Маленькае мястэчка з вялікай гісторыяй. Чаму варта наведаць Індуру

Індура — мястэчка ў Гродзенскай вобласці, якое славіцца старажытнай гісторыяй, часткова захаванай у помніках архітэктуры. Журналістка Кацярына Луцэвіч з’ездзіла ў гарадок ды адзначыла, на якія месцы варта звярнуць увагу турыстам.


03касцёл святой тройцы. фота 3_5.jpg

Ля вытокаў Індуры

Па звестках гісторыка Уладзіміра Казырова, упершыню Індура ўзгадваецца 2 кастрычніка 1413 года. У той дзень была падпісаная унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай як працяг Крэўскай уніі 1385 года. Пасля яе ў ВКЛ былі зацверджаныя тэрытарыяльныя дзяленні на ваяводствы і паветы, як у Польшчы. Да Троцкага ваяводства з цяперашняй Беларусі аднеслі Ашмяны, Слонім, Ваўкавыск, Індуру, Горадню. Усе гэтыя месцы былі названыя гарадамі ў дакуменце.

Хоць першыя звесткі пра горад датуюцца XV стагоддзем, ён мае больш старажытную гісторыю. Пра гэта сведчыць гарадзішча XI–XIII стагоддзяў.

01Гарадзішча. Фота 1_3.jpg

Пры раскопках археолагі знайшлі там шэраг рэчаў, што належалі мясцоваму насельніцтву. Гэта былі прадметы побыту, кераміка са славянскім арнаментам, інструменты для палявання, розныя аздабленні для жанчын, а таксама элементы зброі, сярод якіх — наканечнікі і шпоры.

Фарпост, які месціўся ў Індурскім гарадзішчы, надзейна бараніў месца ад варожых набегаў. Крыжакі, што імкнуліся захапіць гэтыя землі, уяўлялі найбольшую небяспеку.

З іх паходамі з’явілася легенда аб паходжанні назвы мястэчка Індура. Паводле яе, у каменданта індурскага замка была дачка Інда. Яна заспела адзін з набегаў крыжакоў, калі знаходзілася ў замку. Пабачыўшы іх, яна стала біць у званы. Крыжакі ўварваліся ў замак, але ў адначас з’явілася Маці Божая. Яна схавала бліжэйшую цэркаўку беласнежным покрывам, пасля чаго замак сышоў у зямлю разам з мужнай Індай. Спалоханыя крыжакі не кранулі мясцовых жыхароў і вярнуліся дадому. Кажуць, на месцы зніклага замка жыве прывід Інды, што б’е ў званы ў пэўны дзень. Калі адгадаць, які гэта дзень, нахіліцца да ўзгорка і прыкласці вуха, можна пачуць званы.

Зараз з гарадзішча адкрываецца прыгожая панарама Індуры.

02_Панарама Індуры. Фота 2_2.jpg

Касцёл Святой Тройцы

З заснаваннем драўлянага касцёла ў 1542 годзе таксама звязваюць першую ўзгадку Індуры. Ён будаваўся на грошы аднаго з першых гаспадароў месца Яна Давойны.

У 1815 годзе, па ініцыятыве беларускага ксяндза Радзевіча, быў узведзены новы мураваны храм на месцы драўлянага, а ў 1854 годзе яго асвяцілі пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У другой палове XIX стагоддзя ўладамі Расійскай імперыі праз паўстанні каталікоў была накладзена забарона на будаванне новых касцёлаў, а таксама на іх рэканструкцыю. Гэтая забарона была знятая толькі напачатку XX стагоддзя. Менавіта тады Касцёл Святой Тройцы ўпрыгожылі велічнымі фрэскамі, а пазней, у 1904–1907 гг., перабудавалі ў эклектычным стылі з рысамі неабарока і позняга класіцызму. Аб гэтым нагадваюць магутныя калоны, вялікі арачны праём з фігурамі святых на ягоных нішах.

03Касцёл Святой Тройцы. Фота 3_1.jpg

Унутры касцёл у той жа час упрыгожылі трыма драўлянымі алтарамі. На левым бакавым алтары размешчаны абраз Божай Маці. Гэта найстарэйшая ікона храма, якая датуецца XVII стагоддзем. Абраз шануецца як цудатворны.

