Вайна, якой не было, або «Спецаперацыя» Сталіна

07.06.2022 Гісторыя

Вайна, якую афіцыйная прапаганда ніколі не называла вайной. Канфлікт, ход і вынікі якога ўразілі ўсю Еўропу. Як маленькая Фінляндыя здолела не стаць яшчэ адной савецкай рэспублікай і колькі дзеля гэтага зрабілі шведскія добраахвотнікі? Узгадваем гісторыю савецка-фінскай вайны.


Імперскі разварот

Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік разглядаўся яго стваральнікамі як дзяржава-плацдарм для будучай сусветнай рэвалюцыі. Але пасля няўдалых спроб стварэння Баварскай і Венгерскай савецкіх рэспублік, а галоўнае, правалу наступу Тухачэўскага на Польшчу і «цуду на Вісле», гэтую ідэю адклалі ў доўгую скрыню. Да канца 1930-х гг. засталася ўжо, па вялікім рахунку, толькі вонкавая атрыбутыка ідэі дактрыны сусветнай рэвалюцыі. Сталін узяў курс на пабудову сацыялізму ў асобна ўзятай краіне. Яшчэ працягваў існаваць камінтэрн, але ён выконваў прыкладную функцыю правадніка савецкай знешняй палітыкі. Ва ўнутранай палітыцы адбыўся разварот ад ідэі пралетарскай рэвалюцыі ў бок пераарыентацыі да расійскіх дзяржаўных інтарэсаў, да падмены ідэй класавай барацьбы ідэямі вялікадзяржаўнасці. Здымаюцца фільмы пра абарону рускай зямлі, дзе Аляксандр Неўскі кажа: хто з мячом да нас прыйдзе, той ад яго і загіне.

Унутры гэтай новай імперскай парадыгмы Сталін пачаў марыць аб пашырэнні межаў Савецкага Саюза да тэрыторыі Расійскай імперыі на момант пачатку рэвалюцыі. Пасля падпісання пакту Молатава — Рыбентропа рукі ў яго аказаліся развязаныя. Галоўнымі мэтамі захопу сталі Заходняя Беларусь, Заходняя Украіна, краіны Балтыі і Фінляндыя.

Пасля ўтварэння незалежнай фінскай дзяржавы ў 1918 годзе бальшавікі спрабавалі зрабіць там сацыялістычную рэвалюцыю рукамі т. зв. чырвоных фінаў і рускіх палкоў, якія заставаліся на тэрыторыі краіны. Але спроба аказалася няўдалай, «чырвоныя» пацярпелі паразу ад войск маршала Карла Манергейма. Цяпер у бальшавікоў з’явілася магчымасць паквітацца за былое паражэнне.

Мannerheim_1918.jpg
Маршал Карл Густаў Эміль Манергейм. Крыніца: wikipedia.org

Вайна, якой не было

Непрыкметная вайна. Менавіта так называў канфлікт паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам паэт Твардоўскі. Савецкі афіцыёз увогуле не выкарыстоўваў слова «вайна». У асноўным выкарыстоўваўся выраз «вызваленчы паход Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі». Падкрэслівалася, што СССР не ваюе з простымі жыхарамі Фінляндыі, ён ваюе з белафінамі, крывавымі катамі фінскага народа, якія захапілі ўладу ў краіне. Таму савецкі ўрад быў вымушаны ўвесці свае войскі, каб вызваліць працоўны фінскі народ ад «буржуазных крыважэраў». Рэальныя ж прычыны былі куды больш празаічнымі. Сталін фактычна намагаўся аднавіць Расійскую імперыю пад новым, чырвоным сцягам, і незалежнай Фінляндыі ў яго планах месца не было.

