Апакаліпсіс, прадказаны Марціновічам у рамане «Ноч» надышоў без папярэджання і відавочнай нагоды. Цемра, холад і кпіны Азаронка з добра асветленай студыі: «Цяпер у нас не Лас-Вегас, цяпер і нармальна, і добра. Больш душэўнасці цяпер, праведнасці...»
Мінск, праспект Незалежнасці ўвечары 4 лютага. Фота з сацсетак
Здаецца, побытавая сітуацыя. Не экстрэмальная. У Беларусі прыдумалі на гадзіну пазней запальваць святло, ужо пасля захаду сонца. Што тут такога? Роўна на гадзіну краіна пагрузілася ў цемру: праспект Незалежнасці, МКАД, двары і падваротні. Пасля — а 19-й — святло ўключылі. Але гэтай гадзіны ў цемры аказалася дастаткова.
У каментарах людзі загаварылі пра налобныя ліхтарыкі, батарэйкі, немагчымасць даехаць дадому ў гадзіну-пік (бо ўсе вяртаюцца з працы), траўмы і галалёд, пенсіянераў і вазочнікаў, замкнёных у сваіх кватэрах...
Хапіла гадзіны. Усяго адной гадзіны! А што, калі цемры стане болей?

Цемра — прыродны страх чалавека. Прыроджаны. Мы, як неслухмяныя дзеці біясферы, баімся цемры падсвядома, не асэнсоўваючы гэтага. Дзіцячы страх перад татальным чорным, як старка ў дубовай бочцы, вытрыманая на сотнях тысяч год эвалюцыі. Карацей, з такімі рэчамі лепш не гуляцца — асабліва ў калектыўнай прасторы.
Але, у Беларусі вырашылі пагуляцца. Яшчэ і ўзімку. Чаму не? Прычына — эканомія святла — можа быць рацыянальнай або ірацыянальнай, гэта не так важна. Бо чалавечае падсвядомае — заўжды ірацыянальнае. А тут яшчэ Рыгор Азаронак са сваёй студыі прапаноўвае людзям займацца каханнем — дома. Вядома, без святла. Са святлом, напэўна, «грэх»...
Сітуацыя нагадала парады ў часы кавіду: лазня, трактар і гарэлка, памятаеце? Узгадайце, чым яно скончылася ў 2020-м. І ўлада таксама гэта ўзгадала. Таму, магчыма, у Мінгарвыканкаме паабяцалі больш такіх эксперыментаў не рабіць, каб словы Каржа са жніўня 20-га, якія гучалі ў кожнай таксоўцы, зноў не сталі актуальнымі:
«Старый мудрец солнце забрал,
Дабы проблем никто не знал
Чтобы порядок был, но — перебор
Люди кричат с тех пор:
Отдай тепло,
Отдай им тепло...»
«У нас тут не Альпы, паветра — па талонах!»
У чым мараль? Мы цярплівыя і гатовыя пераносіць розныя злыбеды: холад, цемру, эпідэміі... Але нам не падабаецца, калі той, хто мае вырашаць пытанні, іх не вырашае. А галоўнае — пасмейваецца. Трактар, лазня, «народзец», душэўнасць, інтым пры свечках, «цяпер у нас не Лас-Вегас», разумееце?
Вось так — не трэба. Не варта. Гэта сведчыць пра калектыўны запыт не столькі на камфорт, колькі на справядлівасць, годнасць. Зразумела, адключэнне святла на гадзіну (аднаразовае) не выкліча рэвалюцыі. Але ўсе падобныя гісторыі адкладаюцца ў памяці. Стаюць маячкамі: «Яны з намі так могуць».
А яшчэ, нараджаюць пытанні: калі б, напрыклад, у высокіх кабінетах маглі на гадзіну адключыць кісларод у мэтах эканоміі — ці адключылі б? Якія варыянты прапанавала б прапаганда: спаць, дыхаць праз раз, назапашваць балоны з паветрам на антрэсолях? Ці пачулі б мы: «У нас тут не Альпы, паветра — па талонах!»?..
Пытаннечкі? Пытаннечкі. І нешта мне падказвае, што ў Мінску ці Барысаве людзі іх задаюць часцей, чым эмігранты-экстрэмісты па асветленым баку мяжы.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org