Што вясёлага ў выбарах?

Аліна Бялова піша на budzma.org пра беларускі палітычны фальклор, які набывае актуальнасць падчас выбарчай кампаніі. 


Калі людзі даведаліся пра вынік ператрусу ў блогера Сяргея Ціханоўскага, калі трэцяя па ліку брыгада следчых знайшла за канапай 900к баксаў, яны пачалі зазіраць за свае канапы — і вельмі расчароўваліся. А таксама меркавалі, што яшчэ маглі знайсці. А мне ўспомніўся анекдот з 2006 года: «Падчас ператрусу ў намётах на Плошчы беларускія міліцыянты знайшлі выбуховыя рэчывы, дымавыя шашкі, арматуру, шкілет маманта, магілу Чынгісхана і Святы Грааль».

Наогул беларускі палітычны фальклор небагаты, але вельмі жывучы і адаптыўны што да сучаснай сітуацыі. Магчыма, таму, што сітуацыя не вельмі мяняецца. Напрыклад, «групе Ціханоўскага» выставілі абвінавачанне па тым самым артыкуле, па якім судзілі ўдзельнікаў «Плошчы-2010». Тады казалі:

— Абвінавачаны спрабаваў зрынуць законную ўладу ў краіне шляхам выстаўлення сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах.

І дадавалі:

— Беларуская народная прыкмета: калі на вуліцы вас ударылі па твары — значыць, вы кандыдат у прэзідэнты.

Многія цяпер сумняваюцца ў тым, што «справа Ціханоўскага» наогул дойдзе да суда. Але калі і дойдзе, не выключана, што па яе выніках напішуць:

— Менавіта адсутнасць доказаў пераканала суддзю ў тым, што абвінавачаны з’яўляецца падступным, дасканалым злачынцам, які не пакідае слядоў, і таму заслугоўвае самага суровага пакарання.

Ды і самога факту прысутнасці на вуліцы цалкам дастаткова, таму што:

— Мітынг — гэта канстытуцыйнае права, якое з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем і караецца як крымінальнае злачынства.

Агітацыя

Многія кажуць, што за Лукашэнку ніхто не агітуе і подпісы яму выключна малююць. Гэта не так. Напрыклад:

На адным з аўтафорумаў абмяркоўваюць MAZDA 626 и Opel Vectra.

Justextra: Я за «Мазду».

Lasher: Я за «Опель».

Жена Бунши111: Я за моцныя спіртныя напоі.

Over: Я за моцную і квітнеючую Беларусь!

Нядаўна Міністэрства інфармацыі «настойліва параіла» некаторым сайтам не рабіць інтэрнэт-апытанкі на тэму выбараў і галасавання, бо Лукашэнка там атрымліваў каля 3%. У сувязі з гэтым апытанні будуць праходзіць па старой схеме:

— У Беларусі збіраюцца праводзіць чарговы рэферэндум. Народу будуць зададзеныя два пытанні: 1. Хто, на вашу думку, найлепшы кандыдат на пасаду прэзідэнта? 2. Чаму менавіта Аляксандр Лукашэнка?

І яшчэ з навін сацыялогіі:

— Толькі 5% беларусаў правільна адказалі на пытанне сацыёлагаў «Ці падабаецца вам наш прэзідэнт?»

Вынік прэзідэнцкіх выбараў цяпер непрадказальны. Але ў дзейнага кіраўніка дзяржавы ёсць універсальны рэцэпт, падказаны ўсё тым жа 2010 годам:

— Самы дэмакратычны спосаб застацца прэзідэнтам — пасадзіць усіх астатніх кандыдатаў у прэзідэнты.

Зрэшты, гэта тычыцца не толькі кандыдатаў, але і астатніх грамадзян:

— Як жа хочацца ў Савецкі Саюз!

— Едзь у Беларусь.

— А мне там будзе 7 гадоў? Хаця дурное пытанне, колькі «бацька» дасць, столькі і будзе...

Галасаванне

Галасы на выбарах будуць лічыць па прынцыпе:

— Мышка за бацьку, котка за бацьку, Жучка за бацьку, унучка за бацьку, бабка за бацьку, дзедка за бацьку, галасуюць, галасуюць — выцягнулі бацьку!

Абгрунтаванне чарговай «элегантнай перамогі» нам, вядома, дадуць:

— Патрыярх Кірыл павіншаваў Лукашэнку з чарговым пераабраннем. «Гасподзь галасаваў за Аляксандра Рыгоравіча тройчы», — сказаў ён. Дык вось адкуль лішнія 40%!

А галасы нават не вельмі трэба лічыць. Бо:

— Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі бессэнсоўныя: для беларусаў Лукашэнка — «бацька», а бацькоў не выбіраюць.

Тым больш што:

— Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна з якім кандыдат у прэзідэнты павінен мець стаж працы прэзідэнтам не менш за 5 гадоў.

Вядома, не выключана, што:

Старшыня ЦВК кажа Лукашэнку:

— У мяне дзве навіны, адна добрая, другая дрэнная. З якой пачаць?

— З добрай...

— Вы сталі прэзідэнтам.

— А дрэнная тады якая?!

— За вас ніхто не прагаласаваў.

Вынікі

Ужо цяпер некаторыя еўрадэпутаты прапануюць задумацца над санкцыямі ў дачыненні да Лукашэнкі, калі выбары пройдуць па сілавым сцэнары. Аднак ім ужо даўно адказалі:

— У сувязі з паведамленнем, што ЕС можа зноў забараніць А. Лукашэнку ўезд на тэрыторыю аб'яднанай Еўропы, «Бацька» заявіў, што, калі яму захочацца выпіць, ён вып'е з кітайскімі таварышамі.

Што будзе пасля выбараў? Пасля выбараў будзе цяжка:

— Цяжэй за ўсё па эканоміцы перад народам даваць справаздачу Лукашэнку — так хацелася б спіхнуць усё на папярэднікаў, але проста няма на каго!

І ўвогуле, ужо цяпер:

— У параўнанні з планамі ўрада па паляпшэнні эканомікі мае эратычныя фантазіі нашмат рэальнейшыя.

А можа, будзе сітуацыя 2011 года, калі:

— У Мінску здзейснены дзёрзкі напад на інкасатарскі аўтамабіль. Зламыснікі адкруцілі колы, злілі бензін і зніклі ў невядомым напрамку.

А вось зусім-зусім пасля, мажліва, і…

— Навіны з Беларусі: нечакана масавымі народнымі гуляннямі па ўсёй краіне скончыўся паказ балета «Лебядзінае возера» па нацыянальным тэлебачанні.

Аліна Бялова, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!