Але, каб не выглядаць агрэсарам, Савецкае кіраўніцтва шукала юрыдычную падставу для пачатку вайны. І такая падстава даволі хутка знайшлася. Яшчэ ў 1918 годзе пасля паразы «чырвоных» у фінляндскай Грамадзянскай вайне да Масквы збег вядомы фінскі камуніст Отта Вілле Куусінен. Там пад кіраўніцтвам органаў НКУС ім быў утвораны так званы «народны ўрад Фінляндыі». Гэты «ўрад» і запрасіў дапамогі ў СССР.

З вялікай доляй упэўненасці можна сказаць, што па стане на снежань 1939 года Чырвоная Армія была самай шматлікай і адной з найлепш узброеных армій Еўропы. Масква, упэўненая ў баявой здольнасці сваёй арміі, не мела ніякіх падстаў чакаць, што фінскае супраціўленне, калі такое наогул будзе аказана, працягнецца шмат дзён. Да ўсяго іншага, меркавалася, што магутны левы рух у Фінляндыі не захоча супраціўляцца Чырвонай Арміі, якая ўвойдзе ў краіну не як захопнік, а як памагаты, і падорыць фінскаму народу сапраўдную свабоду.

Таму ў канчатковым выніку вайны ніякіх сумневаў сярод бальшавікоў не было. Для кіраўнікоў у Маскве гэта бачылася такім чынам: Фінляндская дэмакратычная рэспубліка — саюзнік Савецкага Саюза. На гэтую тэму нават паспелі надрукаваць артыкул у «Кароткім палітычным слоўніку» ад 1940 года.

Няма ніякіх падстаў лічыць, што калі б планы бальшавіцкага кіраўніцтва спраўдзіліся, Фінляндская рэспубліка ў хуткім часе не ўлілася б у савецкую «сям’ю народаў».

Фармальнай нагодай да вайны стаў т. зв. «Майнільскі інцыдэнт». 26 лістапада 1939 года савецкі ўрад звярнуўся да ўрада Фінляндыі з афіцыйнай нотай, у якой заяўлялася: «26 лістапада, у 15 гадзін 45 хвілін, нашы войскі, размешчаныя на Карэльскім перашыйку каля мяжы Фінляндыі, каля сяла Майніла, былі нечакана абстраляныя з фінскай тэрыторыі агнём. Усяго было зроблена сем гарматных стрэлаў, у выніку чаго забіта трое шараговых і адзін малодшы камандзір, паранена сем шараговых і двое з каманднага складу. Савецкія войскі, маючы строгі загад не паддавацца правакацыі, устрымаліся ад зваротнага абстрэлу». Нота патрабавала адводу фінскіх войскаў на 20–25 км ад мяжы, каб пазбегнуць паўтарэння інцыдэнтаў. Тым часам фінскія памежнікі спешна правялі расследаванне інцыдэнту. Фіны адказалі, што абстрэл быў зафіксаваны фінскімі пастамі, стрэлы былі зроблены з савецкага боку, па назіраннях і ацэнках фінаў, з адлегласці каля 1,5–2 км на паўднёвы ўсход ад месца падзення снарадаў, што Хельсінкі гатовы прыступіць да перамоваў аб узаемным адводзе войскаў і пачаць сумеснае расследаванне інцыдэнту. Савецкая нота ў адказ абвяшчала: «Адмаўленне з боку ўрада Фінляндыі факту абуральнага артылерыйскага абстрэлу фінскімі войскамі савецкіх салдат, які пацягнуў за сабой ахвяры, не можа быць растлумачана інакш, як жаданнем увесці ў зман грамадскае меркаванне і паздзекавацца з ахвяраў абстрэлу».

Праз шмат гадоў былы начальнік ленінградскага бюро ТАСС Анцаловіч распавёў, што пакет з тэкстам паведамлення аб «майнільскім інцыдэнце» і надпісам «ускрыць па асаблівым распараджэнні» ён атрымаў за два тыдні да здарэння. Асобныя сучасныя гісторыкі лічаць, што абстрэл быў зроблены камандай НКУС, якая прыбыла з Ленінграда, у складзе 15 чалавек на чале з маёрам Акуневічам, якому для гэтага выдзелілі адну гармату. Акуневіч, які дажыў да 1986 года, пасля сцвярджаў, што яму і яго людзям даручылі выпрабаваць новы тып снарада, дакладна пазначыўшы каардынаты мэты, па якой трэба было весці агонь.

