Беларусь, у якую цяжка паверыць

«Мы ў эміграцыі атрымалі нечаканую дадатковую прафесію — сталі перакладчыкамі. Не з беларускай мовы на англійскую ці іншыя. А з дыктатуры на чалавечую. І гэта, напэўна, адна з самых складаных моў у свеце.» Марыя Грыц разважае пра тое, як гэта — быць амбасадаркай Беларусі і тлумачыць замежнікам асновы функцыянавання дыктатуры. Чаму людзі не вераць і як зрабіць так, каб паверылі?

MH_photo.jpg
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва

Людзі проста не могуць уявіць, што такое магчыма

Апошнім часам я ўсё часцей трапляю ў сітуацыі, калі мне даводзіцца быць амбасадаркай Беларусі. Не па прызначэнні, не па пасадзе і нават не па асаблівым жаданні. Проста так выпадае.

Прыязджаеш на міжнародны праект, сядаеш за стол з людзьмі з розных краін, пачынаеш распавядаць пра беларускую культуру, Купалле, Дзяды, Белавежскую пушчу, беларускую мову, спіс ЮНЕСКА, а праз паўгадзіны ўжо тлумачыш асновы функцыянавання дыктатуры.

І кожны раз мяне здзіўляе адно і тое ж: людзі не вераць!

Не ў тым сэнсе, што лічаць цябе падманшчыцай. Не. Яны проста не могуць уявіць, што такое магчыма.

Maryia-Hryc-Erasmus-01.jpgМарыя Грыц распавядае пра Беларусь падчас праекта Erasmus+ . Фота з асабістага архіва

На адным з праектаў Erasmus+ пасля прэзентацыі пра Беларусь да мяне падышлі ўдзельнікі і ўдзельніцы з самых розных краін свету і пачалі задаваць пытанні:

— А чаму вы проста не выбераце іншага прэзідэнта?

— А чаму не назіраеце за выбарамі?

— А чаму не звяртаецеся ў суд, калі парушаюць вашыя правы?

— А чаму не бастуеце?

І я памятаю, як стаяла пасярод залы і разумела: на кожнае з гэтых пытанняў можна прачытаць асобную лекцыю.

Але самае цікавае было не ў пэўнай наіўнасці пытанняў — самае цікавае было ў тым, што людзі задавалі іх абсалютна шчыра.

Яны спачувалі, але сапраўды не разумелі.
Не таму, што дрэнна вучылі гісторыю. А таму, што ўсё іх жыццё прайшло ў сістэме, дзе калі не працуе адзін з механізмаў, то ёсць іншы, працоўны. Дзе ёсць кнопка «скарга», на якую адкажуць. У нас жа гэтая кнопка не тое, каб ні да чаго не падлучаная... у нас дзірка ў стале замест яе.

Для іх сама ідэя таго, што літаральна ўсе механізмы могуць быць зламаныя адначасова, выглядае фантастыкай.

Erasmus-01.jpgУдзельнікі праекта Erasmus+ 

Гісторыі замест доўгіх палітычных лекцый

Мяркую, я распавядала ім пра нешта, чаго яны ніколі не бачылі і праз гэта не маглі ўкласці ў свае мадэлі існавання. Як даводзіць чалавеку, які ўсё жыццё дыхае паветрам, што пасля пэўных працэдур ён будзе дыхаць вадой і лічыць гэта прымальным.
Прыкладна так адчуваюцца гэтыя размовы.

Таму замест доўгіх палітычных лекцый я пачала распавядаць гісторыі. Распавяла пра Алеся Пушкіна, Святлану Ціханоўскую, пра студэнтаў і студэнтак, якіх выключалі з універсітэтаў; пра людзей, якія гублялі працу за свае перакананні.

Пра тое, як беларуская супольнасць ператварылася ў велізарную сетку ўзаемадапамогі, бо многія функцыі дзяржавы давялося браць на сябе.

