Увосень 1973 года Вілію ўрачыста перакрылі. Праект самага буйнога беларускага вадасховішча рыхтавалі ўкраінскія спецыялісты. Ужо паўстагоддзя вадаём ёсць месцам прыцягнення рыбакоў, турыстаў ды проста аматараў адпачынку на вадзе. Сённяшні свет мяняе фокус увагі. Нямногія памятаюць, што пры пабудове вадасховішча з зоны затаплення адсялілі 9 вёсак, пераносілі таксама і могілкі. Як будавалі Вілейскае мора і якія наступствы могуць быць у выпадку разбурэння плаціны вадасховішча? Распавядаем у артыкуле.
Фота: planetabelarus.by
Вілейскае вадасховішча, ці Вілейскае мора — самы буйны штучны вадаём у Беларусі. Плошча вадасховішча — 73,6 км², аб’ём запаўнення — 260 мільёнаў м³. У даўжыню сягае 27 км, найбольшая шырыня — 3 км. Не вельмі глыбокае — у сярэднім 3–5 метраў, найбольшая глыбіня — 13 метраў. Плошча вадазбору 4120 км². Штогадовы скід вады складае ў сярэднім 575 мільёнаў тон. Берагавая лінія — 135 кіламетраў. Ёсць з дзясятак маляўнічых выспаў. Адносна нядаўна на плаціне вадасховішча размясцілася Вілейская ГЭС, першая чарга запрацавала ў 1997 годзе, другая — у 2002 годзе.
Вілейскае вадасховішча — другі па памерах вадаём Беларусі пасля знакамітага возера Нарач.
Вадаём стварылі дзеля патрэбаў сталіцы, якая хутка расла пасля Другой сусветнай вайны і якой не хапала сваіх рэсурсаў водазабеспячэння. Свіслач не спраўлялася, таму з’явіўся план перакінуць у яе частку сцёку больш паўнаводных рэк Беларусі. Акрамя таго, на карысць будоўлі ля Вілейкі спрацавала і якасць мясцовай вады.
Фота: Onliner.by
Рашэнне аб будаўніцтве Вілейска-Мінскай воднай сістэмы было прынятае ў 1967 годзе. Акрамя Віліі, разглядаліся яшчэ варыянты будоўлі вадасховішча на Бярэзіне, але ад іх адмовіліся — рака магла крытычна абмялець.
У 1968-м пачаліся працы ў месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Палову будучага вадасховішча — 3300 гектараў — займалі лясы, зразумела, яны былі высечаныя. На плаціну, дамбы, умацаванне берагоў пайшлі дзясяткі тысяч тон бетону, гравія, арматуры.
Пад знос ці перанос пайшло каля 500 жылых дамоў, мноства прыватных і калгасных сельскагаспадарчых пабудоў. Вадасховішча будавалі каля 2 тысяч чалавек.
Перад затапленнем. Фота: posmotrim.by
Адначасова з працамі на месцы будучага вадасховішча будаваўся водны канал, які мусіў звязаць Вілію са Свіслаччу праз Заслаўскае вадасховішча. Яго даўжыня — 62 кіламетры. Вада падымаецца да Свіслачы не проста так — а на ўзровень больш за 70 метраў у вышыню праз некалькі гідранасосных станцый.
Вілію ўрачыста перакрылі 8 верасня 1973 года. На пачатку 1976 года вада з Вілейскага вадасховішча пайшла ў Мінск.
Уздоўж Вілейскага вадасховішча месцяцца: горад Вілейка, вёскі Чыжэвічы, Рабунь, Сосенка, Вязынь.
Усяго з зоны затаплення перасялілі 9 вёсак. І каля дзвюх тысяч магіл — іх перавезлі ў Вязынь. Калі труна была цэлай — хавалі ў асобнай магіле, калі рассыпалася, то аб’яднаныя парэшткі некалькіх нябожчыкаў хавалі ў агульнай.
Пераселеныя магілы ў Вязыні. Фота: Onliner.by
У Вязані і суседніх вёсках на сушы пасялілася і шмат жывых. Але можна было атрымаць не новае жытло, а кампенсацыю за затопленую хату — так некаторыя з жыхароў зніклых вёсак перабіраліся і ў іншыя мясціны БССР, ды і далей.
Памятны знак па дарозе да затопленай вёскі. Фота: Onliner.by
Фота: Onliner.by
Зараз пра затопленыя вёскі нагадвае мемарыял, які паўстаў па дарозе з Вілейкі на Куранец. І, як пісаў калісьці рэсурс Onliner.by, дзе-нідзе людзі з адселеных вёсак збіраюцца раз на год, каб узгадаць супольнае жыццё там, дзе зараз вада. Так, жыхары вёскі Рыбчын збіраюцца на Сёмуху: «Вязем з сабою прадукты, рассцілаем абрусы на траве. Стараемся сесці ў тым жа парадку, як у вёсцы хаты стаялі, — распавядаў герой артыкула Пётр Філіповіч. — Радасна, што нашыя дзеці ўжо сваіх дзяцей на сустрэчы вязуць. Успамінаем, а як добра адсвяткуем — і спяем».
