Сяргей Будкін разам з Радай культуры выступіў з праграмным заклікам: «Адпусьціць Вільню, прыняць Вільнюс», піша Сяргей Дубавец на «Радыё Свабода». Маўляў, замяніць у беларускай мове беларускую назву на сучасную літоўскую. Адкуль магла ўзяцца такая ідэя і што яна значыць?
Мае дачыненьні зь Вільняй і яе жыхарамі доўжацца больш за паўстагодзьдзя — пачынаючы ад службы тут у войску, ад працы месяцамі ў бібліятэцы Акадэміі навук (там знаходзілася ўсё, што ў Менску калі й было, дык у закрытых фондах), ад той цудоўнай пары, калі мы зь сябрамі аднавілі тут «Нашу ніву», ад бясконцых размоваў зь дзядзькам Янкам Багдановічам (колішнім рэдактарам легендарнага віленскага часопіса «Шлях моладзі»), зь дзядзькам Лявонам Луцкевічам, які называў сябе старым віленчуком, зь незабыўнай пані Зояй Каўшанкай і многімі іншымі беларусамі, якія жылі тут пасьля вяртаньня з ГУЛАГу і марылі пра незалежную Беларусь. Ад незьлічоных кантактаў з маімі літоўскімі, габрэйскімі, польскімі, расейскімі тутэйшымі сябрамі і сканчаючы цяперашнім вяртаньнем сюды ў найноўшым часе.
Вільня вабіла праўдзівай беларушчынай, якую мы тут заўсёды для сябе адкрывалі, бо была яна натуральнай, дасавецкай, не сапсаванай, як у Менску, правапіснымі «рэформамі», кастрычніцкім пераваротам і русыфікацыяй. Яна і нарадзілася тут як ідэя мадэрнай беларускай нацыі ў пачатку ХІХ ст., у Віленскім унівэрсытэце. І за сто гадоў, якія ўсе былі адным нашым бясконцым паўставаньнем, высьпела тут да рэальных беларускіх інстытуцыяў, а ўрэшце і да ідэі незалежнай дзяржавы, якую адсюль, з дому на Віленскай, 33, беларусы ў 1918-м прывезьлі ў Менск.
Падкрэсьлю: беларуская ідэя нарадзілася, набрала моцы і сфармавалася тут, у Вільні, якая перад тым 500 гадоў была адзінай сталіцай для нашых продкаў. Ня ў Менску, які абвясьцілі сталіцай БНР у 1918-м, а пасьля БССР у 1919-м, ня дзе-небудзь у іншым месцы, а толькі ў Вільні.
Уладзімер Караткевіч пісаў у вершы «Багдановічу»:
Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
Не давайце сьвятыні псам!
Не давайце зь яе глуміцца,
Бо прасьпіць яна ясну зару,
Бо сьвяты ізумруд заімгліцца
У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
У 1980-я ў дарэшты русыфікаваным і расейскамоўным Менску з апрыклымі школьнымі «беларусіцамі», з камуна-савецкімі праграмамі беларускай літаратуры, у БССР, дзе беларушчыне была адведзеная дэкаратыўная роля арнамэнту на сьцягу, як было моладзі майго пакаленьня пацягнуцца да беларушчыны, да свайго нацыянальнага сакруму? Ніяк. Большасьць і не пацягнулася, засталіся «тоже русскими» пашпартнымі беларусамі.
Але, на шчасьце, была Вільня, «сьвяты ізумруд», якая захоўвала незамутнёныя скарбы беларушчыны і якая сталася для нас сапраўдным дыскавэры, натхніла, узброіла ведамі, павяла і прывяла да сваёй незалежнай краіны. Сотню вершаў і паэм беларускіх творцаў я сабраў у анталёгію «Вільня ў беларускай паэзіі», дзе няма ніводнага (!) слабога ці графаманскага твору.
Слова «Вільнюс» у беларускай мове зьявілася праз расейскую. Яно вяртае нас у тыя 1980-я гады, калі савецкая ўлада поўным ходам вяла палітыку русыфікацыі беларусаў, часткай якой было адчужэньне беларусаў і літоўцаў.
Разумею, што сёньняшняя ідэя замяніць Вільню ў беларускай мове на Вільнюс узьнікла ад жаданьня дагадзіць літоўцам за кошт самапрыніжэньня. Мае літоўскія сябры добра ведаюць, што нацыю так не захаваеш. Наадварот, страціш павагу і дачыненьні роўных. Літоўцы, між іншым, вельмі цэняць імкненьне беларусаў выяўляць сваю самабытнасьць, бо ўмеюць бачыць сытуацыю люстэркава і маюць вялікі ўласны досьвед выжываньня.
Добрага і адэкватнага, але недасьведчанага чалавека да думкі пра самапрыніжэньне штурхае канфрантацыйная сьведамасьць. На фоне таго, як нехта правакуе літоўцаў на сварку, добры чалавек пачынае запабягаць, каб згасіць полымя, каб падкрэсьліць, што ніякай шкоды ён літоўцам не нясе. Але эфэкт атрымліваецца адваротны. Бо слова «Вільня» ў беларускай мове не нясе і ня можа несьці шкоды літоўцам і літоўскай мове, наадварот, гэта «Вільнюс» у беларускай мове — маркер савецкага адчужэньня, ня больш за тое.
Мой сябра, паэт і рэдактар Вайдотас Даўніс, часьцяком паўтараў: калі ты будзеш казаць, што Вільня ваша, я буду казаць, што Менскас наш. Ад гэтых словаў цёпла было і мне, і яму. Бо Вільня сапраўды наша, а Менскас... Каб жа ён стаў літоўскім, якім і быў са спракаветных часоў, — беларускамоўным горадам Вялікага Княства Літоўскага...
Ніколі не было і няма ніякіх разумных падставаў для канфрантацыі паміж беларусамі і літоўцамі. Мы заўсёды былі разам і побач — у часы Асьветніцтва, у часы паўстаньняў супраць расейскіх падзелаў, у часы станаўленьня сучасных нацыяў і 13 студзеня 1991 году на барыкадах вакол Вярхоўнага Савету і тэлевежы ў Вільні. Кожны намёк на канфрантацыю паміж беларусамі і літоўцамі заўсёды ідзе ад недасьведчаных людзей або правакатараў з трэцяга боку.
Так, у нас дома сёньня расейская тыранія. Так, літоўцы па-братэрску прытулілі беларусаў, якім дома пагражае турма. Але што гэта за беларусы? Ці яны сапраўды носьбіты дэмакратычных каштоўнасьцяў, ці толькі робяць выгляд? Яны сьвядомыя беларусы, свабодныя людзі, дэмакраты? Тады ніякае канфрантацыі быць ня можа. Як трапна заўважыў літоўскі палітык Андрус Кубілюс: «Дэмакратыя на дэмакратыю не нападае».