Дзесяць цікавостак пра беларускую дуду, якія можна даведацца ў Музеі Вольнай Беларусі

У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі 16 траўня адкрылася выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Мы наведалі куратарскую экскурсію Яўгена Барышнікава ў Ноч музеяў і дзелімся з вамі цікавосткамі.

«Dudy: instrumient, historyja, simval»


На выставе экспануюцца беларускія інструменты, адноўленыя рознымі майстрамі ў розныя гады, а таксама польскія дуды з розных рэгіёнаў. Можна паслухаць архіўныя дудовыя запісы на плытках, паглядзець відэа пра адраджэнне дударства ў 1990-я — 2000-я і нават паспрабаваць сябе ў ролі дудара на вучнёўскіх інструментах. Шмат інфармацыі прадстаўлена на стэндах. Як распавёў куратар выставы Яўген Барышнікаў, самым складаным было не прыдумаць, што на іх напісаць і выявіць, а адкінуць лішняе, каб не перагрузіць наведвальнікаў. Дзелімся з вамі самым цікавым з выставы і куратарскай экскурсіі.

Jaŭhien Baryšnikaŭ
 Яўген Барышнікаў падчас куратарскай экскурсіі

Беларуская дуда — адзін з інструментаў тыпу, якога ў свеце існуе больш за 100 відаў 

Яны маюць розныя назвы ў розных краінах. У Беларусі гэта дуда, у Польшчы — dudy (выкарыстоўваецца толькі ў множным ліку), kozioł, gajdy, koza, у Ірландыі — uillean pipes, у Эстоніі — torupill, у Швецыі — sackpipa... Гэтыя інструменты яднае наяўнасць жалейкі і ёмістасці для паветра. Не ва ўсіх краінах дуды маюць бурдоны (трубкі, якія даюць бесперапынны басавы гук).

«Dudy: instrumient, historyja, simval»


Еўрапейскія дуды спачатку не мелі бурдонаў

 На выявах інструментаў адна бурдонная трубка з’яўляецца ў XIII ст., а ў другой палове XV ст. набываюць папулярнасць інструменты з двума бурдонамі. Мяркуючы па выяўленчых крыніцах, пік папулярнасці дуды ў Заходняй Еўропе прыпадае прыкладна на 1500 год, пасля чаго яна паступова выціскаецца з прыдворных аркестраў і становіцца пераважна сялянскім інструментам. Цяпер беларускія майстры робяць безбурдонныя дуды ў якасці вучнёўскіх.

Poĺskija dudy na vystavie ŭ Muziei Voĺnaj Bielarusi
Польскія дуды на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі

Беларускія дуды разам з літоўскімі і польскімі адносяцца да сямейства тыпу bock (па-нямецку казёл)

Гэты тып пачынае шырока фіксавацца ў цэнтральнаеўрапейскіх крыніцах з канца XVI cт. Капэлі з такімі інструментамі трымалі, напрыклад, Аўгуст Моцны і Пётр І. З XVI cт. паходзяць і першыя пэўныя звесткі пра дуды ў ВКЛ. Сёння падабенства польскіх і беларуска-літоўскіх дуд выяўляецца ў наяўнасці ражкоў-раструбаў на гукавых трубках і аднолькавай аплікатуры жалейкі. Такое падабенства Яўген Барышнікаў тлумачыць распаўсюджваннем дуд вандроўнымі музыкамі альбо людзьмі, уцягнутымі ў гандль праз Рыгу па Дзвіне. Існуюць і іншыя кропкі гледжання на гэты конт: магчыма, дуды такога тыпу былі шырэй распаўсюджаны ў Рэчы Паспалітай, але захаваліся да XIX ст., калі іх апісалі этнографы, толькі ў пэўных рэгіёнах.

«Dudy: instrumient, historyja, simval»

Што азначала слова «дудар» у розныя эпохі

«Дуда» ў гістарычных крыніцах — не абавязкова інструмент з мехам, а слова «дудар» у розныя эпохі магло значыць акрамя «музыка з дудой» «скамарох», «творца» і нават «будзіцель народа».

У перакладных тэкстах XV ст. сустракаецца слова «дуда» без апісання інструмента. Лічыцца, што яно магло пазначаць любы аэрафон (напрыклад, флейту альбо дудку). Слова «дудар» жа ў дакуметах таго часу выкарыстоўваецца як сінонім «скамароха». Пад уплывам нацыянальнага рамантызму пачатку XIX ст. прадстаўнікі інтэлігенцыі звяртаюць увагу на культуру сялян і пачынаюць называць «дударамі» адзін аднаго (у значэнні «пясняр»). На хвалі нацыянальнага адраджэння мяжы ХІХ і ХХ ст. дудар у мастацкіх творах набывае рысы будзіцеля народа, які сваім граннем скаланае край.

Sviatlana Cichanoŭskaja
Святлана Ціханоўская на куратарскай экскурсіі па выставе

Сюжэты з дудой у беларускай літаратуры нагадваюць гатычныя раманы

Дудар паўстае як таямнічы чараўнік і знахар. Напрыклад, у «Шляхціцу Завальні» (1844) Яна Баршчэўскага дуда арганічна ўпісаная ў змрочны пейзаж Паўночнай Беларусі, інструменту надаюцца магічныя рысы, дудар ператварае хлопца ў ваўкалака. Павал Шпілеўскі ў «Даследаванні аб ваўкалаках» (1853) і нарысах «Мазыршчына» (1859) апісвае дудароў як «цёрты народ», звязаны з нячыстай сілай і дамавікамі. Такія літаратурныя сюжэты маюць карані ў этнаграфічных рэаліях: дудары ўспрымаліся ў адным шэрагу з млынарамі, кавалямі — прадстаўнікамі таямнічых прафесій, якія мелі кантакт з незразумелымі селяніну, які працуе на зямлі, стыхіямі, і таму надзяляліся ў народнай свядомасці надзвычайнымі здольнасцямі.

