Вера Буланда выступіла ў Пліскай СШ і на бацькоўскім сходзе ў СШ №1 г.Смалявічы

Вельмі цікавае пытанне задала дзяўчынка Крысціна з Пліскай СШ школы, дзе выступ адбыўся 24 кастрычніка: “Скажыце, а вам не перашкодзіла як-небудзь ваша творчасць ва ўласным жыцці?” Насамрэч, паэтаў часта лічаць дзівакамі, якія тонка ўспрымаюць розныя жыццёвыя праявы. Я не пачала распавядаць пра ўласныя цяжкасці, але звярнула ўвагу на “зебравыя чорныя і белыя палосы”, якія сустракаюцца ў жыцці ўсіх людзей, і дзяцей не абмінаюць яны: то пакрыўдзіць хто, то сам аступіўся, а іншы раз з-за неарганізацыі сваёй трапляеш у непрыемныя абставіны. Дык вось паэта, мастака, кампазітара часцей, чым звычайных людзей, ратуе іх творчасць. У час працы над вершам ці над апавяданнем аўтар поўнасцю паглыбляецца ў сваё тварэнне і перажывае цудоўны момант натхнення. А калі яшчэ яго намаганні завяршаюцца, іншы раз нават нечакана для яго самога, сапраўднай творчай удачай, або хаця б знаходкай незвычайнай рыфмоўкі ці спалучэння слоў, нейкай яркай метафары – усё гэта дастаўляе яму радасць, а значыць, у нейкай ступені “лечыць” і ратуе ад дрэннага настрою і іншых перажыванняў.

У гэтай школе я выступала ў трэці раз. І дзеці задавалі разнастайныя пытанні, у тым ліку і пра беларускую мову. Я даўно не прыгадвала свій адзін з ранніх вершаў на гэту тэму, дзе выказваю ўдзячнасць усім, хто навучыў мяне гаварыць па-беларуску:

Я сёння ўдзячна блакітнаму небу,
Ружоваму сонцу, вясенняму дню.
Прыемна-пахучаму волату-хлебу,
Дасюль невядомаму ў сэрцы агню.

Удзячна лірычнаму роднаму слову,
Прыгожым адценням і фарбам яго,
Удзячна я ўсім, хто данёс гэту мову
Да сэрца, да шчасця і лёсу майго.

На бацькоўскім сходзе ў СШ №1 г.Смалявічы 24 кастрычніка падтрымала гутарку класнага кіраўніка Галіны Анатольеўны Саковіч, што з дзецьмі пастаянна трэба знаходзіцца ў кантакце і…

Не зневажайце грубасцю дзяцей,
Не дазваляйце ім так часта плакаць,
Прымайце іх, нібы сваіх гасцей,

Вучыце дабраце і праўдзе змалку…
Што потым нехта вам падасць вады –
За гэта лёсу скажаце вы дзякуй.

Калі яшчэ пасадзіце сады
І пабудуеце, магчыма, сваю хату –
Вось самыя сапраўдныя сляды,

Каб не пайсці з жыцця сляпым вар’ятам.

І не таму, што гэты год – год Кнігі, а таму, што кніга насамрэч – лепшы дарадца і лекар, і нават уласны псіхолаг, які сваіх чытачоў ратуе. Чытайце з дзецьмі кнігі, вучыце паэзію, гаварыце з імі па-беларуску.

На ўроку беларускай мовы ў 7-м класе СШ № 7 25 кастрычніка мы чыталі вершы, нават спявалі некаторыя з іх, што пакладзены на музыку. Вучыліся шукаць рыфму, знаёміліся з сакрэтамі вершаскладання.

Удзельнікі конкурсу на веданне беларускай літаратуры атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, а на бацькоўскім сходзе настаўніца і адна з мам за веданне беларускай мовы былі таксама ўзнагароджаны паштоўкамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.