Валачобны абрад, гульні, танцы ды спевы. Як у Вязынцы прайшоў «Веснавы фэст-2024» (Фота)

«А у нас сёння Благавешчанне». Так распачынаецца адна з абрадавых песень, якая прагучала сёлета на «Веснавым фэсце» ў Вязынцы. Традыцыйнае свята ў музеі Янкі Купалы прайшло, па-першае, крыху пазней, чым звычайна, — 7 красавіка. Па-другое, трошкі змяніўся яго фармат: проста «Веснавы фэст», без звыклага «Гукання». Што яшчэ было адмысловага ў сёлетнім святкаванні, чытайце ў нашым матэрыяле.


viesnavy fest viazynka
Веснавы фэст у Вязынцы. Агульныя спевы

«Дзеўка касы не пляце»

Беларусы пачыналі (і пачынаюць сёння) клікаць вясну ў розны час, у залежнасці ад мясцовасці. Гэта вельмі працяглы перыяд: моладзь магла спяваць веснавыя песні, як толькі сыходзіў снег, і да Ушэсця. Аднак паўсюднае «кліканне» пачыналася толькі на Дабравешчанне (Благавешчанне, Звеставанне). Яно ў беларусаў лічыцца надзвычай вялікім святам — апагеем Гукання вясны.

viesnavy fest viazynka
 Беларускія народныя танцы і музыка на свяце

У гэты дзень «дзеўка касы не пляце, а птушка гнязда не ўе», «няможна часаць валасоў, каб куры не выграблі расады». А яшчэ нельга прыносіць нічога з лесу, бо ў доме завядуцца чарвякі і гады.

Забараняецца забіваць у зямлю калы, агароджваць гароды, пачынаць ворыва — парушэнне правілаў прынясе халодную вясну. «Да Благавешчання няможна чапаць маткі-зямлі, бо яна можа прагневацца да й не зарадзіць». Нельга нічога пячы, бо «будзе жарыць сонца». Жанчын, якія пяклі бліны, нават аблівалі вадой (напрыклад, у Лельчыцкім раёне).

А яшчэ лічылася, што на Дабравешчанне прылятае бусел, і да гэтага свята жанчыны пяклі печыва накшталт «буськовых» лапак ці саміх птушыных фігурак.

Існуе шмат прыкмет, звязаных з надвор’ем. Напрыклад: калі на Благавешчанне ціха і цёпла — такое ж будзе лета, а калі дождж — чакай ураджай на жыта.

viesnavy fest viazynka
 Птушка — сімвал свята

«Веснавы фэст» перанеслі на два тыдні

Вернемся да нашага свята і яго праграмы. Штогод у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы аматары фальклору ладзяць старажытны абрад «Гуканне вясны». Свята збірае сотні гасцей, яго ведаюць і любяць у Беларусі, прычым не толькі ўдзельнікі фальклорных гуртоў, але і людзі самых шырокіх інтарэсаў.

Звычайна фэст прыпадае на бліжэйшыя да веснавога раўнадзенства і свята Саракі выходныя — пасля 20 сакавіка. Але сёлета ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Падмаскоўі і абвешчанай жалобай свята перанеслі на два тыдні. Яно прыпала на яшчэ адну важную кропку народнага календара, пра якую мы казалі вышэй, — Дабравешчанне.

viesnavy fest viazynkaВелікодная пісанка — сімвал свята

Многае, ці нават асноўнае ў праграме засталося нязменным:

• спевы на гары (і не толькі);
• урачыстае падкіданне «птушак»;
• вялікія агульныя карагоды;
• гульні для дзяцей і моладзі;
• кірмаш рамёстваў;
• майстар-класы рамеснікаў;
• беларускія народныя танцы;
• цудоўная інструментальная музыка;
• традыцыйная кухня;
• каларытная фотазона.