«Dudy: instrumient, historyja, simval»


У 1920-я гады рамантычны міф пра дудара дасягнуў максімуму і арганічна ўпісаўся ў палітыку беларусізацыі

У літаратуры гэты вобраз набыў касмічны маштаб: у 1922 г. Змітрок Бядуля ў «Палескіх байках» дае дуду ў рукі самому Богу, які, граючы на ёй, стварае свет. Палітык Кастусь Езавітаў у 1926 г. скарыстаў матыў дуды, каб заклікаць беларусаў замежжа вяртацца дадому, а савецкая ідэалогія прыстасавала вобраз прарока-будзіцеля пад патрэбы пралетарыяту ў зборніку «Чырвоны дудар» (1924).

«Dudy: instrumient, historyja, simval»

Ад сімвала Беларусі «на экспарт» да ўвасаблення адсталай беларускай вёскі

Падчас беларусізацыі дуда становіцца адным з сімвалаў Беларусі «на экспарт», але ўжо ў 1930-х гг. дудары ў мастацкай самадзейнасці ўвасабляюць старую і адсталую беларускую вёску. На Першай усесаюзнай выставе ў Маскве 1923 г. (папярэдніца знакамітых ВДНГ) экспанаваліся дуды, а жывы дудар сустракаў сваім граннем гасцей беларускага павільёна. У 1925 г. Інстытут беларускай культуры рыхтаваў для адпраўкі ў Парыж на Сусветную выставу барысаўскага дудара Сцяпана Шыкаўца з братам Нічыпарам. Да французскай сталіцы музыкі ў выніку не даехалі, на думку Яўгена Барышнікава, магчыма, праз тое, што не мелі пашпартоў. У 1927 г. дуда экспанавалася ў савецкім павільёне на выставе «Музыка ў жыцці народаў» ў Франкфурце-на-Майне. У 1930-х гг. дудары актыўна выступаюць і перамагаюць у рэспубліканскіх і агульнасаюзных конкурсах, але ў мастацкай самадзейнасці яны ўжо дэманструюць цяжкое жыццё сялян да рэвалюцыі. «Новую, радасную» калгасную вёску сімвалізуюць танцы пад гармонік і акадэмізаваныя цымбалы.

«Dudy: instrumient, historyja, simval»

У 1960-я — 1970-я гг. міф пра беларускую дуду культывуе Уладзімір Караткевіч

Дуда знікае з канцэртных пляцовак, выціснутая больш сучаснымі і лёгкімі ў ансамблевым гранні інструментамі. Апошнія дакументальна пацверджаныя публічныя выступы вясковага дудара адбыліся ў 1951 і 1954 гадах. Пісьменнікі таксама амаль не выкарыстоўваюць вобраз дуды. Аднак, міф пра інструмент працягвае жыць. Уладзімір Караткевіч паказвае дудара як вешчуна і няскоранага змагара. На выставе можна пабачыць кнігу «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», адзін з раздзелаў якой пачынаецца словамі «Усё яшчэ раўла і раўла над горадам дуда». 

«Dudy: instrumient, historyja, simval»

Адраджэнне інструмента з 1980-х было натхнёна ранейшым міфам

На хвалі нацыянальнага адраджэння абуджаецца цікаўнасць і да дуды. Яе ўспрымаюць як шляхетна-рыцарскі альбо нават паганскі інструмент (першае — праўда толькі часткова, а другое — зусім не). Майстры робяць рэканструкцыі дуды, абапіраючыся на навуковыя публікацыі, старыя здымкі і музейныя экспанаты. Інструмент выкарыстоўваюць шматлікія гурты, якія выконваюць музыку розных стыляў, ад фольку да металу. Арганізуюцца танцавальныя вечарыны пад дударскую музыку. Выяву дуды выкарыстоўваць у маркетынгу. На ёй граюць на апазіцыйных мітынгах.

«Dudy: instrumient, historyja, simval»

Этычная дылема

Ці варта падтрымліваць намінацыю дударства ад Рэспублікі Беларусь у Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO?

Дуда стала найбольш вядомай як сімвал змагання «дзякуючы» крымінальнай справе супраць музыкаў гурта Irdorath і іх сяброў, якія гралі на мітынгах у 2020 г. Шмат дудароў апынулася ў эміграцыі праз палітычныя рэпрэсіі. У той жа час, дудары выступаюць на адкрыцці Усебеларускага народнага сходу ў 2024 г., «Культуру беларускай дуды» ўносяць у Нацыянальны інвентар гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і падаюць заяўку на ўключэнне у Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO. Носьбітамі традыцыі ў гэтых намінацыях выступаюць супрацоўнікі дзяржаўных устаноў культуры, а супольнасць дудароў, якая адраджала інструмент з 1980-х, фактычна ігнаруецца. 

Наведнік выставы застаецца з этычнай дылемай: ці варта падтрымліваць намінацыю дударства ад Рэспублікі Беларусь у спіс UNESCO? Каму сёння сапраўды належыць гэта спадчына?

Выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» у варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (вул. Foksal, д. 11) будзе працаваць да 4 чэрвеня.

Алеся Лях, budzma.org

Фота аўтаркі