Як Вітаўт ардынцаў у Беларусь завёз Чым татары дапамаглі даследчыкам даведацца пра беларусаў, якія стравы прынеслі ў нашу кухню і навошта ім спатрэбілася пераязджаць у Беларусь. Расказваем гісторыю з’яўлення нашчадкаў Залатой Арды на нашай зямлі.
Чаму «літоўскія татары» зусім не «літоўскія»
Часам давозіцца чуць менавіта тэрмін «літоўскія татары». Аднак гэта хутчэй гістарычнае вызначэнне.
Літоўскія (ці беларускія) татары склаліся як народнасць у XIV–XV стст. у перыяд існавання Залатой Арды і ў непрацяглы час пасля яе распаду. Асаблівасць іх фармавання палягала ў тым, што сканцэнтравалася гэтая народнасць на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Этнічны сцяг беларускіх татар
Найстаражытнейшыя паселішчы татараў на тэрыторыі сучаснай Польшчы ўтварыліся таксама ў выніку перасялення татараў з Вялікага Княства Літоўскага. Таму агульнай назвай для гэтага народа стаў тэрмін «літоўскія татары». Гэтым тэрмінам і зараз карыстаюцца гісторыкі і этнографы.
На пачатку XIV–XV стст. Залатую Арду аслаблялі шматлікія дынастычныя войны. Гэта і стала адной з прычын з’яўлення значнай колькасці татарскіх перасяленцаў у Беларусі.
Як Арда з Руссю пасварылася
Пасля 1380 года магутны ўладальнік Сярэдняй Азіі Цімур прызначыў кіраўніком Залатой Арды Тахтамыша. Спачатку той дастаткова мірна суіснаваў з Дзмітрыем Данскім, які перамог на Куліковым полі саперніка Тахтамыша — цямніка Мамая.
Аднак канфлікт паміж Руссю і Ардой не згас, і ў 1382 годзе Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву.
Надмернае яго ўзвышэнне разгневала Цімура, і 14 сакавіка 1395 г. войскі Цімура разбілі Тахтамыша. Арабскі гісторык Шэрэф ад Дын Едзі ў сваёй «Кнізе перамог» піша:
«...Тахтамыш кінуў ханства, дом, усё, што меў, і, ратуючы сваё жыццё, з некалькімі людзьмі ўцёк у бок Булара (Польшчы), у лясную мясцовасць».
Войскі Цімура дайшлі да памежных земляў Русі і спустошылі ўсе улусы верных Тахтамышу царэвічаў і эміраў. Далей лёс Тахтамыша ўжо вядомы з заходніх, літоўскіх, польскіх і іншых крыніц.
Крымскі здабытак Вітаўта з Тахтамышам
Нягледзячы на паражэнне, Тахтамыш не адмовіўся ад ханскага тытула (Цімур пасадзіў на трон Цімур-Кутлуга), шукаў саюзнікаў. Зацікаўленым і надзейным саюзнікам мог стаць вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Тахтамыш быў прыязна прыняты Вітаўтам і паселены разам з яго прыдворнымі ў г. Ліда (Беларусь). Тут ён жыў у сядзібе, якую ў народзе доўга называлі Тахтамышавым дваром.
Вітаўт адразу ацаніў новыя магчымасці, якія ўзніклі са з’яўленнем у яго дзяржаве былога ардынскага ўладара, які шукаў дапамогі, каб вярнуць сабе ханскі тытул. У 1397 і 1398 гадах Вітаўт зрабіў два паходы на Дон і Крым. У іх удзельнічаў і Тахтамыш з дружынай.
Ардынскі вершнік ХV ст. у ВКЛ
З гэтых паходаў Вітаўт вярнуўся ў Вільню са значнай колькасцю татараў — з сем’ямі, быдлам, хатнім начыннем. Пазней некаторыя гісторыкі, у тым ліку Ян Длугаш, пераселеных татараў назвалі ваеннапалоннымі.
У 1397 годзе Ян Длугаш піша:
«Вітаўт рушыў супраць татараў... прайшоў Дон... у наваколлях Волгі разграміў татараў з назвай Арда і шмат татараў з жонкамі і дзецьмі і статкамі жывёлы ўзяў у палон і прывёў у Літву. Палову іх ён адаслаў у гонар перамогі каралю Уладзіславу, польскім біскупам, абатам і панам, а палову пакінуў сабе. У Польшчы палонных ахрысцілі, і ў выніку змешаных шлюбаў татары сталі адным народам з палякамі. Інакш было ў Літве, дзе Вітаўт пасяліў татараў у вёсках, і яны сваімі звычаямі жывуць і захоўваюць сваю веру».
Звесткі аб пераможным паходзе Вітаўта на Волгу і ў Крым прапануе толькі Ян Длугаш, які нарадзіўся пасля згаданых падзей. Нідзе больш пра гэта не ўзгадваецца.
Бо насамрэч чаму татары прыйшлі ў Беларуска-Літоўскую дзяржаву?
Хутчэй за ўсё таму, што Тахтамыша, які ўдзельнічаў у гэтым паходзе, яны ўсё яшчэ лічылі ханам Залатой Арды, чынгізідам. Вось за ім — за сваім законным кіраўніком — і пайшлі татары з сем’ямі і маёмасцю ў новыя месцы, дзе ім абяцалі зямлю і свабоднае вызнанне мусульманскай веры.
