У працяг нядаўняй дыскусіі пра тое, як беларусам называць літоўскую сталіцу — Вільня ці Вільнюс, Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» разважае пра ўплыў прапаганды на сярэднестатыстычных насельнікаў Беларусі. Якія ня ведаюць пра існаваньне Вільні ды Трокаў, а, хутчэй за ўсё, ведаюць пра Вільнюс і Тракай ды самі часам па звычцы з савецкага мінулага называюць Беларусь Белоруссіей, і жывецца ім у іхных «Аднакласніках» ціха й спакойна. Як на гэта рэагаваць і ў чым задача дзеячаў культуры, на думку Лявона Вольскага?
У чым сэнс дыскусіі
Адзін вядомы культурны дзяяч нядаўна ў сацыяльных сетках заклікаў беларусаў не выдурвацца і называць Вільню Вільнюсам. Маўляў, гэты горад так называюць прадстаўнікі тытульнай нацыі, і нам час ужо «адпусьціц»» нашую старую добрую неактуальную «Вільн»» і называць літоўскую сталіцу па-нармальнаму. Па-літоўску.
Як гэта заўсёды здараецца, усчаўся страшэнны халівар, сотні раззлаваных каментаў, зламаных дзідаў, інтэрнэтных стрэлаў: «Ага, мы будзем казаць «Вільнюс», а яны працягваць нас называць «Балтарусіяй? А нашыя гарады — Мінскасам і Гардзінасам?».
І шмат падобных (часьцяком, грубейшых) выказваньняў.
Што (ня) ведае сярэднестатыстычны беларус
Так, мы гаворым «Вільня, Коўна, Трокі, Меднікі». Але хто «мы»? Колькі нас? Тысячы? Сотні? Хто лічыў?
Ясна, што сярэднестатыстычны жыхар РБ ня ведае пра існаваньне Вільні ды Трокаў, ён, хутчэй за ўсё, як і мільёны іншых сярэднестатыстычных, ведае пра Вільнюс і Тракай. Таксама гэты сярэдні насельнік ня ведае пра Горадню й Берасьце. Ня ведае пра Наваградак. Ён назавае іх на польскі манэр: «Гродна, Брэст, Навагрудак». Так яго навучылі школьныя падручнікі яшчэ з савецкіх часоў. Так гавораць усе ў ягоным асяродку. Ён жыве ў Мінску (ня ў Менску) на вуліцы Шаранговіча і ня ведае, хто такі гэты Шаранговіч. Ня ведае й ня хоча ведаць. Яму не патрэбная інфармацыя пра тое, што чалавек, імем якога названая вуліца, падпісваў расстрэльныя сьпісы, і празь яго загінула шмат людзей. Сярэднестатыстычнаму жыхару ўсё адно.
Проста прызвычаіліся з часоў СССР
Мы крычым, што расейцы (немцы, літоўцы) мусяць называць нас «Беларусь»», а не «Белоруссия, Weißrussland, Baltarusija», а тым часам самі беларусы часьцяком называюць краіну «Белоруссіей». Нічога такога, проста прызвычаіліся з часоў СССР. І наш сярэднестатыстычны жыхар на пытаньне аднаклясьніка, які даўно жыве ў Маскве, «Как там у вас, в Белоруссии?» адказвае «У нас в Белоруссии все нормально».
Сярэднестатыстычны і ягонае «Усё нармальна. Усё ў парадку»
Сярэднестатыстычны глядзіць тэлевізію, усмоктвае прапаганду, забаўляльныя шоу ды расейскія сэрыялы. У ягоных «Аднакласніках» усё ціха й спакойна, хіба абураюцца ростам цэнаў і няспрытнасьцю камунальных службаў. Ён не хадзіў на пратэсты, таму што «няма чаго лезьці ў палітыку». Ягонага стрыечнага брата пасадзілі за рэпосты. Яно й зразумела — брат жа ж «палез у палітыку», вось і атрымаў.
На працы ў сярэдняга жыхара ўсё адносна спакойна. Крычыць начальнік, але да гэтага ўсе прызвычаіліся, як да шуму дажджу за вакном. Нудна, але стабільна. Плацяць мала, але своечасова. Усё нармальна, карацей. Усё ў парадку.
Задача — абуджаць і расштурхоўваць
Задача дзеячаў культуры — абуджаць і расштурхоўваць вось гэтых сярэднестатыстычных насельнікаў. Пасеяць насеньне думак у іхных здранцьвелых галовах. Каб яны хаця б паспрабавалі зразумець, што Шаранговіч — ня тая постаць, чыім імем варта называць вуліцу. Што Мінск насамрэч — гэта Менск. Што па-нашаму, па-беларуску, правільна казаць — Горадня, Берасьце й Наваградак.
І Вільня.
Лявон Вольскі, budzma.org