Савецкі Саюз напаў без аб’яўлення вайны. Ужо 30 лістапада 1939 года савецкая авіяцыя пачала бамбіць Хельсінкі. У Маскве былі ўпэўнены ў хуткай капітуляцыі Фінскай дзяржавы. Бальшавіцкія інфармагенцтвы ўжо нават паспелі напісаць аб спешным ад’ездзе ўрада Фінляндыі з краіны. Але яны ў чарговы раз памыліліся. Урокі Савецка-польскай вайны і паходу Тухачэўскага аказаліся марнымі. Як палякі ў 1920-м, так і фіны ў 1939-м усім народам сталі на абарону сваёй незалежнасці.

У Фінляндыі ніхто не верыў, што краіна зможа ў выпадку паразы захаваць сваю незалежнасць. Тут добра ведалі пра рэпрэсіі 1937–1938 гадоў у СССР, калі сярод іншых былі расстраляны тысячы фінаў, зачынены газеты на фінскай мове і школы з яе вывучэннем. З самага пачатку Чырвоная Армія сутыкнулася з цвёрдым і ўмелым супрацівам. Спроба прарваць фінскую абарону сходу захлынулася. Толькі пасля таго, як савецкі кантынгент быў павялічаны да амаль 800 тысячаў чалавек, Чырвоная Армія дабілася пэўнай перавагі.

У савецкай гістарыяграфіі часта тлумачылі прычыны няўдач першага этапу савецка-фінскай вайны моцнымі маразамі і глыбокім снегам. Але метэаралагічныя даныя гэта абвяргаюць. У снежні 1939 года тэмпература на Карэльскім перашыйку моцна вагалася ад +1 да −23,4 градусаў. Моцны снегапад таксама выпаў толькі ў студзені 1940 года. На самай справе «Зімовая вайна» працягвалася больш за тры месяцы і каштавала Чырвонай Арміі значных страт, таму што баявы дух фінаў, якія абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў, быў вельмі высокі, а навыкі, неабходныя для вайны на сваёй тэрыторыі — істотна вышэй, чым у суперніка.

Фінскія лыжнікі.jpg
Фінскія лыжнікі на фронце. Крыніца: BBC.com

Важную ролю адыгралі і недаацэнка баяздольнасці фінскіх войскаў, і тое, што ў адрозненне ад іх вярхоўнага галоўнакамандуючага маршала Карла Манергейма, савецкае камандаванне дзейнічала няўмела, бо лепшыя афіцэрскія кадры Чырвонай Арміі былі на той момант ўжо рэпрэсаваныя. Фінскія ўмацаванні і цяжкапраходная мясцовасць зводзілі на нішто перавагу савецкай ваеннай тэхнікі, якая вязла ў гразі і снезе. Замест супрацьтанкавых гармат, якіх у фінаў было вельмі мала, яны выводзілі савецкія танкі са строю з дапамогай бутэлек з запальнай сумессю, якія менавіта тады атрымалі назву «кактэйль Молатава».

Дрэнна была арганізавана сувязь, практычна адсутнічала ўзаемадзеянне паміж баявымі часткамі. Фатальнымі праблемамі сталі масавыя абмаражэнні і фінскія снайперы-«зязюлі», якія сядзелі на дрэвах і адрозніваліся фенаменальным майстэрствам. За знішчэнне «зязюлі» аўтаматычна давалі ордэн Чырвонай Зоркі. Фіны спаўна скарысталіся памылкай суперніка, які апрануў сваіх салдат у кажухі і ватнікі цёмных колераў. Зрэшты, большасць наступаючых зусім не мелі кажухоў, і ваявалі ў мароз у шынялях.

