«Нас называлі праклятым народам». Руслан Кулевіч пра апошнюю кнігу ўспамінаў сталых гродзенцаў і параўнанне іх лёсаў з нашым

У цэнтры Людвіка Заменгофа ў Беластоку 19 верасня адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў сталых гродзенцаў пра 1920–1940-я гады «Апошнія сведкі». «Будзьма Беларусамі» паразмаўляла з яе аўтарам Русланам Кулевічам пра працу над новай кнігай і самыя захапляльныя гісторыі з новай кнігі.

Ruslan Kulievič

Гродзенскі журналіст і аўтар кніг з успамінамі сталых гродзенцаў Руслан Кулевіч пачаў збіраць гісторыі ў 2016 годзе. У той час ён пісаў на спартовыя тэмы, «і аднойчы нейкі чалавек мне параіў схадзіць да аднаго старажыла, які хоча распавесці пра даваенны спорт у Гродне. Ну і я прыйшоў».

Мужчына распавёў журналісту пра спартовыя каманды ў міжваенным Гродне, пра жыццё ў горадзе і яўрэйскі пагром у 1930-х гадах. «Жыццёвыя гісторыі мне так спадабаліся, што мяне гэта натхніла запісваць гісторыі старажылаў далей», — кажа Руслан. Таксама на збор гісторый журналіста натхніла прэзентацыя кнігі гродзенскіх гісторыкаў Андрэя Вашкевіча і Віктара Саяпіна «На гродзенскім бруку».

Папярэднія кнігі куплялі амапаўцы

У 2018 годзе Руслан выдаў першую кнігу «Горад адзін, успаміны розныя». «Яна была паспяховая. Вельмі шмат людзей цікавілася гісторыяй. Мы сабралі грошы на выданне праз краўдфандынг. Я паглядзеў, што ёсць попыт. Людзі прыходзілі, распавядалі, прыносілі фотаздымкі», — распавёў журналіст.

У выніку Руслан зразумеў, што трэба працягваць справу, і ў 2019 годзе выйшла другая кніга — «Гісторыі з гродзенскіх вуліц».

Журналіста запрашалі з прэзентацыяй кнігі ў школы і ўніверсітэты. «Амапаўцы куплялі мае кнігі. Адзін амапавец патэлефанаваў мне і папрасіў прывезці кнігу, бо быў у нарадзе і не мог пакінуць частку. Я яму прывёз кнігу, а ён распавёў, што зацікавіўся кнігай, бо сам у падлеткавым узросце збіраў успаміны жыхароў у сваёй вёсцы».

Ruslan Kulievič

«Калі я пастаўлю тормаз, то ніхто не будзе ведаць гэтых гісторый»

Пасля першых дзвюх кніг Руслан паставіў сабе мэту выпусціць яшчэ трэцюю частку. 

«Я разумеў, што гэтыя людзі яшчэ ёсць. Яны ідуць да мяне, распавядаюць гісторыі, цікавяцца, прыносяць фотаздымкі, і трэба працягваць. Бо калі я пастаўлю тормаз, то ніхто не будзе ведаць гэтых гісторый, не бачыць гэтых фотаздымкаў», — падзяліўся Руслан.

— Героі, якія прыходзілі на прэзентацыі кніг, казалі: «Пра нас ніхто не ведаў, а ён зрабіў з нас герояў». Бо гэта сапраўды звычайныя людзі, якія жылі, працавалі на фабрыках і заводах. Пра іх ніхто не ведаў, бо ў асноўным усе запісвалі [гісторыі — Budzma.org] ветэранаў вайны».

Паводле слоў журналіста, гэта людзі, якія жылі ў Гродне падчас розных уладаў: палякаў, саветаў, немцаў. Іх амаль ніхто не запісваў у той час, як яны паказваюць, як улада змянялася.

Асноўную частку гісторый сабраў яшчэ ў Беларусі

Праца над трэцяй кнігай расцягнулася на пяць гадоў. Збіраць успаміны для новага выдання Руслан пачаў яшчэ ў 2020 годзе. «Аднак вымушаная эміграцыя прыпыніла працу на нявызначаны час. Спачатку быў выезд у Латвію, потым у Польшчу». Толькі праз два гады журналіст змог вярнуцца да працы над кнігай, якую планаваў выдаць яшчэ ў Гродне.

Асноўную частку гісторый для новай кнігі Руслан запісаў яшчэ ў Беларусі. Яшчэ частку — у Польшчы. Гэта гісторыі рэпатрыянтаў, якія нарадзіліся ў Гродне, іх дзяцінства прайшло ў Гродне, але пасля Другой сусветнай вайны з’ехалі ў Польшчу. «Я шукаў па розных гарадах. Хтосьці нават у Facebook пісаў, што вось мая бабуля жыве ў Шчытна ці ў Варшаве і можна прыехаць. Я ездзіў, запісваў».

Агулам у новай кнізе 23 гісторыі. Паводле слоў Руслана, штосьці не ўвайшло, бо не атрымалася расшыфраваць аўдыязапіс ці было мала інфармацыі.

Ruslan Kulievič. Kniha

«Нас называлі праклятым народам»

«Гэта падобныя гісторыі. Яны з’язджалі, а праз 80 гадоў мы з’язджалі. Гэта ўсё паўтараецца. І яны казалі, што калі прыехалі, яны былі такія ж, як мы — эмігранты. Яны быццам бы і палякі, але чужыя», — сказаў Руслан. — Адна гераіня сказала так: «Нас называлі праклятым народам. Калі прыехалі ў Польшчу, быццам бы яны таксама размаўляюць па-польску, але польская мова была іншая ў Гродне».

