У міжнародны Дзень роднай мовы паэтка Вікторыя Трэнас і бард Таццяна Беланогая завіталі з двума творчымі выступамі ў Полацк і Наваполацк у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У Полацку творцы выступілі перад 8, 9, 10 і 11 класамі гімназіі №2. Вікторыя прачытала вершы са сваіх паэтычных зборнікаў і пазнаёміла публіку з часопісам “Дзеяслоў”. Таццяна праспявала уласныя кампазіцыі і песні на вершы сваіх любімых паэтаў – Яўгеніі Янішчыц, Максіма Багдановіча. Было абвешчана два конкурсы – конкурс на лепшае пытанне і конкурс, дзе трэба было прыдумаць як мага болей прыметнікаў для характарыстыкі роднай мовы. Удзельнікі адразу называлі па 6 прыметнікаў, потым па дзесяць, а выйграла дзяўчынка, якая агучыла 22 прыметнікі. Удзельнікі і пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Другі выступ адбываўся ў сценах Наваполацкага каледжа. На сустрэчы прысутнічала каля 40 вучняў 10 і 11 класаў. Сонечнае надвор’е спрыяла добраму настрою выступоўцаў і ўдзельнікаў імпрэзы. Вікторыя і Таццяна павіншавалі ўсіх са святам і абвесцілі конкурс сярод вучняў на лепшае прачытанне верша. І ліцэісты паказалі вельмі высокі ўзровень акторскага майстэрства! Пераможца Раман атрымаў майку з выявай Вітаўта ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Вікторыя і Таццяна вельмі ўдзячныя настаўніцам беларускай мовы, якія арганізавалі выступы ў Полацку і Наваполацку – спадарыні Тамары Ананеўне і Святлане Віктараўне.
Тэгі: Наваполацк, Полацк