На працягу Другой сусветнай вайны і наогул савецкага перыяду храм абмінулі рэпрэсіі. У другой палове XX стагоддзя ў касцёле працавалі манахі езуіты, што было адзіным такім выпадкам у БССР. Аднак у парафіі не было пастаяннага святара з 1978 па 1984 гг., у гэты час яна дзейнічала дзякуючы прыезджым ксяндзам. Нягледзячы на тое, што касцёл не зачыняўся, ён быў у занядбаным стане і меў патрэбу ў рамонтных працах. Па з’яўляенні сталага святара ў 1984 годзе храм стаў паступова аднаўляцца. На дадзены момант касцёл уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і ахоўваецца дзяржавай.

З гісторыі габрэйскай Індуры

Найменаванне месца на ідышы — Амдур — было прозвішчам для многіх габрэяў, народжаных у Індуры. Ёсць меркаванне, што заснавальнік габрэйскага роду Амдур быў менавіта адтуль.

На тэрыторыі Індуры габрэі аселі яшчэ ў XVI стагоддзі. Паводле статыстыкі, прыведзенай у кнізе Іны Соркінай «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ ст.», большасць насельніцтва Індуры ў 1829–1830 гг. складалі габрэі-мяшчане. Індурскія габрэі былі спрэс іўдзеямі, але ў XVIII ст. з Валыні на Беларусь пачала пранікаць новая містычная рэлігійная плынь — хасідызм. Хасідскія лідары — цадзікі — у адрозненне ад іўдзейскіх рабінаў, лічыліся пасярэднікамі паміж вернікамі і Богам, цудатворцамі і празорцамі.

У Індуры з 1770 па 1780 г. жыў знакаміты цадзік Хайкель (Хаім) Індурскі, да яго з’язджаліся хасіды з усіх канцоў ВКЛ. Менавіта тады Індура стала другім пасля Пінска цэнтрам хасідызму. Падчас свайго жыцця Хаім выступаў супраць вульгарызацыі хасідызму, якая адбывалася ў некаторых хасідысцкіх суполках. Пасля ягонай смерці габрэйскую суполку ўзначаліў ягоны сын, рабін Шмуэль. Пасля яго смерці ў 1798 годзе індурскі хасідызм не меў працягу.

Вераванні і жыццёвы лад габрэяў на працягу тысячагоддзяў вызначаў іудаізм. Мураваная сінагога ў Індуры была пабудаваная ў канцы XIX ст. У сваёй кнізе Іна Соркіна піша, што акрамя яе, тут існавалі чатыры драўляныя малітоўныя дамы.

04Сінагога. Фота 4_3.jpg

Будынак сінагогі адносіцца да строгага, манументальна-класічнага напрамку ў архітэктуры, з мінімальным прымяненнем дэкаратыўных элементаў. Адметна, што малітоўны дом узведзены на той момант на самым высокім узгорку Індуры; фасад будынка як бы накіраваны на Іерусалім; вялікая колькасць вокнаў была зроблена для таго, каб кожны наведвальнік мог бачыць неба.

Праца сінагогі была цалкам спынена пасля ўварвання ў мястэчка нямецкіх захопнікаў у 1941 годзе і паслядоўнага стварэння індурскага гета. Як піша краязнаўца Леанід Смілавіцкі: «Каля 2 тысяч вязняў індурскага гета вывезлі ў транзітны лагер Каўбасіна, а затым адправілі іх у лагеры смерці Асвенцым і Траблінка. На момант вызвалення Індуры 14 ліпеня 1944 г. у месцы не засталося габрэяў».

Пры савецкай уладзе сінагога выкарыстоўвалася як склад для калгаснага інвентара, а потым для будаўнічага. Зараз храм страціў сваю першапачатковую функцыю. Ён занядбаны і не мае статусу гісторыка-культурна каштоўнасці, які б забяспечыў яму ахову.

Габрэйскія могілкі

Габрэйскія могілкі ў Індуры лічацца аднымі з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Там знаходзяцца старыя пахаванні: чатыры мацэвы XVII ст., адна з якіх — магіла равіна Іцхака, сына равіна Ханона (1646), Юды Файвіша (1657), дзвюх жанчын па імені Брайна (1668 і 1693). Аднак, як заўважае Леанід Смілавіцкі, большасць мацэваў бесслядоўна зніклі, і, хутчэй за ўсё, іх забралі як безгаспадарны будаўнічы матэрыял.