Скандынаўскае адзінства

Усе паўночнаеўрапейскія краіны аб’ядналіся, каб дапамагчы фінам. І калі з боку Даніі і Нарвегіі дапамога насіла хутчэй сімвалічны характар, то Швецыя ўцягнулася ў гэтую вайну вельмі шчыльна.

У шведскім грамадстве дамінавала думка, што Фінляндыя — гэта шчыт Швецыі. Яны добра разумелі, што калі шведы не дапамогуць суседу сёння, то заўтра яны могуць стаць наступнымі. Трэба не забывацца і на доўгую гісторыю суіснавання двух народаў у агульнай дзяржаве. Шведскі народ зусім не лічыў Фінляндыю чужой. Быў сфарміраваны Шведскі добраахвотніцкі корпус агульнай колькасцю 14–16 тыс. чалавек. Пераважная большасць людзей да войска стаўлення ніколі не мела. Больш за 80% нават не служылі ва ўзброеных сілах. Але гэтыя людзі палічылі сваім абавязкам паехаць на фронт, каб абараніць свабоду свайго суседа.

Фармальным кіраўніком быў пастаўлены вядомы шведскі генерал Эрнст Ліндэр, які меў досвед кіраўніцтва шведскімі добраахвотніцкімі часткамі, напрыклад, у Прыбалтыцы, дзе падчас падзей Грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі шведскія добраахвотнікі ваявалі на баку балтыйскіх рэспублік.

Ernst_Linder.JPG
Камандуючы Шведскім добраахвотніцкім корпусам Эрнст Ліндэр (справа). Крыніца: wikipedia.org

Рэальным ж кіраўніком корпуса стаў афіцэр шведскай арміі падпалкоўнік Магнус Дзірсэн, які стаў той самай сілай, якая рухала корпус наперад. Корпус быў падзелены на тры вайсковыя групы. Дзірсэн стаў кіраўніком першай з гэтых груп. Ён вылучаўся вялікай адвагай, заўжды ішоў наперад. Як часта бывае з людзьмі такога пасіянарнага плану, якія жывуць сваёй справай, Магнус Дзірсэн гераічна загінуў, баронячы незалежнасць Фінляндыі.

Швецкія дабраахвотнікі.jpg
Шведскія добраахвотнікі з супрацьтанкавымі стрэльбамі. Крыніца: wikipedia.org

Нягледзячы на гераічную барацьбу, фінам, урэшце, прыйшлося пагадзіцца на падпісанне мірнай дамовы з Савецкім Саюзам: вайна з такой магутнай дзяржавай была для маленькай Фінляндыі ў доўгатэрміновай перспектыве безнадзейнай справай.

Па дамове, падпісанай у Маскве 12 сакавіка 1940 года, Фінляндыі прыйшлося пайсці на вялікія тэрытарыяльныя саступкі. Гэта, у агульнай суме, 11% тэрыторыі Фінляндыі з горадам Выбаргам. Да СССР адыходзіў Карэльскі перашыек, частка ўзбярэжжа Ладажскага возера, шэраг выспаў у Фінскім заліве, на 30 гадоў — паўвостраў Ханка, на якім планавалася стварыць савецкую ваенна-марскую базу. 430 тысяч фінаў страцілі свой дом.

Але ўсё ж галоўнае для Фінляндскай Рэспублікі было ў тым, што яна захавала сваю незалежнасць, здолела — няхай і цаной вялікіх тэрытарыяльных страт — выстаяць.

Марыянеткавы «народны ўрад» Куусінена хутка быў Сталінам забыты, і Маскве прыйшлося мець справу з урадам у Хельсінкі, які, як да гэтага гаварылася ў паведамленні ТАСС, нібы даўно ўжо збег у эміграцыю.

Палітрук улётка.jpg
Агітацыйная ўлётка, Фінляндыя, 1940 год. Крыніца: wikipedia.org

Ілля Дняпроўскі, budzma.org