па-падляшску. Не па-польску, не па-беларуску, не па-ўкраінску — толькі па-падляшску. І ён казаў, што толькі ў сем гадоў даведаўся, што ў Польшчы размаўляюць па-польску.

— Ці неяк паўплывала папулярнасць Lusterka на носьбітаў падляшскай мовы?

— Пасля Lusterka Максімюк нам пісаў, што не ведаў, што столькі людзей можа пісаць «по-своёму», бо ўсе пачалі да яго пісаць на гэтай мове. І да нас таксама. Да нас звоняць знаёмыя людзі па справах, і год таму яны гаварылі па-польску. А зараз, калі звоняць да Нікі, то адразу размаўляюць з ёй «по-нашому».

Я ведаю шмат знаёмых з Беларусі. І яны казалі, што калі прыязджалі ў Мінск, то не размаўлялі там па-беларуску, бо ў Мінску ўсе гавораць па-руску. І што гэта было нават трохі сорамна — гаварыць па-беларуску, гаварыць на трасянцы.

У нас было трохі падобна. Шмат людзей, нават маладых, дома з роднымі размаўлялі «по-своёму», але калі ехалі ў горад, то там заўсёды гаварылі па-польску. І ў Facebook таксама пісалі адзін аднаму па-польску.

— Ці верыце, што цяпер падляшская мова атрымае нейкае развіццё, што на ёй будуць больш размаўляць?

— Маю надзею. Мовы вельмі важныя, таму што апісваюць нашую рэчаіснасць, сусвет, усе нашыя думкі фарміруюцца з дапамогай мовы. І калі мы ведаем больш чым адну мову, то можам гэтую рэчаіснасць апісаць рознымі спосабамі. Гэта добра, калі ведаеш больш чым адну мову.

Да таго ж падляшская мова вельмі мілагучная, яна найбольш захаваная ў песнях.

«Я магу сказаць, што Туск дурны, і мне ніхто нічога не зробіць»

— Instagram Sw@da прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Як вы гэта ўспрынялі, калі даведаліся?

— З гэтага статусу, канешне, можна пасмяяцца, але мы б не хацелі ніякіх клопатаў для беларусаў, якія за намі сочаць. Мы лічым, што мець праблемы, бо нас слухаеш, — гэта вельмі нездаровая рэч. Тое, што нехта за тое, што паслухае нашы песні, атрымае арышт ці штраф, вельмі нам не падабаецца.

Але мы думаем, што рэжым, які баіцца музыкі, — слабы. Таму лічу, калісьці мы зайграем у Мінску.

Я вельмі не люблю аўтарытарныя рэжымы, дзе б яны ні былі. Мне падаецца, што гэта вельмі важна, што я магу сказаць у гэтым інтэрв’ю, што Туск дурны, і мне ніхто нічога не зробіць. Але я думаю, што і папярэдні «ПіС» (партыя «Права і справядлівасць». — Заўв. MOST) таксама быў дурны, і за гэта меркаванне мне таксама ніхто нічога не зробіць.

Я таксама не маю праблем з тым, што нехта пад маімі творамі піша, што яны дрэнныя, ці «вон на Украіну» і гэтак далей. Бо гэта лепш, чым калі б людзі не маглі гэтага напісаць. Лепш, калі чалавек можа пісаць глупства, закранаць мяне, бо ў Беларусі нічога не можна напісаць. І гэта вельмі смутна.

— Што б вы пажадалі беларусам?

— Перадусім хачу падзякаваць. Вялікі дзякуй (Sw@da сказаў гэтую фразу па-беларуску. — Заўв. MOST). І за падтрымку, якую мы атрымалі. Вельмі яе адчувалі. Гэта было вельмі важна для нас. Мы вельмі ўдзячныя і заахвочваем да пошукаў свабоды ў сваёй галаве. І праз танец, праз музыку яе таксама можна знайсці.