Пра канкрэтных людзей — бо гісторыю чалавека зразумець значна прасцей, чым гісторыю сістэмы.


Гісторыі замест доўгіх палітычных лекцый. Малюнак Андруся Такінданга

Мы становімся перакладчыкамі з дыктатуры на чалавечую

Потым я доўга думала, чаму так адбываецца. І нечакана адказ прыйшоў праз серыялы. Мне запар выпала даглядзець канцоўкі «Years and Years» і «The Boys».

Там, як і ў іншых папулярных гісторыях, дыктатуру перамагаюць некалькі смелых людзей, адна яркая акцыя або нейкі эфектны фінальны жэст.

Машына прарывае плот. Гераіня здымае відэа на тэлефон і выкладае ў сеціва. Нехта выкрывае праўду. І сістэма падае, а зладзейку ў кайданках вядуць перад тэлекамерамі («Years and Years»). Альбо манціроўка ў галаве дыктатара («The Boys»).

Гэта добра працуе ў драматургіі, але вельмі дрэнна тлумачыць рэальнасць.

Бо сапраўдная дыктатура — не адзін дрэнны чалавек на вяршыні. Гэта сістэма, якая прарастае ў інстытуты, законы, суды, адукацыю, прафсаюзы, выбары і нават у тое, як людзі прывыкаюць думаць пра саміх сябе. Яна не развальваецца ад аднаго смелага ўчынку. На жаль.

Раней мяне раздражнялі гэтыя наіўныя пытанні. Цяпер — радуюць. Бо калі чалавек шчыра пытаецца: «Чаму вы проста не звярнуліся ў суд?», значыць, ён вырас у свеце, дзе суд — гэта нешта рэальнае.

Так, гэта наіўнасць, але наіўнасць чалавека, якому пашанцавала. І, можа быць, наша задача не столькі пераконваць людзей у тым, што дыктатура існуе, колькі дапамагаць ім уявіць жыццё без тых рэчаў, якія яны лічаць натуральнымі.

Бо дэмакратыя часта становіцца бачнай толькі тады, калі яе губляеш. А пакуль яна ёсць, здаецца, што інакш проста не бывае. Мы ж, беларусы і беларускі, на жаль, ведаем: бывае.

І таму мы ў эміграцыі атрымалі нечаканую дадатковую прафесію — сталі перакладчыкамі. Не з беларускай мовы на англійскую ці іншыя. А з дыктатуры на чалавечую. І гэта, напэўна, адна з самых складаных моў у свеце. Бо калі ўсё атрымліваецца, чалавек раптам разумее не толькі Беларусь. Ён ці яна пачынае больш цаніць уласную свабоду.

Праверка на тое, колькі праўды чалавек можа вытрымаць

На Фестывалі культур у Друскінінкаі каля беларускага стэнда да мяне падышла сталая жанчына. Яна слухала, што мы распавядаем пра Беларусь, пра культуру, пра людзей. А пасля раптам сказала:

— Вы развальваеце сваю краіну.

І ўсё.

Ніякіх пытанняў. Ніякай цікаўнасці. Ніякай патрэбы разабрацца. Толькі прысуд.

І тады да мяне дайшла яшчэ адна рэч.

Часам людзі не вераць у дыктатуру не таму, што дрэнна інфармаваныя і разбэшчаныя жыццём у сваіх прававых краінах. А таму, што прызнаць яе існаванне — значыць прызнаць, што свет значна менш справядлівы і лагічны, чым хацелася б.

І што няма нейкай сакрэтнай кнопкі, пасля націскання якой справядлівасць аўтаматычна пераможа. Гэта вельмі непрыемнае веданне. Магчыма, таму многія інстынктыўна ад яго абараняюцца.

Таму я ўсё менш спрабую перамагчы і пераканаць у гэтых размовах. І ўсё часцей проста расказваю гісторыі.

А паверыць ці не — гэта ўжо праверка на тое, колькі праўды чалавек можа вытрымаць.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org