14 студзеня ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея сабраліся аматары мастацтва выцінанкі. Тут адчынілі выставу мастачкі, выкладчыцы Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага, Народнага майстра Беларусі Лізаветы Чырвонцавай. Назва выставы — «Спрадвечнае», піша Аксана Ярашонак на старонках «Рэгіянальнай газеты.
Мастачка — пра серыю выцінанак «Чырвоная кніга Беларусі».
Пра Вілейку ў жыцці і творчасці мастачкі
Аказалася, Вілейка — зусім не чужы горад для мастачкі з Маладзечна.
— Тут жыў мой бацька, тут яны пазнаёміліся з мамай, якая па размеркаванні прыехала працаваць у інтэрнат. Пасля сям’я пераехала ў Маладзечна. Але мае сёстры нарадзіліся тут.
Сярод гледачоў былі навучэнкі Лізаветы Львоўны.
Ды і для мяне ўсе самыя цёплыя ўспаміны дзяцінства звязаныя з Вілейкай, а не з Маладзечнам.
Тут жыла бабуля, я часта прыязджала да яе. Таму ўсе вілейскія вуліцы мной сходжаныя яшчэ ў дзяцінстве. А віляйчане для мяне — родныя людзі, — расказала мастачка.
Вядучая пра мастачку і выцінанку.
Думку Лізаветы ў сваім выступленні працягнула яе сястра, таксама мастачка і выкладчыца Наталля Чырвонцава:
— У чалавека самыя яркія ўражанні — у дзяцінстве. Асабліва важна гэта для мастака, — адзначыла яна. — Для нас Вілейка — гэта, перш за ўсё, лес — светлы, з прыгожымі соснамі, фантастычным імхом. Мы заўсёды тут вандравалі з бацькам, збіралі лісічкі. Яшчэ — рака з нахіленымі над ёй дрэвамі. Гэтыя ўражанні зберагаюцца.
Памятаю і вілейскі касцёл, які тады быў складам. Думалася: Такі прыгожы будынак. Ці гэта ўсе склады такія?
Выступае Наталля Чырвонцава.
Сёстры прыязджалі да бабулі на вуліцу Кастрычніцкую. Па словах Наталлі, тут заўсёды было чым заняцца дзятве. На вуліцы часта нешта раскопвалі, таму былі вялікія горы пяску. Дзеці тут гулялі, хаваліся, капалі норы. На чыгунцы збіралі празрыстыя шарыкі розных колераў, рабілі «сакрэцікі» ў зямлі.
— Тое, што вы бачыце сёння на выставе, вырасла з дзяцінства, — падсумавала Наталля.
Вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак выказаў словы захаплення талентам і працаздольнасцю Лізаветы. На яго думку, гэта неверагоднае ўменне — з хірургічнай дакладнасцю матэрыялізаваць праз паперу з нажніцамі той вобраз, які жыве ў тваім сэрцы.
Ад імя калег — Эдуард Мацюшонак.
А дырэктар музея Ігар Кіцікаў са здзіўленнем зазначыў, што ў дзяцінстве разам з мамай таксама займаўся выцінанкай або выстрыганкай, як казалі ў роднай вёсцы. Ёлачных цацак у вясковай краме было не купіць, таму да Новага года заўсёды выразалі сняжынкі.
Як пачыналася выцінанка
Канешне, прысутныя шмат размаўлялі пра выцінанку. Пра тое, што яна, магчыма, прыйшла да нас з Кітая. Пра тое, што выцінанка сёння — не толькі традыцыйнае мастацтва, але можа выглядаць як графіка. Ёсць з чым папрацаваць і дызайнерам: працы Лізаветы ўжо аздабляюць гадзіннікі і выкарыстоўваюцца як інсталяцыі.
Гледачы.
Адзначалі, што ў былой савецкай дзяржаве, гэты від мастацтва доўга не ўспрымаўся як нешта сур’ёзнае. Хіба толькі ў вёсках з выразанай паперы рабілі занавескі ды аздаблялі ёй абразы.
Толькі ў канцы 1980-х выцінанкай зацікавіліся людзі, якія мелі мастацкую адукацыю. І менавіта мама Лізаветы, Вікторыя Чырвонцава, была першай у Маладзечне, хто з дзецьмі на занятках пачаў выразаць. Спачатку ў мастацкай школе, потым — у музычным каледжы, на аддзяленні ДПМ, якое там адкрылася. Вікторыя Мікітаўна сама прыдумала методыку, праграму для мастацкіх школ. А ў 1997 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў тут справу мамы працягнула і працягвае да сёння Лізавета.
Таксама мастачка адзначыла, што для яе ў творчасці шмат значаць традыцыйныя вобразы — сувязь з родным, справечным, культурай і міфалогіяй продкаў, каранямі. І выходзіць за гэтыя межы ёй не хочацца.
Уразілі міфічныя птушкі і дзяўчынка-анёл
Адкрыццё скончылася экскурсіяй. З вуснаў аўтаркі прысутныя пачулі і пра серыю выцінанак «Чырвоная кніга Беларусі» з выявамі рэдкіх сёння жывёл, і аб працы прысвечанай матулі, дзе спалучаюцца некалькі тэхнік выцінанкі.
А яшчэ некаторыя наведнікі прызналіся, якія творы асабліва кранулі іх на выставе.
Так, дзяўчынцы-школьніцы вельмі «запалі» міфічныя птушкі ў працах Лізаветы.
Мастак Эдуард Мацюшонак адзначыў творы, дзе яго калега вельмі ўдала спрацавала з колерам.
Праца, якая ўразіла Ігара Кіцікава, злева. Дарэчы, гэта твор з серыі жаночых партрэтаў роду, якую мастачка збіраецца працягнуць.
А дырэктара музея ўразіла праца «Крылы душы» — стары надарваны здымак маленькай дзяўчынкі, аздоблены выцінанкамі, — белымі крыльцамі і чырвоным сэрцам. На адзіным захаваным дзіцячым фота — мама мастачкі, Вікторыя Чырвонцава. А надарваны здымак з-за бомбы, якая трапіла ў родную хату Вікторыі Мікітаўны падчас Другой сусветнай...
Выстава выцінанак «Спрадвечнае» будзе працаваць у выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча да 7 лютага па адрасе: Вілейка, Плошча Свабоды, 1.