У чым вінаватыя дрэвы? У Вязынцы спілавалі ўсе дрэвы вакол возера

Вязынка — адно з самых прыгожых і рамантычных месцаў пад Мінскам. Узгорыстыя мясціны, старыя дрэвы, сажалка, побач з якой адкрываецца найлепшы ракурс на сядзібны комплекс — малую радзіму Янкі Купалы, ды атрымліваюцца найбольш маляўнічыя фотаздымкі. Днямі стала вядома, што гэтыя самыя старыя дрэвы спілавалі. Здымкамі пнёў падзяліўся фатограф Валерый Вядрэнка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.


ViazynkaФота: https://www.facebook.com/valerry.vedrenko

«Ніхто і ніколі ўжо не зробіць такія здымкі ў Вязынцы...

Няма слоў, адны гукі. Ды пні», — пракаментаваў пабачанае Валерый Вядрэнка.

Viazynka

Viazynka

Viazynka
Фота: 
https://www.facebook.com/valerry.vedrenko


«Быццам кавалак сэрца вырвалі. Не ведаю, чаму, але гэтак балюча. Напэўна, таму, што я не разумею, як магла ў кагосьці падняцца рука зрабіць гэта, забіць гэтыя вербы...

<...> Няхай вам штоноч сняцца гэтыя дрэвы над цёмнай вадой. Няхай хаця б трошкі прыйдзе разуменне і шкадаванне пра страшнае, зробленае вамі, — забойства прыгажосці», — напісала Кацярына Ваданосава ў сваіх сацсетках.

Kaciaryna Vadanosava

Вёска Вязынка знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Тут, у колішнім фальварку суддзі Мінскага губернскага суда Валенція Замбажыцкага, у які вясной 1881 года пераехала сям’я Луцэвічаў, 7 ліпеня 1882 года нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, якога большасць ведае як Янку Купалу.

Сядзіба і некалькі гаспадарчых пабудоваў, што ўваходзілі ў комплекс, адноўлены на арыгінальных падмурках. Сёння тут месціцца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны запаведнік імя Янкі Купалы, на тэрыторыі якога ладзіцца шмат цікавых імпрэзаў. Такіх як, напрыклад, «Гуканне вясны» , якое святкуецца там кожны год.