05_Габрэйскія могілкі. Панарама. Фота 5_2.jpg

05_Габрэйскія могілкі. Фота 5_3.jpg

У 2003 годзе студэнты Дармунт-каледжа ўзвялі агароджу з брамай каля габрэйскіх могілак. Таксама на ўваходзе былі прымацаваныя дзве шыльды на англійскай і расійскай мовах, з якіх на цяперашні момант засталася толькі на англійскай. Верагодна, шыльду на расійскай мове скралі.

06Шыльда да габрэйскіх могілак. Фота 6.jpg

На падножжы пагорка знаходзіцца склеп рабіна Хаіма Хайкл Бен Шмуэля (сына апошняга хасідскага лідара ў Індуры). Яго ўпарадкавала міжнародная арганізацыя «Шатры праведнікаў» з Іерусаліма ў 2006 годзе.

07Склеп. Фота 7.jpg

На жаль, уласных намаганняў па ахове габрэйскай спадчыны недастаткова. Зараз індурскія могілкі выкарыстоўваюцца як адгонная паша для сельскіх жывёлаў.

08_Агароджа да могілак. Фота 8_1.jpg

Агароджа часткова апракінутая. Як казаў польскі краязнаўца Вітольд Карпыза: «Індура страціла габрэйскі каларыт».

08Агароджа да могілак. Фота 8_2.jpg

Жылая забудова

Праз тое, што большасць насельніцтва Індуры складалі габрэі, многія будынкі канца XIX — пачатка XX стагоддзя тычацца габрэйскай спадчыны.

09Фота 9_1. Жылая забудова.jpg

09Фота 9_3. Жылая забудова.jpg

Некаторыя з іх захоўваюць аўтэнтычныя сцены з жоўтай цэглы.

10Фота 10_2. Дом з жоўтай цэглы.jpg

Цяперашняя лазня некалі належала габрэйскай суполцы.

11Фота 11_2. Лазня.jpg

Брама да прыватнага дома каля сінагогі ў 1940-я гады служыла ўваходам да індурскага гета.

12Фота 12. Брама да гета.jpg

Сядзіба Бжастоўскіх-Казлоўскіх

У XIX стагоддзі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Індура перайшла ва ўласнасць двух радоў: Бжастоўскіх і Казлоўскіх. У той час была ўзведзена сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі. У савецкія часы сядзіба выкарыстоўвалася ў якасці санаторыя ці інтэрната. Зараз месца з’яўляецца жылым.

13Фота 13_1. Сядзіба.jpg
Сядзіба

13Фота 13_4. Гаспадарчы дом. Выгляд з боку.jpgГаспадарчы дом каля сядзібы

Праваслаўны храм

Царква-мураўёўка імя Аляксандра Неўскага заснаваная ў 1881 годзе. Плошчу для яе пабудовы ахвяраваў мясцовы памешчык Іван Казлоўскі. Царква вылучаецца сваім мастацкім пано, зробленым паводле евангельскага сюжэта. Храм адносіцца да псеўдарускага стылю і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

14Фота 14_1. Праваслаўны храм.jpg

14Фота 14_3. Праваслаўны Храм. Пано.jpg

Забудова пачатку XX стагоддзя

У пачатку XX стагоддзя ў Індуры з’яўляюцца важныя для яе эканомікі будынкі. Адзін з іх — гандлёвы цэнтр, які месціцца на часткова захаванай Базарнай плошчы.

15Фота 15. Гандлёвы дом.jpg

Таксама варты ўвагі будынак паштовай станцыі. Абодва будынкі не закінутыя, але не ахоўваюцца дзяржавай як культурная спадчына.

16Фота 16. Будынак паштовай станцыі.jpg

Брукаваныя сцежкі

Уздоўж жылых дамоў можна заўважыць старыя брукаванкі. Адны з іх разабраныя, але некаторыя некранутыя.

17Фота 17_4. Брукаваныя сцежкі.jpg

photo_2022-10-06_14-00-08.jpg


Кацярына Луцэвіч, budzma.org. Фота аўтаркі