Згодна з татарскай традыцыяй, літоўскія (беларускія) татары самі сябе ніколі не лічылі ваеннапалоннымі Вітаўта, таму і ахвотна служылі свайму беламу хану — Вітаўту, якога называлі Ватад. Татары, якія мелі статус шляхты, захавалі яго і ў ВКЛ, але яны не мелі спачатку тых палітычных правоў, што мела беларуска-літоўская шляхта. Тэрытарыяльнай адміністрацыйна-падатковай адзінкай татарскай абшчыны была харугва, якой кіраваў улан (князь).
С цягам часу татарская знаць здолела ўліцца ў шляхецкае саслоўе Вялікага княства, дзе нават заснавала свае ўласныя магнацкія рады. Так, добра вядомы род Глінскіх меў ардынскае паходжанне.
Герб рода Глінскіх з татарскай тамгой у цэнтры. Фота з сайту Gerbovnik.ru
Асноўным заняткам татар у беларуска-літоўскай дзяржаве была вайсковая служба. І яны рабілі гэта настолькі паспяхова, што былі нават вызвалены ад выплаты падаткаў. Найбольш вядомую перамогу ў складзе войскаў ВКЛ татары атрымалі ў бітве пры Грунвальдзе, дзе лёгкая конніца Тахтамыша даволі адчувальна патрапала ордэнскіх рыцараў.
Вернымі сваёй новай Айчыне засталіся беларускія татары нават праз стагоддзі. Яны ўдзельнічалі ў паўстаннях 1794, 1831 і 1863–1864 гг. Вядома, што падчас вайны 1812 года ў гвардыі Напалеона быў сфарміраваны цэлы эскадрон літоўскіх татар пад камандаваннем Мустафы Мірзы Ахматовіча.
Я. Хельмінскі. Літоўскія татары ў напалеонаўскай арміі з чырвона-белымі польскімі сцягамі. Фота з сайту wikimedia.org
Беларуская кухня з усходнім каларытам
Татарская культура на працягу стагоддзяў пранікала і ў беларускі побыт. Рэцэпты татарскіх страў былі вядомы беларусам з даўніх часоў, сказваліся частыя паходы літвінаў у землі Залатой Арды. З пачаткам аседлага жыцця татараў у ВКЛ нашы продкі пачалі пераймаць некаторыя стравы сваіх былых ворагаў.
Характэрнай асаблівасцю татарскай кухні было больш частае ў параўнанні з карэнным насельніцтвам ужыванне мяса. Гэта была даніна векавым традыцыям качавой жывёлагадоўлі, калі конь з’яўляўся для качэўнікаў не толькі баявым таварышам на вайне, але часта і галоўнай крыніцай ежы.
Праўда, беларускія татары даволі хутка адмовіліся ад ужывання каніны. Хутчэй за ўсё з-за немагчымасці разводзіць вялікія табуны на лясістай тэрыторыі сваёй новай Радзімы. Яны ўжывалі бараніну, гусяціну, ялавічыну. Як мусульмане-суніты адмаўляліся есці свініну.
Мяркуючы па ўсім, цюркска-татарскае паходжанне мае такая, здавалася б, цалкам беларуская страва, як калдуны (кундумы). Іх рабілі ў выглядзе круглых ці авальных піражкоў і елі з дапамогай лыжкі. Шырока вядомы быў цыбульнік — пірог з начынкай з дробна пасечанага мяса і цыбулі.
Традыцыйнай стравай нацыянальнай татарскай кухні з’яўляецца таксама перакачаўнік — пірог з вялікай колькасці пластоў тонка раскачанага цеста без дрожджаў, дзе на кожны пласт клалі начынку з мяса, цыбулі і сырога тлушчу. Пад назвай Пшэкладанец гэтая страва ўнесеная ў спіс традыцыйных страў польскай кухні, які вядзе Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы.
Пра беляшы і чабурэкі можна нават не казаць.
Кітабы, ці беларуская мова арабскай вяззю
Знакамітым феноменам культуры беларускіх татараў сталі т. зв. кітабы. Гэта кнігі, напісаныя арабскім пісьмом, змест якіх складаўся з, здавалася б, цалкам звычайных для ўсіх мусульман тэкстаў: цытаты з Карана, выказванні прарока Мухамеда і гэтак далей. Але галоўнай адметнасцю кітабаў стала іх мова. Беларускія татары пісалі свае кнігі па-беларуску. І, што цікава, мова кітабаў была нават больш блізкай да народнай беларускай мовы, чым мова тагачасных афіцыйных дакументаў.
Кітаб. Другая палова XVIII cт. Папера, рукапiс. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi. Фота з сайту Wikiwand.com
Вывучэннем кітабаў займаліся такія славутыя навукоўцы, як Яфім Карскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч ды іншыя.
Нашчадкі Тахтамыша
Сёння татары жывуць пераважна на захадзе Беларусі. Цэнтрамі татарскай дыяспары сталі Наваградак, Слонім і, асабліва, Іўе, які носіць назву неафіцыйнай сталіцы беларускіх татар і дзе захавалася адзіная ў Беларусі драўляная мячэць.
Мячэць у Іўі. Фота за сайта: vje.gov.by
Мячэць у Наваградку. Фота з сайту wikimedia.org
Зараз татары мала ў чым адрозніваюцца ад сваіх суседзяў па гарадах і вёсках. Ідзе працэс павольнай асіміляцыі татарскага насельніцтва. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, татарскі народ намагаецца захаваць сваю ідэнтычнасць і перадаць сваю культуру і гістарычную памяць наступным пакаленням.
Хто ведае, можа і зараз дзе-небудзь на Навагрудчыне жывуць нашчадкі Тахтамыша ці апошняга хана Паволжскай арды Шэйх-Ахмеда?
Генрык Сенкевіч. Нашчадак беларускіх татар. Фота з сайту Goodreads.com
Ілля Дняпроўскі, budzma.org