Драма, якую мы зараз назіраем, яшчэ не скончылася і невядома калі скончыцца. Праз штодзённыя паведамленні — пра забітых, параненых, выгнаных са сваіх дамоў — мы нават не можам ацаніць яе маштабу. Тым больш, задумацца аб варыянтах будучыні.
Можна толькі здагадвацца, якую карціну будучыні маюць у галовах кіраўнікі Крамля, але ў кожным выпадку — гэта антыфутурызм. Будучыня без будучыні, скроеная як ласкутная коўдра з розных кавалкаў мінулага. Зазвычай у гісторыі падобныя спробы аднаўлення «былой велічы» сканчаліся фіяска.
Нават гітлераўскі праект, які меў рэканструяваць колішнюю веліч, уключаў у сябе мадэрнізацыю і тэхналагічнасць. Савецкі праект быў наскрозь тэхналагічным, скіраваным у будучыню. Абодва праваліліся. Дык што казаць пра Расію, у якой і дагэтуль з тэхналогіямі было нясоладка, а зараз зусім гамон?..
Таму больш верагодным падаецца перспектыва «новага сярэднявечча» пад ядзерным парасонам і галаграмай Пуціна, якую падданым паказваюць замест фільмаў Netflix... Добра, пра ўсё па парадку. Накідаем пару сцэнароў.
«Доўгая зіма»
Уявім сабе, што ў Крамлі зразумелі: у вайне не перамагчы. Нават калі заняць Левабярэжжа, што ўжо бачыцца фантастыкай, то ўтрымаць яго нерэальна. Хіба выпаліць усё ядзернымі боегалоўкамі. Але тады навошта такое Левабярэжжа каму патрэбнае?
Уявім, што Крэмль вырашыў спыніцца, але «захаваць твар». Шайгу справаздачыцца, што спецаперацыя заверашаная — вайсковая інфраструктура знішчаная, аднаўленнем украінцы будуць займацца яшчэ гадамі. Пуцін дае яму «героя Расіі», войскі вяртаюцца за старую мяжу, прапаганда пачынае ствараць эпас пра вызвольны Z-паход.
Як не парадаксальна, менавіта такі сцэнар цалкам укладаецца ў ардынскую логіку вайны. Прыйсці — выпаліць — забраць што можна — сысці. Захад і NATO не хочуць вялікай вайны, украінцы не пойдуць у глыбокі контрнаступ на тэрыторыю Расіі, а тады — што замінае рабіць такія знішчальныя паходы раз на 7–10 гадоў?..
А ў самой Расіі надыходзіць «доўгая зіма». Без заходніх тавараў, тэхналогіяў, паўнавартаснага інтэрнэту. Галодная і халодная краіна, якую падкормлівае адно Кітай, а паралельна смокча рэсурсы — выпівае Расію як сок праз саломінку. Для Кітая РФ пераўтварылася б у вялізную КНДР — вечную страшылку для Захаду, якую можна трымаць на ланцугу.
Беларусь таксама заледзянее на нявызначаны час. Пераўтворыцца ў «заходні выступ» вялікага еўразійскага монстра. У дадатак, Беларусь будзе нашпігаваная зброяй і войскамі, рух праз мяжу і кантакты канчаткова спыняцца. Для Крамля не будзе мець значэння, якая тут эканоміка ці колькі ў Беларусі застанецца людзей — ды хоць мільён, хоць палова. Гэта тэрыторыя для базаў і танкаў.
Пры такім раскладзе свет канчаткова дзеліцца на кластары, цалкам незалежныя і нецікавыя адзін аднаму. Паміж кластарамі — сцяна. Пра свабодны рух рэсурсаў, тавараў і людзей можна забыць. Пра візы — таксама. А навошта яны, калі адна частка і без таго будзе Еўропай, іншае — не? Хіба — для жменькі дыпламатаў.
Галодным жыхарам Еўразіі за адсутнасцю інтэрнэту можна будзе дзень і ноч трансляваць свой варыянт постпраўды, тлумачыць, «хто вінаваты» ды паказваць галаграму Пуціна з гурыямі ў пінжаках «Аэрафлоту». Жывы гаспадар Крамля ці не — ужо не будзе мець значэння.
Расія. Перазагрузка
Куды больш за шараговых расійцаў уся гэтая сітуацыя закранула эліты краіны. Уявіце — нехта губляе магчымасць купіць біг-мак у «Макдональдсе», а нехта — мільёны, вілы, вінаграднікі і яхты. І ўсё далейшае жыццё як на парахавой бочцы: вайна, не вайна, а раптам чысткі эліты, а раптам яшчэ што?.. Грэф або Дзерыпаска стаюць такімі самымі закладнікамі сітуацыі, як стораж з Мурманска ці прадавачка рыбы ў Растове.
Выйсце — змова і... «табакерка». Далей — спроба павесіць на яго ўсіх сабак. І тут ужо абсалютна не важна, хто будзе новым кіраўніком іхнай краіны, Навальны або які-небудзь генерал. Галоўнае, што гэта будзе новы чалавек, з якім Захад зноўку будзе дамаўляцца і паступова адмяняць санкцыі.
Калі нешта падобнае адбудзецца ў бліжэйшай перспектыве, то і распаду Расіі можна будзе пазбегнуць. Тым больш, Захад, як і ў 1991-м, будзе супраць. Вядома чаму: бо ядзерная зброя, якая дастанецца невядома каму, бо фактар Кітая, бо перспектыва доўгай унутрырасійскай вайны ўсіх з усімі на неакрэслены час.
Пры такім раскладзе Украіна вяртае сабе свае тэрыторыі, а Беларусь зноўку атрымлівае магчымасць трансфармацыі. Самае цікавае, што і для кіраўніка Беларусі гэты варыянт не фатальны: узгадаем нават адыёзнага генерала Франка, які займаў пасаду яшчэ доўгія гады пасля паразы Германіі. Свет быў яму ўдзячны за тое, што той не перакрыў Гібралтар для саюзнікаў ды не ўвайшоў у вайну напоўніцу.
Ніхто не хоча ў «рай»
Канечне, застаецца і пякельны варыянт «ядзернай зімы» — сцэнар цалкам апакаліптычны. Ну а што? Уявіце сябе на месцы гаспадара Крамля.
Вы бачыце, што вайсковыя справы ідуць кепска.
Бачыце пагрозы і звонку, і з сярэдзіны краіны.
Бачыце, што Ваш асабісты час незваротна мінае.
А старая мара пра ўваходжанне ў гісторыю ды татальную помсту нікуды не падзелася. Дык можа бахнуць?..
Вядома, гэта сцэнар найгоршы, які наўпрост пахавае перспектыву для ўсіх — прынамсі, у нашым рэгіёне.
З іншага боку, акурат такое рашэнне — само рашэнне — гаспадара Крамля і можа стаць для яго апошнім. Роўна як атачэнне Сталіна ведала, што той рыхтуецца да ядзернай вайны і — прыняло меры.
Заўважце, не масавыя рэпрэсіі, расстрэлы ды высяленні цэлых народаў падштурхнулі тады крамлёўскую эліту на змову супраць «горца», але — перспектыва вайны, у якой бы наўпрост не было пераможцаў.
Людзі хочуць жыць.
Усе без выключэння.
Ніхто не хоча ў «рай».
На гэтым часам і ламаюцца самыя злавесныя планы.
Алесь Кіркевіч, budzma.org