Вайна дае ўнікальную магчымасць зірнуць на мінулыя дзеянні палітыкаў, публічных асобаў, экспертаў без налёту непатрэбных залішніх аздобаў. Выяўляецца чыстае разуменне трансляваных раней наратываў без дыпламатычных рэверансаў, за якімі часцяком хаваецца сутнасць. Аляксей Гайдукевіч піша пра тое, як памянялася рыторыка еўрапейскіх палітыкаў, якія былі прыхільнікамі дзеянняў кіраўніцтва РФ, у сувязі з падзеямі ва Украіне.
Не сакрэт, што вялікая колькасць заходніх палітыкаў, нават пасля падзеяў 2014 года на паўднёвым усходзе Украіны, успрымала камандна-адміністратыўную сістэму РФ у якасці магутнай паважанай сілы. А яе лідара параўноўвала з вялікімі палітыкамі і кіраўнікамі мінулага.
Мова не пра нейкія маргінальныя заходнія палітычныя постаці, а пра цалкам уплывовыя, чые палітычныя сілы маюць шырокае прадстаўніцтва ў органах улады.
Даволі цікава пазнаёміцца з іхнімі актуальнымі пазіцыямі і ацэнкамі дзеянняў кіраўніцтва РФ ва Украіне. Наколькі яны супярэчаць мінулым меркаванням палітыкаў?
Польскія адэпты «моцнай рукі»
У Польшчы адным з вядомых даўніх «прыхільнікаў» прэзідэнта РФ ёсць дэпутат сейма Януш Корвін-Мікке — прадстаўнік аб’яднанага руху нацыяналістаў і «кансерватыўных лібералаў» — партыі «Канфедэрацыя» (амаль 7% на выбарах у парламент 2019).
Януш Корвін-Мікке
Ён быў адным з першых палітыкаў з ЕС такога значнага ўзроўню, які наведаў паўвыспу Крым. Яшчэ ў 2015.
Менавіта Корвін-Мікке вядомы рыторыкай, якая згуртавала вакол ягонай фігуры польскіх выбарцаў, немалая доля сярод якіх ёсць «прыхільнікамі» адміністратыўна-дырэктыўнага стылю кіравання дзяржавай па прыкладзе РФ. Яшчыэ 7 год таму Корвін-Мікке казаў:
«Я б хацеў, каб кіраўнік РФ быў прэзідэнтам Польшчы. Польшчу баяліся б (...) Прэзідэнта РФ баяцца ва ўсім свеце, і таму расейцы ганарацца ім».
Але пасля 24 лютага 2022 г. накіраванасць меркаванняў палітыка рэзка змянілася:
«Напад на краіну без аб’яўлення вайны з’яўляецца злачынствам — незалежна ад таго, гінуць салдаты або мірныя жыхары. І дзеянні РФ бессэнсоўныя».
Нямецкая палітычная палітра
Нямеччына лічыцца адной з галоўных краінаў-лабістак інтарэсаў бізнесу і кіраўніцтва РФ у Еўропе. Але наўпроставую падтрымку крамлёўскаму лідару амаль па ўсіх спрэчных пытаннях выказвалі прадстаўнікі толькі дзвюх буйных партый — скрайне правай AfD (12,5% на выбарах 2021 у Бундестаг) і скрайне левай Die Linke (9,5%).
Пасля лютага 2022 г. сітуацыя змянілася, але не так кардынальна, як у Польшчы.
Напрыклад, большасць палітыкаў AfD афіцыйна асудзілі ўварванне войскаў РФ ва Украіну. Хаця прадстаўнікі гэтай партыі неаднаразова і наведвалі Крым. І для іх факты «прыяднання» паўвыспы да РФ у той час не разглядаліся як парушэнне міжнародных нормаў.
Іншая справа са скрайне левымі.
Дэпутат Бундэстагу ад Die Linke Андрэй Гунько, па інфармацыі СМІ, літаральна некалькі тыдняў таму быў у Маскве на перамовах. Паводле ягоных словаў, ён сустракаўся там з прадстаўнікамі ўлады, а таксама з апазіцыйнымі групамі. Гунько — адзін з дэпутатаў «левых», якія ў 2015 г. наведвалі раёны Данбаса, не падкантрольныя ўкраінскім уладам.
Андрэй Гунько
Але з канца лютага 2022 г. рыторыка і ў гэтай партыі змянілася:
«"Левая фракцыя" падтрымала антываенныя ініцыятывы парламента Нямеччыны. Ва ўласнай рэзалюцыі дэпутаты Die Linke назвалі кіраўніка РФ "брутальным агрэсарам і заваёўнікам".