Фотаздымкі з сустрэчы перасяленцаў. Фота: Onliner.by
Афіцыйнае адкрыццё паўнавартаснай працы новай гідрасістэмы адбылося 16 студзеня 1976 года ля Вязынкі — тут прайшоў шматлюдны мітынг на чале з тагачасным кіраўніком БССР Пятром Машэравым, які завяршыўся пускам вады ў канал да сталіцы.
Так выглядае месца, дзе раней была вёска Рыбчын. Фота: Onliner.by
Зазначым, что працы вяліся не толькі пад Вілейкай і на новым канале. Была расчышчаная Свіслач ніжэй Мінска, з 1973 года праводзілася рэканструкцыя Заслаўскага вадасховішча — ачыстка дна, асушэнне балоцістых берагоў. Наперадзе чакала стварэнне «воднага дыяметру» сталіцы.
У сучаснай Беларусі даныя пра магчымыя наступствы тэхнагенных катастроф ці іншых надзвычайных сітуацый не знайсці. Так, у адкрытай дакументацыі па Астравецкай АЭС (а станцыя не так і далёка ад Вілейкі) вадасховішча не ўзгадваецца як крыніца рызыкі — толькі аб’екты, якія месцяцца ў 30-кіламетровай зоне АЭС.
Фота: bestbelarus.by
Але ёсць дакумент, які называецца «Нацыянальная справаздача штаба Грамадзянскай абароны Рэспублікі Беларусь» ад 1 сакавіка 1994 года. У ім сцвярджаецца, што ў выпадку разбурэння землянога палатна плаціны Вілейскага вадасховішча плошча затаплення складзе 188 квадратных кіламетраў. На гэтай тэрыторыі, па даных на 1994 год, знаходзіцца 28 населеных пунктаў і ўскраіна горада Вілейка з агульным насельніцтвам 6420 чалавек.
Калі такое здарыцца на Заслаўскім вадасховішчы, то плошча затаплення складзе 39 квадратных кіламетраў, на якіх (па звестках за 1994 год) жыве каля 5000 чалавек — гэта 5 населеных пунктаў і частка Мінска ўздоўж поймы Свіслачы. «Магчымыя падтапленні ніжніх паверхаў будынкаў і станцый Мінскага метрапалітэну», — гаворыцца ў дакуменце.
Безумоўна, гэта непараўнальныя маштабы з трагедыяй ва Украіне пасля выбуху на Кахоўскай ГЭС. І Дняпро, зразумела, не Вілія. Кахоўскае вадасховішча (увод у эксплуатацыю — 1956 год) займала плошчу ў 2155 квадратных кіламетраў, яго аб’ём да разбурэння — 18,18 км³ (0,26 км³ у Вілейскім), даўжыня берагавой лініі — ажно 896 км (135 км у Вілейскім)!
Пры гэтым адзначым, што Вілейскае вадасховішча будавалася па праекце кіеўскага інстытута «Укрводаканалпраект». І гэта не адзінае, што звязвае Вілейскае мора з Украінай.
У вёсцы Касута, што часткова затопленая пры стварэнні Вілейскага вадасховішча, у 1672 годзе нарадзіўся Піліп Орлік, украінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Запарожскага Войска ў выгнанні. Орлік — адзін з укладальнікаў «Пактаў і Канстытуцыі правоў і вольнасцяў Войска Запарожскага». Змагаўся супраць захопу Украіны Расійскай імперыяй Пятра І.
Ёсць на беразе Вілейскага вадасховішча і аб’ект яшчэ адной суседкі Беларусі. Прытым, на жаль, ваенны і важны. Гэта 43-ці вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка», ці радыёстанцыя «Антэй». Ён забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штаба ВМФ Расіі з атамнымі падводнымі лодкамі на дзяжурстве ў раёнах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. Таксама праводзіць радыётэхнічную разведку і радыёэлектронную барацьбу. На аб’екце служаць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расіі, а таксама вольнанаёмныя грамадзяне Беларусі, якія ажыццяўляюць ваенізаваную ахову. Несумненна, у сённяшніх варунках такі аб’ект прыцягвае пільную ўвагу суседзяў Беларусі.
Вілейскае мора. Фота: planetabelarus.by
Пакуль жа, спадзяемся, гэтак будзе і надалей, Вілейскае вадасховішча застаецца пастаўшчыком пітной вады ў некалькі раёнаў Мінска, адным з галоўных рыбацкіх палігонаў ды месцам адпачынку для многіх беларусаў.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org