І вядома ж, чароўная атмасфера, якую стваралі музыкі, спевакі, майстры народнай творчасці і ўсе госці. Сярод іх было, як заўжды, багата моладзі і сем’яў з дзеткамі. Шмат хто быў апрануты ў народныя строі ці проста ў адзенне і аксесуары з беларускім арнаментам.

viesnavy fest viazynka
Веснавы фэст у Вязынцы

Нікуды не падзелася і чароўная энергетыка лакацыі, яе маляўнічыя ландшафты. За адным выключэннем: спілавалі прыгожыя старыя дрэвы, што навісалі над ракой і надавалі месцу асаблівы шарм. Кажуць, што тыя знаходзіліся ў аварыйным стане, і хутка пасадзяць новыя дрэўцы. Але ўсё адно рамантычнай дэталі цяпер адназначна не хапае...

Спевы, карагоды і птушкі

Спевы — важная частка веснавых святаў. Звонкія дзявочыя і дзіцячыя галасы абуджаюць усё жывое пасля зімовага сну, і здаецца, нават сонейка пачынае свяціць ярчэй, а птушкі спяваць гучней. Сёлета за «спеўную частку» адказвалі аматарскія гурты з Мінска, Маладзечна, Магілёва і іншых гарадоў Беларусі.

viesnavy fest viazynka
 Агульныя спевы веснавых песень

Змена канцэпцыі свята паўплывала і на рэпертуар: спявалі збольшага не «загукальныя» песні, а валачобныя і прымеркаваныя да вясны. У ліку апошніх — «дабравешчанская» песня з Гомельшчыны, узгаданая ў першым сказе артыкула.

Не абышлося без яскравай абрадавай дзеі, ужо звыклай: падкідвання на расцягнутай хутцы «птушак» — печыва адмысловай формы. Гэта важны абрадавы «рэквізіт», які мае рытуальна-магічную функцыю.

viesnavy fest viazynka
 Птушкі з цеста — сімвал вясны

А потым удзельнікі свята вадзілі карагоды. Ланцужкі, колы з дзясяткаў (і нават сотняў!) дарослых і дзяцей расцягнуліся па ўсёй тэрыторыі музея, і ўсё гэта таксама суправаджалася мілагучнымі спевамі.

viesnavy fest viazynka
Вялікі веснавы карагод

«Святое вялічка з красным яечкам»

У сувязі з пераносам даты святкавання склалася ўнікальная сітуацыя: яно прыпала не толькі на Дабравешчанне, але і, можна сказаць, на «міжвелікодны» перыяд. Бо сёлета каталікі адсвяткавалі Вялікдзень 31 сакавіка, а праваслаўныя — будуць 5 траўня. Самы час паспяваць «вялічкі» — валачобныя песні. І наўрад ці ў наступным годзе і бліжэйшы час будзе такая магчымасць — спалучыць веснавы фэст з велікоднымі матывамі.

Што ж «велікоднага» было на свяце сёлета? Перш за усё валачобны абрад — абыход дамоў мужчынскімі гуртамі з выкананнем адмысловых песень.

Гэта старадаўняя традыцыя нашай зямлі. Вось у чым яе сутнасць. Мужчынскі гурт у велікодную нядзелю хадзіў па хатах — падобна як абыходзяць двары каляднікі. На чале быў «пачынальнік», ці «запявала», а дапамагалі яму музыкі, механоша і «падхватнікі» — астатнія мужчыны, якія хорам выконвалі прыпевы песень. Звычайна валачобную дружыну не запрашалі ў хату, яна спявала і грала пад акном, за што атрымлівала шчодры пачастунак. Гэта былі жаданыя і блаславёныя госці, якія прыносілі багацце і поспех сям’і на ўвесь год.

viesnavy fest viazynka
 Гаспадары сустракаюць валачобнікаў

Менавіта такі абрад і быў інсцэніраваны на цэнтральнай пляцоўцы свята ў Вязынцы. Спевакі і скрыпач прыйшлі да гаспадароў з песнямі і музыкай, а тыя чакалі іх за сталом з традыцыйнымі пачастункамі: хлебам, квасам, сырам, пірагом, мясам і, вядома ж, яйкамі. Прагучала шмат аўтэнтычных вялічак, у тым ліку і ў выкананні іншых гуртоў-удзельнікаў.

