У межах адукацыйнага праекту «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» падрыхтаваная серыя адукацыйных відэа для падлеткаў, дзе факты па гісторыі і культуры Беларусі пададзеныя не так, як у школе. Але ролікі будуць цікавыя не толькі школьнікам.
Першая праграма прысвечаная асобе Кастуся Каліноўскага: «Кастусь. 1863. Вітанне з радзімАІ».
Аўтары паспрабавалі рэканструяваць падзеі мінуўшчыны з дапамогай штучнага інтэлекту.
«Мы рыхтуем падарунак з нагоды новага навучальнага года — серыю адукацыйных відэа для падлеткаў і ўсіх тых, хто пачынае цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі (зайздросцім! Перад вамі столькі дзівоснага!). Цыкл называецца „Пра гэта вам не раскажуць у школе“. І мы са скуры выпіналіся, каб знайсці для вас сапраўды нечаканыя і яскравыя факты пра нашую любімую Беларусь. Першая праграма прысвечаная асобе Кастуся Каліноўскага. „Кастусь. 1863. Вітанне з радзімАІ“: „Каб не тое паўстанне, магчыма, не было б на мапе такой краіны, як Беларусь“. За 10 хвілінаў тлумачым, што там адбывалася, і чаму гэта ўвогуле для нас усіх важна», — анансуюць першы выпуск праграмы «Пра гэта не раскажуць у школе» стваральнікі.
Над выпускам пра Кастуся Каліноўскага працавалі: Кацярына Барушка, Яўген Шапчыц, Юрый Куўшынаў, AI-director Ілля Бажко.
Усяго запланавана 15 выпускаў адукацыйнага серыялу. Кожны з матэрыялаў будзе прысвечаны такім з’явам беларускай культуры, як кінематограф, фатаграфія, цэнзураваная літаратура — усё тое, пра што не распавядаюць у беларускай школе.
Глядзіце яшчэ:
Кастусь Каліноўскі. Як у 26 гадоў стаць бацькам нацыянальнай ідэі? Выпуск відэапраекта «Трызуб і Пагоня»