Вядомы беларускі спявак і музыка, лаўрэат галоўнага беларускага музычнага спаборніцтва “Рок-карона” Зміцер Вайцюшкевіч выступіў з сольным канцэртам у малой залі канцэртнай залі “Мінск”, на якім прэзентаваў свой апошні альбом “Тое, што трэба”. Імпрэза адбылася ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма!”.
Яшчэ 2 снежня на прэзентацыі “Народнага альбому” Зміцер Вайцюшкевіч паведаміў, што квіткі на канцэрт ужо распраданыя. Ажыятаж да мерапрыемства прымусіў арганізатараў забяспечыць жадаючых дадатковымі крэсламі ў залі, бо колькасць аматараў творчасці спевака значна перавышала колькасць існуючых месцаў.
Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў публіцы песні са свайго новага альбому, якія вар’іруюцца ад лірычных і рамантычных да кпліва палітычных, і некаторыя кампазіцыі са сваёй ранейшай творчасці, у тым ліку паланэз Агінскага. Кожную песню ён суправаджаў уступным словам, раскрываючы іх сутнасць і некаторыя падрабязнасці паходжання.
На канцэрце прысутнічалі вядомыя паэты Беларусі, сярод якіх Генадзі Бураўкін і Міхал Анемпадыстаў. На іх вершы пакладзеныя шматлікія песні Зміцера Вайцюшкевіча.
Наступны, калядны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча адбудзецца 23 снежня.
Фота з сайта todar.net/