На рынку Хале (Halės turgus), што ля Віленскага вакзала, можна не толькі закупіцца смачным. На мінулых выходных тут можна было пабачыць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў за не адразу зразумелым заняткам. Мінакам прапаноўвалі далучыцца — хтосьці пагаджаўся, хтосьці ахвяраваў на справу валанцёрскай арганізацыі «Vilniaus vorai» («Віленскія павукі»), пасля тлумачэнняў удзельнікаў акцыі.
У Вільні валанцёры плятуць маскавальныя сеткі для ВСУ. Кожны можа далучыцца.
Проста пасярод гандлёвых радоў стаіць драўляная рама, на якую нацягнута сетка з капронавага шнура, на яе, у сваю чаргу, людзі з літоўскай, украінскай, беларускай сімволікай навязваюць лапікі тканіны пясочнага колеру. Некаторыя наведнікі рынку прыпыняюцца, слухаюць расповед валанцёраў пра тое, што тут дзеецца, распытваюць падрабязнасці, бяруць візітоўкі. Хтосьці ведае пра «Vilniaus vorai» («Віленскія павукі»), хтосьці — не. Мужчына з сям’ёй з Клайпеды спыняецца паслухаць беларускую актывістку Людмілу Арастовіч, сяброўку клуба «Ліцвіны». Пасля кажа, што ўваходзіць у шэрагі літоўскіх стралкоў, але ці ёсць у Клайпедзе «Vilniaus vorai», дакладна не ведае.
Галоўная тут — Маргарыта Саўленене. Раней яна працавала інжынерам-тэхнолагам па гальваніцы, ужо 10 гадоў на пенсіі.
Маргарыта Саўленене (стаіць)
— Я нарадзілася ў Вільні, я літоўка. Паўтара года пляту амаль кожны дзень. 13 красавіка будзе роўна два гады, як «Vilniaus vorai» пачалі плесці сеткі. Спачатку вельмі мала было людзей, у асноўным у нас былі людзі з Саюза стралкоў Літвы Lietuvos šaulių sąjunga — Lietuvos Šaulių Sąjunga, бо яны гэта ўсё арганізавалі. Пакрысе-пакрысе стаў працэс пашырацца, раней жа і памяшканні былі за горадам, а пасля ўжо ў Вільні. Пачалі залучаць людзей.
Я, напрыклад, прачытала ў інтэрнэце, што патрэбныя матэрыялы. А ў мяне было брызенту 30 метраў, я занесла, а мне кажуць, можа, хочаш паспрабаваць. Ну я і засталася. Летась у лютым было, як мы сплялі 200 маскавальных сетак. Сеткі ў асноўным 80 квадратных метраў, але калі замаўлялі на «Тыгры», то мы плялі 95 квадратаў. У гэтым красавіку будзе ўжо 400-я сетка.
Больш людзей стала, і крыху тэхніка памянялася. Раней мы рэзалі матэрыялы ўручную нажніцамі, яшчэ маем такія станкі, таксама такія сабе. А пасля нам падаравалі машынку, і яна адразу 15-16 слаёў рэжа. Днямі мы дасягнулі 40 тысяч квадратных метраў. Гэта ўражвае. Як наш шэф Дарус Ясюнас кажа, амаль шэсць футбольных паўнавартасных палёў мы ўжо закрылі сваімі сеткамі. Дапамагло і Літоўскае тэлебачанне, рабілі пра нас рэпартажы з Японіі, Англіі і іншых краін.
— А як адбываецца каардынацыя з Украінай?
— Маем замовы. Вось Марычка тут пляце, яе брат на фронце з пачатку вайны. Вось праз яе часам. Прыязджаюць з Украіны валанцёры і забіраюць. У нас былі рабыя сеткі для вясны. А гэтыя вось робім для стэпу. Мы маем замовы пад канкрэтную мясцовасць, ведаем, што прыедуць і забяруць. Як прыязджаюць валанцёры, то яны не толькі сеткі забіраюць, бывае, людзі прыносяць медыкаменты, дамаўляюцца, што трэба. Не за аднымі сеткамі прыязджаюць.
— Здаецца, такая вельмі простая рэч гэтая сетка. Ці ёсць якія патрабаванні, акрамя колераў?
— Тыя, хто ваююць, вельмі задаволеныя і тым, як шмат мы пляцем, і нашай якасцю. Кажуць, нашы сеткі найлепшыя. Тут ёсць хітрасці. Напрыклад, лапікі трэба вязаць так, што калі падзьме ветрык, то каб яны варушыліся як лісце. Ну гэта для вясны-лета. Пад кожную мясцовасць — свае асаблівасці.
— Хто прыходзіць да вас?
