“Воі прагнуць волі”: Дзень перамогі па-беларуску на Астравеччыне і Вілейшчыне

Паэтычна-песеннае трыё ў складзе Таццяны і Адася Матафонавых і Міхася Скоблы 9 траўня выступіў у вёсках Варняны (Астравецкі р-н) і Заброддзе (Вілейшчына). Варнянцы прымалі гасцей проста на местачковай плошчы, дзе была густоўна, у нацыянальных колерах, аздобленая сцэна.

Цёплае, сонечнае надвор’е спрыяла і выступоўцам, і гледачам, якіх сабралася каля сотні чалавек. Міхась Скобла прысвячаў вершы ўзнёсламу Варнянскаму касцёлу, расказваў пра беларускага ваяра Давыда Гарадзенскага, які за сваё жыццё не прайграў аніводнай бітвы. Таццяна Матафонава паланіла варнянцаў віртуозным выкананнем “Паланеза Агінскага”, а самы малады ўдзельнік трыё Адась праспяваў для сваіх равеснікаў песню “Школьны званок”. Другая імпрэза адбылася ў лясным урочышчы каля вёскі Заброддзе Вілейскага раёна, дзе знаходзіцца музей І Сусветнай вайны. Там менскіх гасцей слухалі каля 50 чалавек, а па заканчэнні сустрэчы гаспадары пачаставалі іх смачнай кашай з паходнай кухні. Арганізатаркі імпрэзаў Мая Ляшчэўская і Валянціна Цітовіч атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” памятныя падарункі.