У высылку дзіця вывозілі ў чамадане

Адна з самых захапляльных гісторый, паводле Руслана, — тая, якую журналіст запісаў апошняй летам 2025 года. «Кніга была амаль скончаная, але мне напісалі на пошту, што ў Беласток прыедуць нашчадкі былога прэзідэнта Гродна Эдуарда Стэмпнеўскага».

У Беласток прыехаў яго ўнук Эндру Стэмпнеўскі, якога ў 1939 годзе з Гродна вывозілі ў чамадане. 

«Ён расказаў дзіўную гісторыю. Яго дзед быў прэзідэнтам Гродна, у іх была заможная сям’я, але калі прыйшла савецкая ўлада, то бацька і дзед зніклі. А яго маці разам з ім выслалі ў Казахстан. Маці настолькі баялася, што ў яе забяруць сына, што дала яму лекі, каб ён заснуў, і ў чамадане везла ў высылку».

Паводле слоў Руслана, пасля высылкі ў Казахстан Стэмпнеўскі далучыўся да арміі Андэрса і праз Палестыну, Афрыку апынуўся ў Англіі, а адтуль пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі.

«Гэта вельмі класная гісторыя, якая паказвае, у якім стане апынуліся гродзенцы ў тыя часы».

Ruslan Kulievič

«Вайна — гэта трагедыя, якая разбурае сем’і»

Другі эпізод з кнігі, які пераказаў Руслан, — гісторыя Яніны Зэмбы, якую журналісту распавёў яе сын.

«Гэта жанчына, якая сёння жыве ў Расіі. Так атрымалася, што калі пачалася Другая сусветная вайна, яна разам з маці, якая ў 1930-х гадах грала на аргане ў Фарным касцёле, паехалі ў вёску побач з Гродна, дзе і хаваліся. Але яе маці ў выніку выслалі ў Германію на працу, а дзяўчына засталася з цёткай і мужыком, у якіх яны хаваліся», — сказаў журналіст. — Яе маці высылала пасылкі, пісала, што прыедзе і забярэ яе. Але, калі вайна скончылася і за дзяўчынкай прыехала сястра маці, то яе проста не аддалі. І гэтая жанчына ўсё жыццё шукала нейкую зачэпку, каб знайсці сваю маці».

Паводле слоў Руслана, гэтая гісторыя цікавая тым, што паказвае: вайна — гэта трагедыя, якая разбурае сем’і. «Дачка чакала сваю маці, але не дачакалася. Больш ніколі не ўбачыліся».

«Зараз я маю такую функцыю правадніка»

Трэцяя гісторыя, якой падзяліўся Руслан, — расповед жыхара Беластока Генрыха Усцілы.

«Мне сказалі, што ў Беластоку жыве пан, які добра памятае Гродна і можа штосьці распавесці. Ён прыйшоў да нас у офіс, пачаў расказваць гісторыю, што нарадзіўся і жыў у Пярэселцы [у міжваенны перыяд — вёска побач з Гродна, сёння адзін з мікрараёнаў горада — Budzma.org]. Я спытаў, а каго вы памятаеце з Пярэселкі, а ён адказаў, што сям’ю Эйсмантаў, якія жылі насупраць».

Руслан паведаміў мужчыну, што яшчэ ў Гродне запісваў для гэтай жа кнігі гісторыю 100-гадовай Марыі Эйсмант. «Я вырашыў патэлефанаваць гэтай жанчыне ў Гродна і спытаць, ці яна памятае Эйсмантаў, на што яна адказала: «Так, канешне, гэта мае суседзі». І я ім зрабіў такі мост. Яны адзін з адным павіталіся, — распавядае Руслан. — 

І гэта так класна атрымалася, што пасля Другой сусветнай вайны чалавек не прыязджаў у Гродна, але памятаваў сваю суседку і як сябраваў з яе братамі. А дзякуючы маёй працы яны праз шмат гадоў стэлефанаваліся і памятавалі адзін аднаго. Таму зараз я маю такую функцыю правадніка».

Ruslan Kulievič

На прэзентацыі можна будзе набыць усе тры кнігі

Дату прэзентацыі кнігі абралі не выпадкова. 19 верасня — дзень абароны Гродна ад савецкіх войскаў у 1939 годзе. Там можна будзе набыць не толькі новую кнігу, але і папярэднія дзве.

«Шмат хто цікавіўся першай і другой часткай, і мы вырашылі перавыдаць кнігі. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца зрабіць так, каб кнігі былі даступныя для чытачоў. Папярэдне плануецца, што тры кнігі разам будуць каштаваць 100 злотых», — сказаў Руслан.

Таксама аўтар хоча, каб кніга была даступна для чытачоў у Беларусі. Таму ў дзень прэзентацыі яе электронны варыянт апублікуюць на сайце Kamunikat. А ў будучыні Руслан Кулевіч плануе перакласці кнігі на польскую мову, каб яны былі даступныя і для польскай аўдыторыі.

«Мне пашанцавала паспець»

Паводле слоў Руслана, гэтай кнігай ён ставіць кропку ў зборы ўспамінаў 1920–1940-х гг. 

«Восем гадоў я запісваў каля 100 гісторый гродзенскіх старажылаў і сабраў некалькі соцень архіўных фотаздымкаў. Такую працу, магчыма, больш ніхто не зможа паўтарыць. Таму што яна асабліва складаная, шматлікіх людзей ужо няма з намі. Мне пашанцавала паспець і зараз я хачу падзяліцца гэтымі гісторыямі з людзьмі».