У Беларусі здаўна так склалася, што «ўсё беларускае — гэта так сабе, у лепшым выпадку, другі гатунак, а вось расейскае — гэта супэр». «Усё, што сёньня мы маем, — нелюбоў да свайго, узьвялічваньне чужога». Чаму так? Адкуль карані ў гэтай праблемы і што рабіць, каб яе пераадолець. Пра гэта разважае Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» з нагоды адной дыскусіі, што не так даўно разгарэлася ў беларускім Твітары.
Неяк ня так даўно ў беларускім Твітары разгарнулася палеміка. У беларусім Твітары, як і ў іншых сацыяльных сетках, ледзьве не штодня разгортваецца палеміка не на жыцьцё, а на сьмерць. Гэтым разам пісьменьнік і музычны крытык Аляксандар Чарнуха ўпікнуў, што «новае пакаленьне ня ведае, хто такі Вольскі». Ну, і пачалося. Як заўсёды. Ад «сапраўды ня ведае, якая ганьба» да «а навошта яму ведаць гэтага вузкаскіраванага тусовачнага артыста».
Я пішу гэтая радкі зараз не таму, што мяне закранула тое, што мяне ня ведае новае пакаленьне. І не таму, што я пакрыўдзіўся на нейкія чыісьці выказваньні. Я даўно, з пачатку 2000-х, навучыўся ня надта прасякацца інтэрнэтнымі абразамі, замаскаванымі пад «асабістыя меркаваньні».
Агульнабеларуская вядомасьць vs чорны спіс
Тым болей — ну, чаго гэта мне разьлічваць на агульнабеларускую вядомасьць, калі мяне рэгулярна забаранялі з 2004-га году? А забарона, чорны сьпіс — гэта значыцца: нельга граць канцэрты, дзяржаўная прэса робіць выгляд, што цябе ўвогуле няма, ты не гучыш па ФМ-радыё, бо туды сьпісы таксама дасланыя пільнымі супрацоўнікамі ідэалягічнага фронту, тое самае — з музычнымі тэлеканаламі. А народ — ён мае такую ўласьцівасьць — лічыць модным і папулярным тое, што яму прапануюць ФМ-радыё і тэлеканалы. Тое, пра што пішуць у масавых газэтах. Калі цябе ў гэтай прасторы няма — дык і няма вялікае патэнцыйнае аўдыторыі.
І гэта пры тым, што беларускі народ даўным-даўно, з савецкіх пракаветных часоў, прызвычаіўся, што ўсё беларускае — гэта так сабе, у лепшым выпадку, другі гатунак, а вось расейскае — гэта супэр.
Ты мог вучыцца ў БДУ — гэта някепска, выклікае павагу, але калі ты вучыўся ў Піцеры ці ў Маскве — яно ў сто разоў круцей! Тое самае з музыкай — усе ведаюць Ягора Летава, «Арыю», Кінчава, Цоя і лёгка пералічаць і прасьпяваюць песьні з кожнага іхнага альбому. А хто ў Беларусі цяпер ведае песьні «Бонды»? Ці «Мясцовага Часу»?
Гэта нармальна? Натуральны адбор?
Але «натуральны адбор» адбываўся ў надта няроўных умовах. Напрыканцы 80-х усе глядзелі праграму «Взгляд», у межах якой былі й музычныя перадачы, якія раскручвалі расейскіх артыстаў. Аналяг «Взгляда», беларускі «Крок», стварыўся значна пазьней і выглядаў бледнай копіяй расейскага арыгіналу. А беларуская масавая аўдыторыя зусім не дэманстравала патрыятызму: «хоць і слабейшае, хоць і горай зробленае, але сваё, і я буду лепей гэта глядзець, чымсьці высокабюджэтнаыя праграмы «старэйшага брата». Не. Наадварот, глядзелі «старэйшага брата» і яшчэ падкрэсьлівалі, наколькі ў нас усё калгаснае й местачковае. Гурты і сьпевакі, якіх ставіў у ратацыю «старэйшы брат», успрымаліся сапраўднымі зоркамі, мяйсцовыя... Мяйсцовымі, местачковымі недазорачкамі.
