Алесь Кіркевіч разважае на budzma.org пра тыя выклікі, з якімі сутыкнулася беларускае грамадства ў час пандэміі
Сяброўка ў facebook робіць пост: шмат мёртвых птушак у Мінску. Адна, дзве, тры... божа! Раней такога не было. Чытаю каменты: «канец свету блізка», «апакаліпсіс», «вірус» і г. д. Голас розуму ў кароткай рэпліцы «Вы проста ў мінулым годзе не звярталі ўвагі» хутка патанае ў алармічных каментарах. Такая яна, пандэмія ў часы лічбы і татальнага хайпу.
Вельмі спадзяюся, што калі ўсе радасці вакол віруса скончацца і людзі зноў зоймуцца сваімі справамі, то з’явяцца сацыялагічныя даследаванні разумных дзядзяў і цёцяў, якія і распавядуць нам, што адбылося.
Не, не пра пангалінаў і кажаноў з кітайскіх рынкаў, а пра нас з вамі ды нашых суседзяў. Пра ўсіх, хто крычаў, шаптаў, кашляў, «стэй-эт-хоўміў», фатаграфаваўся ў моднай масцы, а пасля адкладаў яе ў бок ды скакаў у метро.
Праўда, што мы бачым? Ёсць вірус, пра які ўжо шмат што вядома, але шмат што зусім невядома. Ёсць каранцін у вялікай колькасці краінаў, але не ў нас. Ёсць шмат фота і відэа з лекарамі, касцюмамі хімабароны, лякарнямі ды выпадковымі памяшканнямі, якія ад сёння — лякарні. Чалавек, здаецца, усё ведае, але нічога не разумее.
Я не медык, не вірусолаг, у школе прагульваў хімію з біялогіяй. Таму не магу аўтарытэтна сказаць, якія маскі трэба купляць і ці трэба дзвярную ручку націраць гарэлкай.
Я не эканаміст, не прыватны прадпрымальнік. Таму не магу меркаваць, колькі сваіх кампаніяў за бесцань нібыта выкупіў «пад шумок» Кітай, як скачуць акцыі, ці ёсць у Беларусі дастаткова грошай, каб зрабіць «годны каранцін» з выплатамі і кампенсацыямі.
Я не канспіролаг, не маю «зліваў» ад «сусветнай закулісы». Таму не скажу, каму менавіта ўсё гэта выгадна, хто ўзначаліць Сусветны штаб абароны ад віруса і Сусветны ўрад, якога чысла мае даць першае інтэрв’ю CNN доўгачаканы Антыхрыст.
Не вірусолаг, не эканаміст, не канспіролаг. Як і большасць з нас.
З таго, што бачыцца няўзброеным вокам, можна зрабіць выснову: свет зменіцца. Ужо змяніўся. Моцна.
Маё пакаленне, народжанае пасля «жалезнай заслоны», не ведала, што такое закрытыя межы. Не ведала, што можна не паехаць у Польшчу ці Літву, проста купіўшы квіток, маючы візу. Не ведаючы, калі такая аказія наогул з’явіцца ў найбліжэйшай перспектыве.
Маё пакаленне не ведала, што можна запасацца грэчкай і туалетнай паперай. Так, пасля распаду саўка былі чэргі, кілаграм цукру на рукі, рублі з вавёркамі. Але каб так вось сур’ёзна задумвацца над тым, як больш удала запакаваць падвал доўгатрывалымі харчамі, — дык не.
Маё пакаленне, а тым больш пакаленне «міленіялаў», хлопчыкі і дзяўчаты, якія толькі распраўляюць крылы, мала сутыкалася са злыбедамі. Ну, цэны высокія. Навучанне і праца. Улада «не тая». Сядзець тут ці з’ехаць у Прагу? А цяпер ужо і з’ехаць няма куды, а ў СМІ — адны картэжы з трунамі.
Свет нібы падзяліўся, як пісаў Някляеў, на «давірусны» і «поствірусны». Магчыма, праз гады людзі будуць згадваць падзеі з рэмаркай: «Гэта яшчэ да віруса было!», як нашы бацькі і дзяды казалі «гэта было да рэвалюцыі» ці «да вайны».
Вядома, мы з гэтага выкараскаемся. Вядома, станем іншымі. Магчыма, нашмат больш індывідуалістычнымі, бо пагроза пандэміі — гэта «кожны сам за сябе». Краіны Еўропы, хіба ўпершыню пасля Другой сусветнай і росту ЕС за кошт былога Варшаўскага блоку, закрылі межы паміж сабою.
Асаблівасцямі нашага свету, здаецца, толькі нядаўна сталі няспынная камунікацыя, падарожжы, адкрытасць і бязмежнасць, а тут на табе! Застаецца гартаць старыя фота з Барселоны ды глядзець National Geographic (пакуль інтэрнэт не адключылі).
Вакол ужо жартуюць, што калі справы пойдуць кепска, то замест прывілеяванага ІТшніка новым «героем нашага часу» стане фермер з Расонаў. Бо ён і трактар мае, і поўныя падвалы бульбы, і сядзібу далёка ад ачагоў пандэміі.
Нібы ў «Шалёным Максе», трактарныя караваны мужыкоў у масках, якія хаваюць нястачу зубоў і шчацінне, будуць прыязджаць у напалову апусцелую і галодную сталіцу, каб набраць нявольніц ды выменяць салярку на сала з буракамі...
Калі сур’ёзна, то сітуацыя з вірусам ды эканомікай, якія шчыльна спляліся ў клубок, — гэта сур’ёзны тэст для кожнага з нас. Тэст на тое, каб застацца людзьмі. Мажліва, тэст на тое, каб урэшце стацца нацыяй.
Няўзброеным вокам можна ўбачыць, апроч індывідуалізму, як па ўсім свеце людзі падтрымліваюць адно аднаго.
Недзе на дзяржаўным узроўні: нямецкі ўрад вылучыць 50 мільярдаў еўра на дапамогу мастакам ды прадстаўнікам крэатыўных індустрый. Недзе на прыватным: Галіна Юзэфовіч прапанавала падтрымліваць невялікія кніжныя праекты і выдавецтвы.
Памятайце, што побач з намі, сярод нашых сяброў — шмат прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Кавярні, кнігарні, сувенірныя крамы і г. д. Без нашых набыткаў гэтыя дробныя бізнесы проста «загнуцца». Назапашвальнікі грэчкі ды туалетнай паперы наўрад ці, тым больш цяпер, будуць у іх нешта купляць.
Бярыце тую каву з сабою, калі не хочаце сядзець у памяшканні. Замаўляйце кнігі і сувеніры праз інтэрнэт, калі баіцеся выходзіць на вуліцу. Проста купляйце хоць нешта!
Тут вы атрымліваеце тавар, гаспадар — грошык на арэнду і падаткі, ягоны прадавец ці барыста — капейчыну, каб аплаціць кватэру. Як на мяне, гэта лепш, чым пералічваць грошы немаведама куды (асабліва калі не ведаеце дакладна, на што яны пойдуць і ці дойдуць да адрасата). Лепш, чым крычаць пра каранцін без аніякай гарантыі, што дзяржава некаму нешта кампенсуе...
Інакш свет проста спыніцца, як у папулярным навуковым фільме, дзе зямная куля перастала круціцца. Грошы — гэта энергія, якой вы можаце падзяліцца, нават седзячы дома.
Карысці будзе дакладна болей, чым ад чарговага алармісцкага поста, якім вы перапужаеце саміх сябе і распаўсюдзіце заразу, страшнейшую за любы вірус. Імя гэтай заразы — банальны страх.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!