— Бачыце, літоўцаў больш. Ёсць, вядома, і ўкраінцы, якія пастаянна плятуць. Адусюль ёсць, і з Марыупаля, і з Херсона, з Харкава. У нас ёсць такая карта Украіны, і калі прыходзяць новыя валанцёры, то адразу туды ставяць сцяжок, з якіх месцаў. Беларусы сталі далучацца вось. І рускія нават прыходзілі.
І яшчэ ў Літве так прынята, што дзецям з 12 гадоў трэба адпрацоўваць 20 гадзін сацыяльнай работы. І вось яны прыходзяць, мы маем свае дакументы, усё афіцыйна, і ім залічваюць гэтыя гадзіны. Гэта таксама вельмі важна і для нас, і для дзяцей, якія разумеюць, што гэта за праца.
Матэрыялы для сетак набываем з ахвяраванняў. Бывае, што і занадта шмат людзей прыходзіць. На тым тыдні было па 50 чалавек. Гэта пакуль і зашмат. Але пераключаемся, тады адразу пляцем дзве сеткі. Цяпер вось яшчэ шукаем памяшканне, бо не маем з чаго плаціць за цяперашняе па 1000 еўра за месяц. Бывае, што арганізацыі пералічваюць на аплату электрычнасці, бывае, самі скідваемся.
«Неабходна і важна, хаця выглядае манатонна і нецікава»
Беларуская актывістка Людміла Арастовіч патрапіла да «Віленскіх павукоў» выпадкова.
Людміла Арастовіч пасярэдзіне
— Я ішла праз падземны пераход і проста пабачыла сетку ў памяшканні праз шкляную вітрыну. Зайшла туды, спытала, што тут знаходзіцца, і пабачыла сімвал Саюза стралкоў Літвы. Мне патлумачылі, што гэтыя сеткі патрэбныя на фронце, што заўсёды ёсць патрэба ў руках і яшчэ большая неабходнасць у матэрыялах. Я прыйшла вясной мінулага года — і пачала плесці. На той момант тыя, хто даўно ў «Павуках», казалі, што беларусаў мала прыходзіць і ўвогуле я ледзь не першая беларуска тут. Таму стала расказваць усім, каго я бачу, што ёсць такая ініцыятыва, што яна неабходная і важная, хаця выглядае дастаткова манатоннай і нецікавай. І сталі прыходзіць ужо беларусы.
Беларусы і беларускі таксама бяруць удзел у пляценні маскавальных сетак
— А чаму сёння выбралі месца на рынку? Гэта для рэкламы дзейнасці?
— Так, для папулярызацыі нашай дзейнасці. Плюс закрытае памяшканне, на вуліцы яшчэ халодна, рукі адмярзаюць. Нас пусцілі цяпер бясплатна як крок у падтрымку Украіны, на пару гадзін паплесці тут.
Валанцёры ў працэсе стварэння маскавальных сетак
Па колькасці беларусаў тут так і не скажаш. Маргарыта сказала пра мапу, але ўдакладню, што там мапа не толькі Украіны, там мапа свету. Раней беларусаў мала бачыла, а цяпер на той мапе і нашыя сцяжкі ёсць.
І навіна, якая вельмі цешыць: для беларускіх добраахвотнікаў на мінулым тыдні паехала першая партыя сетак. Адправілі менавіта беларусам.
Так ствараюцца віленскія павукі
Размова перарываецца: уладальнік кафэ на рынку прыносіць валанцёрам гарачую гарбату.
— Як рэагуюць на рынку на вашую акцыю?
— Людзі падтрымліваюць. Нехта кажа, што ён ужо ведае праз тэлебачанне пра нас, што ёсць такая арганізацыя «Віленскія павукі». Хтосьці праяўляе цікаўнасць, пытае, дзе будзе потым пляценне сетак — і збіраецца прыйсці. Нехта пытае, як можна заданаціць на матэрыялы для сетак праз сайт. Гэта, праўда, патрэбная справа.
Гэта першая выязная акцыя, сумесна зробленая ўкраінцамі і беларусамі. Да гэтага выязную акцыю летась рабілі самі літоўцы, калі я не памыляюся, яна была недзе на Катэдральнай плошчы, зімой, пад снегам. Але гэта насамрэч вельмі складана, бо рукі мерзнуць на вуліцы. Трэба, каб была камфортная тэмпература. Вось прапанавалі зрабіць сваімі высілкамі літоўцам. Яны пагадзіліся, падтрымалі, дазволілі ўзяць усе неабходныя матэрыялы. І вось мы тут, расказваем пра ініцыятыву, якую яны пачалі і якую мы падтрымліваем і разумеем, што яна важная.
Калі вы жадаеце дапамагчы ініцыятыве «Віленскія павукі» альбо паспрабаваць сябе ў стварэнні маскавальных сетак, звязацца з камандай можна праз емейл info@vilniausvorai.lt альбо праз групу ў Facebook.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org