Добрая традыцыя адзначаць свой дзень народзінаў канцэртам, заведзеная Змітром Вайцюшкевічам, знайшла свой працяг і сёлета. Нягледзячы на спёку, 20 ліпеня ў Вялікай зале к/з «Мінск» сабраліся не толькі сябры, але і даволі шмат прыхільнікаў творчасці музыкі (прынамсі, у Малой зале ўсе ахвотныя не змясціліся б).
Аднак утульнасці і камернасці сяброўскіх пасядзелак дзея не страціла — хаця б таму, што не было выразнай праграмы канцэрта – песні выконваліся ў залежнасці ад настрою самога выканаўцы, яго публікі і атмасферы, што панавала ў зале. Асабліва замілоўвалі воклічы Язэпа (сына Змітра), які, відаць, ужо вучыцца акампаніяваць бацьку.
Зміцер Вайцюшкевіч
Як і ў мінулым годзе, канцэрт пераважна склалі песні на вершы Уладзіміра Някляева. «Ізноў адбываецца не мой бенефіс, а бенефіс Някляева», — пажартаваў Зміцер Вайцюшкевіч, пачынаючы канцэрт з пранікнёнай «Дарогі».
Зміцер Вайцюшкевіч
Цягам канцэрта гучалі таксама любімыя песні на вершы Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Камоцкага з альбомаў «Паравоз кахання», «Паравіны году», «Тое, што трэба», «Калыханкі», «Танга з ружай», з супольнага праекту «Я нарадзіўся тут» і іншых.
Зміцер Вайцюшкевіч
А пасля асабліва актуальнай у цяперашні час песні «Галодны воўк» імяніннік атрымаў у падарунак бычкоў з самога Адэскага прывозу
Зміцер Вайцюшкевіч
Зміцер не толькі кампазітар і спявак, але і саксафаніст — у гэтым прысутныя ўпэўніліся, калі ён прадэманстраваў свае поспехі ў засваенні гэтага складанага, але такога душэўнага інструмента. Неверагодна відовішчна глядзелася яго «танга з саксафонам».
Яўгенія Лятун
Лагічным працягам вечара стала джазавае віншаванне ад Яўгеніі Лятун і Андрэя Лабчэўскага.
Уладзімір Арлоў
Своеасаблівы перформанс прадэманстравалі пісьменнік Уладзімір Арлоў і Зміцер Вайцюшкевіч: першы прачытаў верш, другі адразу падабраў да яго мелодыю. Ой, нялёгкая гэта задача — знайсці музычнае ўвасабленне рыфмаваных радкоў.
Уладзімір Някляеў
Нашы сучаснікі, вядомыя паэты, актыўныя грамадскія дзеячы Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін таксама падрыхтавалі прыемныя сюрпрызы, прачытаўшы ўрыўкі са сваіх новых кніг: Някляеў — актуальны з пункту гледжання грамадства, Бураўкін – з побытавага («Спёка»). «Не спачываць на лаўрах, а спачываць на ружах», – пажадаў імянінніку Генадзь Бураўкін. І азадачыўся: «Няўжо ў маім жыцці быў час, калі ў ім не было Вайцюшкевіча?»
Генадзь Бураўкін і Зміцер Вайцюшкевіч
Мінулагодняе заданне – вывучыць словы песні «Бывайце здаровы, жывіце багата» прысутныя выканалі на «выдатна».
Пры канцы імпрэзы Вайцюшкевіч запрасіў публіку на вялікі канцэрт, прысвечаны творчасці Уладзіміра Караткевіча, які адбудзецца ўвосень.
І вось са ўсёй залы пацягнуліся знаёмыя і незнаёмыя, сябры і прыяцелі з падарункамі. Шмат цёплых словаў, усмешак і жартаў. Добрая традыцыя падаравала цудоўнае музычнае свята. Дык няхай Зміцер яшчэ сто гадоў робіць свае традыцыйныя летнія канцэрты!