Вядоўца відэапраекта «Сармат» на ЮТ-канале «Будзьма беларусамі!», актор, рэжысёр і рэканструктар Васіль Калач ладзіць трэніроўкі па гістарычным фехтаванні ў польскім горадзе Супрасль недалёка ад Беластока.
Як адзначае Васіль Калач, трэніроўкі «для дзяцей, якія маюць смеласць, энергію і хочуць адчуць дух мінулых эпох». Узрост удзельнікаў: 9–12 гадоў.
Заняткі праходзяць ў Цэнтры культуры і адпачынку Супрасля практычна ў «элітным фармаце», бо ў групе ўсяго 6 месцаў. Гэта дазваляе надаць максімальную ўвагу кожнаму ўдзельніку.
«Гэта не будуць звычайныя спартыўныя заняткі. Гэта будзе прыгода, дысцыпліна, гісторыя і моцныя эмоцыі — усё ў найлепшым выкананні!» — заахвочвае Васіль Калач.

Васіль Калач разам з удзельнікамі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863” падчас прэзентацыі клуба
Васіль Калач з’яўляецца адным са стваральнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863». Пра тое, як працуе клуб, мы распавядалі ў артыкуле.
«Гістарычная рэканструкцыя — гэта не толькі строй, які адшываем, — казаў Васіль Калач ў каментары для Budzma.org — Гэта рэканструкцыя бойкі, фехтаванне, побыт і штодзённасць паўстанцаў. Увесь комплекс, каб можна было адчуць дух часу. Каб чалавек мог натхніцца ды зразумець, які кошт нашы продкі плацілі за Свабоду».