Потым прышоў час, калі беларусаў літаральна атачылі розныя расейскія тэлеканалы. На любы густ, любога кшталту. Хочаш — музыка, хочаш — палітыка, хочаш — культура, хочаш — бескультур’е. А яшчэ крыху пазьней прыйшоў расейскі інтэрнэт і сацыяльныя сеткі — блогеры, рэпэры...
Дзе карані праблемы
Але карані ўсяго гэтага трэба шукаць значна раней.
Вось я вучыўся ў беларускай савецкай школе. І што я магу пасьля гэтага курсу распавесьці пра гісторыю Беларусі? Ну, былі нейкія там плямёны, тыпу, дрыгавічы там усялякія, потым прыйшлі дрэнныя злосныя паны, якія пачалі эксплюатаваць насельніцтва, катаваць яго і зьдзеквацца, потым прыйшла рэвалюцыя, усіх вызваліла, потым была вайна і партызаны, а цяпер шчасьлівыя беларусы радуюцца жыцьцю.
А што пра гісторыю Расеі? Трыадзіная Русь, мангола-татарскае іга і гераічнае змаганьне зь ім, Перасьвет і Чалубей, Аляксандар Неўскі і перамога над швэдамі і тэўтонскім ордэнам, гераічнае змаганьне з палякамі і вызваленьне Масквы пад кіраўніцтвам Мініна ды Пажарскага, вялікі Пётр 1 і перамога над швэдамі, Айчынная вайна 12-га году і перамога рускае зброі...
І далей такім чынам. А літаратура? Вялікая расейская паэзія з балямі, сьвецкімі раўтамі, дуэлямі і нудотай ў радавым фальварку супраць беларускай — зь вёскай, нястачай, галечай і лапцямі?
Вы скажаце: дык так і ёсьць!
Толькі чаму мы абавязкова павінны вучыць (у тым ліку і на памяць) паэзію суседняй краіны, якая цяпер ужо й замежная? Чаму не параўнаць беларускую паэзію з фінскай ці ўкраінскай? Зь літоўскай? Не, мы ўсё працягваем: мы — маленькая рэспубліка, бедная, куды мы безь вялікае Расеі?
Вось у гэтым — карані вялікае паразы і бяды. Мы — абы-якія, а яны — магутныя, моцныя, вялікія.
Хадзі запытайся ў людзей, хто такі Навальны ці Прыгожын? А запытайся, хто такі Дашкевіч? Севярынец? Хто такі Бяляцкі, у рэшце рэшт! Я прыкладна ведаю, якія будуць адказы.
Усё, што сёньня мы маем, — нелюбоў да свайго, узьвялічваньне чужога (у тым ліку, чужое дасканалае мовы ў параўнаньні са сваёй хамскай, некультурнай гаворкай) — гэта пачалося ня сёньня і ня ўчора. Гэта мэтанакіравана рабіла сотні гадоў чужая адміністрацыя, а потым — свая, якая ўсмактала ад чужой гэты адзіны магчымы шаблён сьветабудовы.
У галовах гэтых «кіраўнікоў» ня можа быць іншае схемы, іншае структуры, іншае сыстэмы. Іх так навучылі, а перавучвацца яны ня хочуць і ня могуць — не хапае мазгоў.
І новыя і новыя масы людзей гадуюцца паводле гэтае схемы.
Дык чаго мне пераймацца і крыўдаваць на тое, што хтосьці ня ведае, хто такі Вольскі?
Проста трэба ламаць схему, сцэнар, сыстэму.
Гэтым і займаемся.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі
Чытайце яшчэ:
Лявон Вольскі: Што далей?