У Беластоку беларусы стварылі клуб гістарычнай рэканструкцыі паўстанцаў 1863 года. Падобнага клуба не было ў Беларусі нават у лепшыя часы. Дзіўна, але не было раней такога і ў польскім Беластоку. Хто, як і на якія грошы гэтым займаецца?
Удзельнікі клуба падчас прэзентацыі
Прэзентацыя клуба прайшла ў Беластоку 22 студзеня. Але ідэя з’явілася роўна год таму, напапярэдні ўгодак, што прыпалі на 160-годдзе пачатку Паўстання. З таго часу ўдзельнікі пачалі закупацца матэрыялам ды «шыцца»: вопратку кожны робіць сабе сам.
«Пакуль мы — клуб сяброў, не інстытуцыя, — распавядае актыўны ўдзельнік клуба Васіль Калач, — «шыцца» і вывучаць тэму — першы этап. Сэнс гістарычнай рэканструкцыі ў тым, каб гісторыю выносіць вонкі. Заахвочваць тых, хто пра Паўстанне толькі чуў нешта краем вуха».
Працэс пашыву сцяга паўстанцкага атраду
У Клубе на сёння каля дзясятка чалавек. Кожны выбраў сабе вобраз: ад селяніна-касінера да шляхціча-афіцэра. Адметнасць у тым, якую вопратку і зброю мае ўдзельнік. Ад каванай і заточанай касы да сапраўднай французскай афіцэрскай шаблі адпаведна эпосе.
Косы, шаблі, сякеры ды — нажы тыпу «мачэтэ»
«Самае дарагое і складанае — зброя. Як у час паўстання, так і сёння, бюджэтны варыянт — косы. А шаблі і агняпальная зброя — даражэй. Тая ж шабля, арыгінальная, ад 1000 злотых [каля 230 еўра — рэд.] і амаль да бясконцасці. Вопратка на хлопцах — гэта рэканструкцыя сялянскага строю Падляшша ХІХ ст., нам пашчасціла купіць на распродажы, пасля кожны падшываў пад сябе», — дадае Васіль.
Удзельнікі клуба падчас прэзентацыі. На першым плане Васіль Калач
Іншы ўдзельнік клуба, Аляксей Трубкін, распавядае пра свой строй: ільняныя нагавіцы, жупан, скураныя боты, пас са спражкай з Арлом і Пагоняй, скураная сумка, ну і канешне ж — шапка-«рагатыўка». Паўстанцы не мелі адзінага ўзору формы, але стараліся мець у атрадах адметныя элементы, напрыклад, «рагатыўкі» аднаго колеру. У выпадку клуба — сінія.
«Зброя магла быць вельмі розная, — працягвае Аляксей, — карабіны ды паляўнічыя стрэльбы, рэвальверы, шаблі... Але мы часта забываемся, што селянін найперш карыстаўся сваім жа сялянскім інвентаром. Не толькі каса, але і сякера. Ці вялікі нож [нагадвае каваную мачэтэ — рэд.], які ўчора мог карыстаць у гаспадарцы, а заўтра ўжо з ім ішоў у лес. Падобныя я бачыў у розных музеях».
Падобнымі нажамі сяляне карысталіся ў гаспадарцы, а пасля маглі ісці з імі ў лес
Схаваць паўстанца пад крыналінам у часе вобшуку
Сярод удзельнікаў ёсць і дзяўчаты. Тэлевядучая і спявачка Кацярына Ваданосава ўласнаручна зрабіла шыкоўны «жалобны» строй чорнага колеру пад эпоху. Пад вялікім крыналінам, напрыклад, маглі пераносіць зброю. А яшчэ там можна было ...схаваць паўстанца ў часе вобшуку! Менавіта так, як пішуць, пісьменніца Эліза Ажэшка аднойчы схавала апошняга лідара Паўстання на нашых землях Рамуальда Траўгута, калі ў яе маёнтак прыйшлі расійцы.
Кацярына Ваданосава ў «жалобным» строі
«Час нацыянальнай жалобы пачаўся яшчэ з 1861 года пасля забойства расійцамі 5 маніфестантаў, — распавядае Кацярына. — Калі б дзяўчына тады выйшла ў свет у каляровай святочнай вопратцы, то яе б наўпрост не зразумелі. Патрыятычны канон — жалоба. Шмат фактаў пра ўдзел жанчын у Паўстанні: насілі ежу і вопратку ў лес, удзельнічалі ў канспірацыі, апекаваліся параненымі, самі бралі зброю ў рукі... урэшце, ехалі ў Сібір пасля паразы. Пра гэта трэба памятаць».
Жалобны строй Кацярыны Ваданосавай чакае на гаспадыню
Іншы ўдзельнік клуба — Дзяніс Жыгавец — пакуль адзіны ўласнік рэплікі агняпальнага пістоля. Паводле яго, ідэя клуба рэканструкцыі Паўстання 1863 года з’явілася яшчэ ў Беларусі, але часу гэтым займацца не было. Тут жа — добрая магчымасць нешта рабіць разам ды «не звар’яцець» на чужыне.
«Чаму гэты перыяд? У Беларусі была добрая школа рэканструкцыі на часы ВКЛ, ад Вітаўта да гусарыі. Была рэканструкцыя на 1812 год, прыгожа і годна, з коньмі. А па 1863 годзе — нічога. Вось і вырашылі ўзяцца за тое, чаго не было. Калі ўсё будзе добра, то прывязем некалі гэтую ініцыятыву ўжо ў Беларусь, як мае быць», — дадае Дзяніс.
Сякерка ХІХ ст. таксама прыдалася ў клубе
Зразумець, які кошт продкі плацілі за Свабоду
Клуб сёння не мае ніякай падтрымкі: хлопцы і дзяўчаты ўсё робяць за свае грошы. Памяшканне для сустрэч дае Беластоцкі хаб «Новая зямля». Калі, напрыклад, трэба затачыць косы — самі шукаюць адпаведную майстэрню.
Планы на будучыню вялікія: майстар-класы, лекцыі «жывой гісторыі», удзел у фотасэтах. На ўгодкі — ганаровая варта ў знакавых месцах. Напрыклад, у Мастаўлянах пад Беластокам, дзе нарадзіўся Каліноўскі. На цёплы сезон плануецца нават летнік.
Паўстанцкае сэлфі
«Гістарычная рэканструкцыя — гэта не толькі строй, які адшываем, — рэзюмуе Васіль Калач. — Гэта рэканструкцыя бойкі, фехтаванне, побыт і штодзённасць паўстанцаў. Увесь комплекс, каб можна было адчуць дух часу. Каб чалавек мог натхніцца ды зразумець, які кошт нашы продкі плацілі за Свабоду».
Алесь Кіркевіч
Фота клуба рэканструкцыі Invictus 1863 ды аўтара