Легендарная спявачка з гурта Kriwi ўжо 19 год жыве ў Берліне. Прызнаецца, што некалі з’ехала па сямейных абставінах. У дадатак заставацца ў Беларусі, будучы музыкам з «чорных спісаў» (забарона на публічныя выступы незалежных музыкаў у 2000-х) не было сэнсу. Гэта значыла адсутнасць працы і перспектываў.
Вераніка Круглова
А што зараз? Як змянілася сітуацыя ў дыяспары за два дзесяцігоддзі? Ці цікавая наша культура немцам? У якіх праектах удзельнічае спявачка, а якую музыку слухае для сябе? Урэшце, чаму Берлін?
«У кожнага свой спосаб выжывання»
«Мы з Kriwi стартавалі з Берліна, тут былі нашы першыя канцэрты ў 1997 годзе. Дагэтуль паспяхова выступаем не толькі ў гэтым цудоўным горадзе, але і па ўсім свеце. Тут нарадзілася мая дачка. Тут мае сябры. Тут свабода і перспектывы. Берлін стаў для мяне домам».
Пра дзейнасць Kriwi можна даведацца тут і тут, пабачыць відэа - тут.
Kriwi
Паводле Веранікі, беларусаў сёння згуртавала агульная бяда. Гаворка пра падзеі 2020-га. Разам з тым гэта паспрыяла аб’яднанню. Гаворка і пра «старую» эміграцыю, нават калі людзі раней адно аднаго не ведалі, і пра новую хвалю — таленавітых беларусаў, якія з’ехалі праз пераслед.
«Усе людзі розныя. У кожнага свой светапогляд, выхаванне, прынцыпы, магчымасці і спосабы выжывання. І ў эміграцыі людзі адаптуюцца па-рознаму. Я сустракала крутых, крэатыўных, смелых і вольных людзей. Іх мноства, дзякуй Богу! Але таксама: зайздросных, подлых, прагных, якія могуць дзеля нібыта «барацьбы за свабоду» тапіць сваіх блізкіх, не шкадуючы... Сумна. Такіх мала, але і яны ёсць. На жаль. Я ад такіх адышла. Для мяне важней маё месца ў гэтым свеце і тое, што я ў яго нясу».
«Немцы — культурная і талерантная нацыя»
Праект Kriwi Вераніка надалей лічыць для сябе галоўным. Але як вакалістка ўдзельнічае і ў іншых.
«Беларускі хлопец з Эсэна напісаў песні на вершы Алеся Разанава, і я з задавальненнем праспявала некалькі з іх. Адна ўжо ёсць у сеціве, хутка будзе прэм’ера наступнай.
Гэта і ёсць калабарацыя беларусаў за мяжой у дзеянні!»
Апроч канцэртаў, Вераніка з сяброўкамі займаецца майстар-класамі, рэтрытамі, прымеркаванымі да святаў гадавога кола (Купалле, Гуканне вясны, Каляды). Паспяваць па-беларуску прыходзяць не толькі суайчыннікі, але і іншаземцы. У тым ліку — мясцовыя. Паводле Веранікі, гэта характэрна для немцаў: цікавасць да малавядомых і экзатычных культур.
«Гэта культурная і талерантная нацыя. У Нямеччыне мноства этнічных фестываляў, а Берлін увогуле інтэрнацыянальны горад. Вельмі радая, што Kriwi не стаіць у баку. Мы сталі праваднікамі ўнікальнага старажытнага матэрыялу: беларускай этнічнай музыкі, святаў, абрадаў. Што важна, робім гэта якасна! Гэта наша гісторыя, а мова — наш нацыянальны код».
«Абавязкова прыеду ў Беларусь»
Вераніка кажа, што адкрытая да музычных эксперыментаў. Не толькі ў плане этнікі. Гаворка пра іншыя стылі, напрымкі, музычныя і тэатральныя праекты, імправізацыі. Лагічнае пытанне: а што грае ў слухаўках спявачкі?
«У мяне няма вызначаных музычных прыхільнасцяў. Што на шляху сустракаецца таленавітае, тое і слухаю. Часам музыка прылятае да мяне з мінулага... А мая дачка слухае тое, што я калісьці слухала ў 19 гадоў!
З асалодай хаджу на канцэрты сяброў у Берліне. Гэта розная музыка: ад класікі і джазу да хіп-хопа і клезмер. Мне ўсё гэта падабаецца!»
Аляксандр Памідораў і Вераніка Круглова
Вераніка Круглова прызнаецца, што не ведае, ці гатовая вярнуцца ў Беларусь на сталае жыццё. Нават калі палітычная сітуацыя радыкальна зменіцца да лепшага.
«...Калі надыдзе доўгачаканая свабода, я абавязкова прыеду ў Беларусь. Са сваім досведам, ведамі і талентам. Навошта? Каб падтрымаць і дапамагчы новаму пакаленню беларусаў аднавіць і развіваць сваю ўнікальную культуру. Нашу культуру».
Фота з архіву Веранікі Кругловай
Алесь Кіркевіч, budzma.org