Але магчымыя пастаўкі нямецкай зброі для ўкраінцаў частка "скрайне левых" не падтрымала, назваўшы падобныя дзеянні "ўдзелам у вайне на адным з бакоў"».
Італьянскі міністр — фанат РФ
Адным з самых адыёзных прыхільнікаў РФ ёсць італьянскі папуліст Матэо Сальвіні — лідар партыі Lega Nord (18% у парламенце).
Матэо Сальвіні
Пасля выбараў улетку 2018 года ён амаль год займаў пасаду міністра ўнутраных справаў, а за некалькі месяцаў да гэтага апублікаваў вось такое фота з Чырвонай плошчы ў Маскве.
Не адзін раз ягоную партыю абвінавачвалі ў атрыманні фінансавання ад кіраўніцтва РФ. Але Сальвіні катэгарычна адпрэчваў гэта:
«Ніколі не атрымліваў долара, еўра або літра водкі ад РФ».
Пасля пачатку ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну рыторыка Сальвіні катэгарычна змянілася. Замест словаў падтрымкі для РФ і заяваў супраць санкцыяў падчас прамовы ў Сенаце палітык падкрэсліў:
«Зараз стала відавочным, хто агрэсар і нападнік».
Але, як адзначаюць журналісты, Сальвіні пазбягае наўпроставых абвінавачанняў РФ і нават зараз намагаецца абмежавацца дыпламатычнай «лінгвістычнай акрабатыкай».
Перадвыбарчы ўдар па французскіх папулістах
Вайна супраць Украіны апынулася вельмі непрыемным сюрпрызам для французскіх скрайне правых папулістаў — Марын Ле Пэн і Эрыка Земура.
Марын Ле Пэн
Калі Ле Пэн, якая ў другім туры прэзідэнцскіх выбараў у 2017 г. атрымала падтрымку 33% выбарцаў — надзейны і даўні «прыхільнік» РФ, Земур — новы твар у гэтай «кагорце».
Эрык Земур
Падчас бягучай электаральнай кампаніі вельмі падобна, што гэты палітык намагаецца перахапіць частку электарату Ле Пэн. Таму ўжо неаднаразова захапляўся «палітыкай РФ» і «марамі аб аднаўленні былой імперыі». Але, як і Ле Пэн, пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне паспяшаўся адмежавацца ад раптоўна сталага таксічным «мудрага кіраўніка РФ»:
«РФ не падвяргалася ні нападу, ні наўпроставай пагрозе з боку Украіны... Я цалкам асуджаю вайсковую інтэрвенцыю ва Украіне».
Спадарыня Ле Пэн, якая ў 2014 г. атрымала ад аднаго з банкаў РФ пазыку ў памеры 9 млн еўра на перадвыбарчую гонку, дарэчы, не была настолькі катэгарычнай і абмежавалася не вельмі «глыбокай занепакоенасцю»:
«Вайна часткова мяняе маё меркаванне пра кіраўніка РФ... Ён перайшоў чырвоную лінію».
І хаця вялікая частка «прыхільнікаў» РФ на Захадзе зараз намагаецца прыхаваць свае «былыя» сувязі з сённяшняй крамлёўскай адміністрацыяй, за ўсёй гэтай «лінгвістычнай акрабатыкай» добра бачныя спробы не рваць канчаткова стасункаў.
Бо відавочна, што прыцягвае гэтых еўрапейскіх палітыкаў зусім не нейкая ідэалагічная блізкасць да Крамля. З вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што адным з галоўных матываў былой падтрымкі і сённяшніх намаганняў «захаваць маскоўскую прыязнасць» — з’яўляюцца грошы.
Не дарма ў дачыненні да гэтых палітыкаў увесь час гучаць абвінавачанні ў атрыманні фінансавання з РФ.
Другім матывам можа быць гульня з электаратам. Бо не сакрэт, што дзякуючы шырокамаштабнай прапагандзе, у заходнім грамадстве за апошнія прыблізна 10 год сфармаваліся даволі ўстойлівыя групы электарату, прыхільныя РФ і яе палітыцы.
Зразумела, што вайна ва Украіне можа істотна зменшыць іх колькасць.
Але палітыкі — «сябры РФ», здаецца, разглядаюць розныя варыянты разгортвання падзеяў ва Украіне. І не выключаюць будучыя магчымасці па спрыянні «рэабілітацыі Крамля». Вядома, небескаштоўна. Таму не варта асабліва верыць і падманвацца, цалкам давяраючы сённяшняй рыторыцы падобных палітыкаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org