Не толькі Менск – студэнцкая сталіца. Віцебск цудоўным чынам падыходзіць на гэтую ролю. Дзеля чаго студэнты прыязджаюць у наш горад і па якіх прычынах вырашаюць з яго з’ехаць – адказы ў нашай апытанцы.
Ганна Забеліна
Берасце → Віцебск
ВДТУ, дызайн касцюма і тканіны.
«Мой пераезд у Віцебск не быў для мяне пэўнай мэтай. Спецыяльнасць, на якой хацелася б вучыцца, я ведала дакладна: магчыма, толькі сам горад апынуўся троху выпадковым. Дызайн і мадэляванне аддзеня ўжо даўно падабаліся мне як занятак, таму, пагутарыўшы з сябрамі і настаўнікамі, я вырашыла абраць ВДТУ. З-за настаўнікаў, з-за добрай і старой школы, пра якую я чула. Вагалася паміж Менскам і Віцебскам. Атрымліваецца, што ехала я ў Віцебск праз усю краіну :) І недарма: горад мне вельмі падабаецца: тут усё неяк больш актыўна, жвава. Спачатку я была вельмі здзіўлена культурным жыццём горада: столькі выстаў, канцэртаў, праектаў… У Берасці такога няма. Зараз я ужо сама намагаюся ў ва ўсім удзельнічаць, нават баюся страціць гэтую творчую атмасферу вакол сябе. Словам, пра пераезд – ніводнага шкадавання. Не расчаравалася ні ў горадзе, ні ва ўніверсітэце!»
Дар’я Жадзінец
Берасце → Віцебск
ВДТУ, камунікатыўны дызайн.
«Я вучуся на спецыяльнасці «камунікатыўны дызайн», ці проста дызайн рэкламы. Я доўгі час не магла абраць тое, чым хачу займацца, але зараз не шкадую пра свой выбар. І мне нават хочацца працаваць менавіта ў гэтай сферы пасля ўніверсітэта. Таму, натуральна, маё рашэнне пра пераезд не было дужа спланаваным, ці, наадварот, зусім ужо спантанным. Віцебск значна адрозніваецца ад Берасця. Усім: ад архітэктуры да характару людзей. У Віцебску значна больш актыўнае культурнае жыццё: я амаль кожны тыдзень хаджу на новыя выставы ці проста цікавыя мерапрыемствы. Прыемным адкрыццём стала папулярнасць беларускай мовы сярод моладзі. З таго, што ўразіла – тэатр «Колесо». Ніколі такіх мерапрыемстваў не бачыла. І яшчэ ніводзін раз не паспела пашкадаваць пра пераезд.»
Марыя Маслоўская
Віцебск → Санкт-Пецярбург
СПбДУ, інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі.
«Пераезд у іншы горад быў для мяне марай дзяцінства. Не ведаю дакладна, чаму: тут і жаданне проста змяніць наваколле, з’ехаць ад бацькоў ды й проста паспрабаваць сябе ў новай спецыяльнасці. Нягледзячы на тое, што ў Пецярбургу я сустрэла шмат прыемных людзей ну і, натуральна, проста закахалася ў сам горад, я часта шкадую пра пераезд. Часамі мне хочацца вярнуцца ў Беларусь і застацца там назаўсёды. Віцебск, усё ж, горад значна больш спакойны і ўтульны. Ды й увогуле – я нават не ведаю дакладна, ці буду я працаваць па сваёй спецыяльнасці, ці з’яўляецца яна менавіта «маёй».»
Вераніка Захарчук
Берасце → Віцебск
ВДТУ, дызайн касцюма і тканіны.
«Шчыра кажучы, мне складана было вырашыць, чым я хачу займацца. Таму пакуль што не магу з упэўненасцю сказаць, што гэта «мая» спецыяльнасць. Таму і пераезд у Віцебск аказаўся даволі спантанным, хаця я абсалютна перакананая ў тым, што ВДТУ дае лепшую ў нашай краіне падрыхтоўку па дадзенай прафесіі. Часамі, як і ўсе, я шкадую пра пераезд, але такое здараецца рэдка. Усё э такі, у Віцебску я знайшла новых сяброў, а таксама адкрыла для сябе свет сучаснага беларускага мастацтва. Калі казаць увогуле, то Віцебск больш сучасны, чым Берасце. І людзі тут іншыя. Таму прычынаў шкадаваць насамрэч няма!»
Юлія Арцюхоўская
Віцебск → Гомель
БелДУТ, камерцыйная дзейнасць на транспарце.
«Рашэнне пра мой пераезд было абумоўлена шмат чым. Першапачаткова мне проста хацелася паспрабаваць жыць больш-менш самастойна, хацелася змяніць наваколле і пажыць у іншым горадзе. Мая спецыяльнасць мне насамрэч падабаецца: канешне, дужа цікавай яе не назавеш, але пра яе карысць і перспектыву не паспрачаешся, таму я знаходжу ў ёй свае плюсы. Пераезд мяняе кожнага: думаю, і я стала больш самастойнай. Ва ўніверсітэце пазнаёмілася са шматлікімі цікавымі асобамі, адкрыла для сябе новыя віды дзейснасці, ды й увогуле – жыццё маё стала больш поўным. Шкадаванні ў такіх выпадках непазбежныя, я лічу: хаця б тое, што прыходзіцца доўга не бачыцца з бацькамі і старымі сябрамі. Але й гэта не дужа страшна :) Віцебск падаецца мне больш прасторным, каляровым, цікавым, але Гомель прывабны па-свойму: больш кавярняў, прыгожых дамоў і проста ўтульнасцяў.»
Тэкст: Вiкторыя Фамiна, https://vitebsk4.me/news/youth/v_cebsk_studjenck/
Тэгі: Віцебск, Віцебшчына