viesnavy fest viazynka
Гаспадары сустракаюць валачобнікаў

Цікавы момант: «гаспадар» сімвалічна распаліў у жароўні агонь ад крэсіва. У старадаўнія часы Вялікдзень лічыўся пачаткам новага года. Невыпадкова менавіта з вясны ў значнай частцы валачобных песень пачынаецца новы год. Перад святам агонь у хаце гасілі, а на першы дзень года распальвалі новы — ён сімвалізаваў пачатак новага цыкла жыцця. Дарэчы, з тых часоў захаваўся звычай не пазычаць нікому агонь на Вялікдзень.

viesnavy fest viazynka
 Гаспадары сустракаюць валачобнікаў

Яшчэ адной тэматычнай часткай сёлетняй праграмы стала выстава велікодных пісанак — вырабаў майстра Святланы Лазоўскай.

Арганізатары зладзілі і традыцыйную забаву для дзетак — качанне яечак па жалабках. Да Вялікадня таксама былі прымеркаваныя майстар-класы па пісанцы (вучыліся распісваць яйкі гарачым воскам) і ўпрыгожанні вербачак.

viesnavy fest viazynka
Майстар-клас па пісанках

Для тых, хто хацеў больш даведацца пра велікодныя традыцыі і паходжанне гэтага свята, у хатцы на горцы ладзілася навуковая лекцыя.

З яе слухачы даведаліся, да прыкладу, што ў старыя часы валачобнікі не толькі дабраслаўлялі хату, але і абвяшчалі актуальны каляндар на наступны год з пералікам усіх святаў па парадку, уключна з рухомымі. Адпаведныя песні таксама дажылі да нашых часоў і гучалі на свяце.

viesnavy fest viazynka
Беларускія народныя танцы і музыка на «Веснавым фэсце»

Майстар-класы, гульні і танцы

Пасля сканчэння абрадавай часткі свята доўжылася яшчэ некалькі гадзін, падчас якіх кожны мог знайсці для сябе цікавы занятак.

Дзейнічала традыцыйная кухня, дзе можна было набыць рознае смакоцце, а таксама ладзіўся майстар-клас па прыгатаванні вясковага сыру. Дарэчы, белы сыр у нашых продкаў асацыяваўся з чысцінёй, навізной і цнатлівасцю. Яго варылі на ўсе важныя каляндарныя святы: Вялікдзень, Купалле, Каляды.

Былі арганізаваныя адмыслова «птушыныя» майстар-класы, падчас якіх можна было разам з майстрамі зрабіць птушачак з гліны, паперы, саломкі і кудзелі.

viesnavy fest viazynka

viesnavy fest viazynka
 Майстар-клас па вырабе птушачак
 

Для дзяцей і моладзі ладзіліся гульні: «Юрачка», «Цяцерка», «Грушка», «Журавель», «Вясёлы бубен».

viesnavy fest viazynka

А які ж фэст без запальнай полечкі і іншых беларускіх народных танцаў? Іх было досыць, і вядома ж, пад жывую музыку ў выкананні нашых улюбёных капэляў.

viesnavy fest viazynka

viesnavy fest viazynka
Беларускія народныя танцы і музыка на свяце

Вось так беларусы чарговы раз «замкнулі зіму, адамкнулі лета». І змянілі «зімовае» сонца на «летняе», паводле міфалагічных уяўленняў. Пачалося новае кола жыцця, надышоў новы земляробчы год. Аматары фальклору пастараліся «запраграмаваць» яго (і сябе, напэўна, таксама) на мірны і пазітыўны лад, на шчасце і дабрабыт. Спадзяемся, гэта неяк дапаможа гарманізаваць гэты свет і наблізіць перамогу святла, чаго нам усім так моцна не хапае.

viesnavy fest viazynka
 Мужчынскія спевы пад колавую ліру

viesnavy fest viazynka
Беларускія народныя танцы і музыка на свяце

viesnavy fest viazynka
Беларускія народныя танцы і музыка на «Веснавым фэсце»

В. С., Budzma.org

Чытайце таксама:

Што беларусы гатавалі на Велікодны стол? Падборка традыцыйных страваў ад Budzma.org

Беларускія велікодныя традыцыі ў пытаннях і адказах

Пра што размаўляюць з Вясной у гукальных песнях і прычым тут «Купалінка»