Фотафакт: у Мінску заўважылі гадзюку. Ядавітая рэптылія абрала месцам жыхарства Дразды

На сайце inaturalist.org, дзе карыстальнікі выкладваюць фота і відэа жывой прыроды, 10 чэрвеня зʼявілася публікацыя са звычайнай гадзюкай (Vipera berus) — адзіным у Беларусі відам ядавітых змеяў.


001.jpeg

Гадзюка паўзла па сваіх змяіных справах па парку «Дразды». Пазнаць яе і адрозніць ад іншых беларускіх змеяў лёгка па зігзагападобнаму малюнку на спіне. А вось афарбоўка вельмі варыятыўная — ад светла-карычневага колеру як на фота да цалкам чорных асобін. Але часцей за ўсё сустракаюцца гадзюкі шэрага колеру.

002.jpeg

Як правіла, укусы гадзюкай адбываюцца з-за неасцярожнасці і няўважлівасці чалавека. Трэба разумець, што змяя сама баіцца чалавека і спачатку звычайна папярэджвае перад укусам шыпеннем. У выпадку ўкусу атручванне суправаджаецца галавакружэннем, ванітаваннем, пагаршэннем работы сэрца, рэдка — стратай прытомнасці.

003.jpeg

Смяротныя выпадкі — вельмі рэдкая зʼява. Пры ўкусе гадзюкай пацярпелага неабходна даставіць як мага хутчэй у бліжэйшы медычны пункт, дзе яму будзе ўведзена сыроватка. Калі гэта часова немагчыма, то пацярпеламу неабходны поўны спакой. Лепш пакласці яго і даваць шмат вадкасці — вады ці гарбаты.