Вершнікі Трампакаліпсісу. Make Yourself great again!

Калі вы не паспелі падзяліцца сваёй «трампафобіяй», вас могуць не зразумець у прыстойнай кампаніі, праўда? А можа, справа зусім не ў Трампе? І нават не ў касманаўце, які правай рукой паказвае на Марс?..

Alieś KirkievičАлесь Кіркевіч

У Амерыцы былі розныя прэзідэнты, горшыя і лепшыя. Тыя, каго прынята лічыць сімпатычнымі і разумнымі — ціснулі руку Сталіну ды з усмешкай аддавалі яму ўсю Усходнюю Еўропу. Галівудскія каўбоі, якіх не ўспрымалі ўсур’ёз, руйнавалі Імперыю зла. Яшчэ адзін, здаецца, граў на саксафоне, а кожны з нас памятае імя яго сакратаркі. Але гэты — адзіны — наведаў Курапаты ў Мінску, і там нават была мемарыяльная лава з гэтай нагоды.

«Lava Klintana»
 Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019 г. Фота: «Радыё Свабода»

Усю гэтую стракатую кампанію аб’ядноўвала адно: найперш яны думалі пра сябе і інтарэсы ЗША, а не пра рэшту свету. Магчыма, гэта нават правільна, асабліва калі ты — прэзідэнт ЗША. І як бы ўмоўнаму Мікалаю Мікалаевічу Мікалайчыку з Мінска, які пасля 2020-га круціць баранку ў Варшаве, ні балела за мексіканцаў і амерыканскую школу, гэта не яго сфера адказнасці. Разбяруцца. 

Чаму ж тады Мікалаю Мікалаевічу хочацца ўставіць свае 5 грошаў пра колер сукенкі Меланіі ды паразважаць, каго ў якім парадку пасадзілі на інаўгурацыі?.. Вось гэта — цікава.

Mielanija Tramp Меланія Трамп. Фота: REUTERS

«Мера ўсіх рэчаў» і партрэт кесара на манеце

Хто там прэзідэнт Францыі? А хто — прэзідэнт Ісландыі? Ці ёсць там наогул прэзідэнт?.. Мы маем права гэтага не ведаць. Але не маем права не ведаць, хто — прэзідэнт ЗША. «Аднапалярны свет», пра які так шмат казалі бальшавікі, прывучыў нас да думкі, што прэзідэнт ЗША — хаця б трошачкі і наш. Хаця, мабыць, усё ж імператар: мы яго шануем, але не выбіраем. 

Гэта як «лімес» у часы Рымскай імперыі. Табе нехта сказаў, што яму сказалі, што недзе ёсць горад Рым — і там... складана апісаць што. Там — усё! Сэнс усіх сэнсаў і сіла ўсёй сілы. Але ты жывеш за мяжой імперыі, за «лімесам»: дзе-небудзь над Бугам. І ты горш за сучаснага мексіканца, бо тваіх земляў у Рыме нават яшчэ не апісалі. Але той рымскі кесар трошачкі і твой кесар. Бо ты трымаеш у руках манету з яго партрэтам. 

ЗША, як некалі Рым — гэта «мера ўсіх рэчаў». Твой дом могуць знесці, твая краіна можа знікнуць, ты сам можаш памерці, а ЗША — будуць. І даляр будзе. Бо далярамі твае родныя адлічаць патрэбную суму на пахаванне, што ў Беларусі, што ў Чачні.

І вось, на чале гэтай супердзяржавы стае чалавек, якога ты некалі бачыў у эпізодзе «Адзін дома» — на касеце — і нават не звярнуў увагі. І гэта не супергерой, не рыцар, ён не збіраецца нікога ратаваць. Пра яго тыпаж не распавядалі на семінарах Фонда Сораса ў канцы 90-х. Па-іншаму меў выглядаць канец гісторыі па Фукуяме. Усё мела быць звыкла і сумна. А тут, відаць, сумна не будзе.

Donaĺd Tramp u fiĺmie «Adzin doma»
Дональд Трамп у фільме «Адзін дома». Скрыншот з фільма

«Канец гісторыі»?.. Перадышка перад пераходам

Увесь страх перад Трампам і яго сябрамі — гэта страх перад тым, што свет змяняецца. Ужо змяніўся. Проста нам пра гэта не паведамілі. Дакладней, паведамлялі кожны дзень, але навінаў было надта шмат, і мы перасталі іх заўважаць (першыя сябры Трампа, дарэчы, не вытворцы сталі ці бензіну, а вытворцы навінаў і смешных ролікаў у тэлефоне — архітэктары пусткі). 

Ніхто не ведае, як яно далей будзе. Але калі ўсім пра гэта распавесці коратка і дакладна — будзе паніка і абвал рынкаў. Таму апошнія гадоў 20 нас падводзяць да самастойных высноваў праз фільмы-катастрофы, культуру зомбі-апакаліпсісу, усе гэтыя Don’t look up і Last of us. Звыкайцеся!

Нармальнаму чалавеку цяжка змірыцца з фактам, што ўвесь звыклы свет — максімальна плыткая канструкцыя. Даткнешся — і лясне. Дасяжны ў любой кропцы інтэрнэт, крэдыты, накапленні на картцы, свет без межаў, планы на старасць... Усё гэта можа скончыцца ў кожны момант. Трапляннем адной ракеты. 

Насамрэч нашы продкі ў Еўропе жылі так заўжды. Нараджаліся цягам адных войнаў, паміралі цягам іншых. У такой атмасферы пісалі кнігі, малявалі, будавалі замкі і караблі... Наўпрост нашаму пакаленню пашчасціла пажыць стасоўна мірнае жыццё і нават паверыць у Wind of change ды «канец гісторыі» — шчаслівы канец. Аказалася, гэта ўсяго толькі перадышка перад чарговым пераходам. 

Запіска перад адлётам на Марс

Рэцэпт у гэтай сітуацыі толькі адзін. Менш думаць пра мексіканцаў і Грэнландыю, а больш — пра сябе. Як ночыць у «заброшках». Як знаходзіць пітную ваду ў лесе. Як высушыць боты ўзімку па-за горадам. Выглядае, што ніхто больш не будзе за нас «сушыць боты». І нават не будзе рабіць выгляд, што навучыць, як «правільна сушыць». Ніякай глабальнай «сушыльні ботаў», куды можна напісаць петыцыю, больш не будзе.

Магчыма, уся гэтая вясёлая кампанія наогул адляціць на Марс, пакінуўшы рэшце планеты запіску:

Make Yourself great again!